Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне Свабоды: Беларусы і аборты


Галіна Жарко, Менск Беларускае грамадзтва – на мяжы выжываньня. Разьлікі паказваюць, што калі будзе захоўвацца такая прапорцыя: у дзьвюх жанчын нараджаецца трое дзяцей, дык насельніцтва Беларусі праз 50 гадоў скароціцца ўдвая. Але дзьве беларускі ў сярэднім цяпер не нараджаюць нават і траіх дзяцей. Між тым, як і ў савецкія часы, Беларусь адносіцца да краінаў з высокай колькасьцю абортаў. І праблема абортаў мае значна больш шырокі аспэкт, чым дэмаграфічны.

На кароткі момант у дзяцінстве актуальным робіцца пытаньне “адкуль бяруцца дзеці?”, адказаць на якое ўсё ж лягчэй, чым на такія пэрліны дзіцячай сьвядомасьці: “А дзе я быў, калі мяне не было?”, “А куды я падзенуся пасьля сьмерці?” Застаецца, хіба, пазайздросьціць вернікам. Пісьменьнік Алесь Адамовіч занатаваў ідэю малой дачкі, яна падсумавала блытаныя тлумачэньні так: “Гэта як кіно. Спачатку адны паглядзелі, потым – другія”.

Паглядзець кавалак бясконцага сэрыялу “жыцьцё”, як і ў кіно, пускаюць ня ўсіх жадаючых. Але досыць лірыкі...

Дзьве траціны ўсіх цяжарнасьцяў у сьвеце завяршаецца абортам.

Хоць за апошнія 10 гадоў колькасьць абортаў зьнізілася амаль удвая, Беларусь застаецца ў шэрагу краін з высокім узроўнем абортаў. (На 1000 жанчын у веку 15-49 гадоў прыпадае 34 аборты).

Ці існуе тут для беларускага грамадзтва праблема?

Пачнём з псыхолягаў. Можа быць людзі зьвяртаюцца да іх па дапамогу ў сваіх ваганьнях пра аборт – пра спыненьне жыцьця? Псыхоляг “гарачай лініі” Менскага цэнтра псыхалягічнай дапамогі сям’і нават разгубілася.

(Псыхоляг: ) “Нават ня ведаю... Не сутыкаліся мы з такой праблемай. Калі трэба зрабіць аборт, да нас не зьвярталіся. Пакуль я працую, не”.

Пытаньне “як беларускае грамадзтва ставіцца да абортаў?” азадачыла і філёзафа Валянціна Акудовіча.

(Акудовіч: ) “Ніколі пра гэта ня думаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але тэма вартая?”

(Акудовіч: ) “Канечне. Мы павінныя яе для сябе паставіць. Прынамсі тыя, хто бачыць сябе эўрапейцамі і ў кантэксьце Эўропы. Мы павінныя будзем вызначыцца. Менавіта грамадзтва. Ня кожны асабіста. Гэта ўвогуле не дэмаграфічная праблема”.

У разьвітых краінах, дзе абортаў робіцца значна меней, праблема абортаў зьяўляецца адной з самых вострых тэмаў палітычных дэбатаў.

Тысячы людзей выходзяць на вуліцы ў падтрымку “права на выбар”. Права на аборт, гэта права на выбар. Ініцыятарам аднаго з такіх шэсьцяў стала сэнатар Гілары Клінтан. Рэакцыю выклікала палітыка Джорджа Буша, перакананага абаронцы “права ненароджаных на жыцьцё”, які ўхваліў перагляд прынятай у 1973 годзе пастановы Вярхоўнага суду аб легалізацыі абортаў. Згодна з нядаўна падпісаным “Законам Лэйсі і Конара”, забойства цяжарнай жанчыны прыраўноўваецца да падвойнага забойства. Прэцэдэнт, калі сьмерць зародка роўная забойству чалавека, можа быць падставай для абмежаваньняў на перарываньне цяжарнасьці.

Чаму немагчыма ўявіць сабе дыскусіі на гэту тэму ў Беларусі? Паводле Людмілы Пецінай...

(Пеціна: ) “У Беларусі і ў іншых былых савецкіх краінах склалася абортная культура”.

“Няма чалавека, няма праблемы” – словы Сталіна – унівэрсальны прынцып генацыду. Дык і гаварыць няма пра што. Зрэшты, гаворка пра аборты вядзецца. Паводле савецкай традыцыі – на кухні, у бальнічнай палаце...

(Тацяна: ) “Жанчына паступіла ў нашую палату. І доктарка пытаецца: “У вас дзеці ёсьць?” “Ёсьць”. Вы хто па адукацыі?”. “Настаўніца”. “Грошай многа зарабляеце?” “Нямнога”. “Муж многа зарабляе?” “Нямнога”. “Дык навошта вам другое дзіця?! Вы толькі будзеце пладзіць жабракоў”. І гэта доктарка – гінэколяг! У мяне зараз знаёмая цяжарная, і ўсе раілі ёй спыніць гэтую цяжарнасьць. Але яна сказала: “Не! Буду нараджаць, чаго б мне гэта не кашатавала!”

Паводле апытаньня, зробленага на замову “Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху”, у якасьці матываў адмовы ад нараджэньня дзяцей часьцей за ўсё называюць “ня той узрост” – 41% рэспандэнтаў. На матэрыяльныя цяжкасьці спаслаліся 37%. Дастатковую колькасьць дзяцей у сям’і ўказалі 29% апытаных. У рэспандэнтаў, якія маюць адно дзіця, у якасьці значнага зьяўляецца матыў апасеньня за здароўе маці і будучага дзіцяці.

У параўнаньні з 1990-м годам захворваемасьць дзяцей павялічылася на 59,6 %. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя назіраецца пагаршэньне рэпрадукцыйнага здароўя жанчын. Рост паталёгіі сярод цяжарных прывёў да зьніжэньня ўдзельнай вагі нармальных родаў да 29,9 % у 2002 годзе.

Меркаваньне палітоляга Андрэя Казакевіча:

(Казакевіч: ) “Насельніцтва падтрымлівае ідэю абортаў. Са спажывецкіх пазыцыяў. Аборт выступае гарантам таго, што чалавек можа плянаваць сям''ю. Дзяржава некалькі разоў спрабавала абмежаваць альбо нават забараніць. Гэта ня будзе мець падтрымкі. Таму што насельніцтва прызвычаілася разглядаць аборт як важны элемэнт, які забясьпечвае вырашэньне асабістых праблемаў. Аборты робяць ня толькі тыя, у каго цяжкае матэрыяльнае становішча. Чалавек думае, што будзе пазбаўлены магчымасьці набыць новую машыну, адрамантаваць кватэру... І гэтая сытуацыя больш распаўсюджаная, чым сытуацыя, калі няма чым карміць. Індывідуалістычныя арыентацыі дамінуюць”.

Ненароджаныя не пабачаць цудаў гэтага сьвету. Але не адчуюць на сабе і вынікаў пакінутага ў спадчыну прыроднага спусташэньня.

Жыхары Беларусі жывуць ва ўмовах небясьпечнага забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. Паветра ўтрымлівае таксычных рэчываў у 5 разоў болей дапушчальнага ўзроўню. Каля 75% адкрытых вадаёмаў забруджаныя, чвэрць зь якіх ачысьціць практычна немагчыма. Уплыў Чарнобыльскай катастрофы...

Дасьледаваньні груднога малака, зробленыя ў былым Рэспубліканскім навукова-практычны цэнтры па экспэртнай ацэнцы якасьці і бясшкоднасьці прадуктаў, паказалі: дозы сьвінцу, цынку, ртуці значна перавышалі дапушчальныя. У малацэ сучасных маці знаходзілі нават дуст, які даўно ўжо не выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, але якім за савецкім часам былі моцна атручаныя беларускія палеткі.

Тады ж у сьвядомасьці сфармавалася “абортная культура”.

(Пеціна: ) “Аборт – як сродак кантрацэпцыі. Сродкаў кантрацэпцыі не было, і калі ў 1956 годзе была зьнятая забарона, аборт шырока выкарыстоўваўся як сродак рэгуляцыі нараджэньня. Практычна кожная жанчына ў Беларусі і СССР за сваё жыцьцё і сямейнае і несямейнае рабіла аборты. Савецкі Саюз займаў першае месца па абортах. Калі мы рабілі дасьледаваньне, апыталі больш за 1000 чалавек. Бралі каталіцкія раёны – Гарадзеншчыну, і бралі Магілёўшчыну, дзе праваслаўе распаўсюджанае. Нягледзячы на тое, што людзі сябе лічаць ці католікам, ці праваслаўным, ня вельмі значная частка вернікаў была супраць абортаў. На Гарадзеншчыне каля 10%, а ў праваслаўных – ня больш за 7%. Бо людзі застаюцца жыць у гэтай культуры, якая склалася на сёньня”.

Супраць абортаў выступаюць рэлігійныя пратэстанты ў ЗША, каталікі ў Польшчы. Яны разглядаюць аборт як акт супраць веры. У Беларусі існуе Рэспубліканская арганізацыя “Абарона жыцьця каля яе вытокаў” (Выратаваньне немаўлят). Віцэ-старшынём – галоўны ўрач Мінздрава Сялява.

Чальцы арганізацыі спрабуюць актуалізаваць праблему. Але тлумачэньні пра душу, пра грэх забойства ня маюць вялікага ўплыву.

Расказвае каталічка Галіна Калевіч:

(Калевіч: ) “Даводзіцца сутыкацца зь людзьмі ўжо непасрэдна ў абартарыі. Усе да адной кажуць: “Мы ведаем! Мы ведаем, што гэта грэх, што гэта ўжо дзіця... Мы нясём адказнасьць за гэта. Не перашкаджайце. Нам і так цяжка”. Тлумачыш людзям, што забойства ня вырашыць аніводнае праблемы. Забойствам мы створым яшчэ больш праблем у жыцьці”.

Для бальшыні беларусаў аборт ня ўспрымаецца праблемаю.

Як праблема аборт узьнікае для канкрэтнай жанчыны, якая стаіць перад выбарам.

(Ірына: ) “Гэта настолькі побытавай стала і асабістай справай кожнай жанчыны. Яна надуманая гэта праблема. Нараджаць ці не нараджаць – гэта мая асабістая справа. Не грамадзтва. Таму што не грамадзтва будзе гадаваць гэтае дзіця. А я буду гадаваць”.

Беларусы, якія выстройваюцца ў даўжэзныя чэргі за сьвятой вадой і дружна сьвецяць булкі на Вялікдзень, што сьведчыць аб прыналежнасьці да хрысьціянскай культуры з асноўным прынцыпам “не забі”, зусім спакойна існуюць у “абортнай культуры” – культуры пэўнага генацыду, калі “няма чалавека – няма праблемы”. Дык ці можа чакаць ад грамадзтва, якое тэарэтычна спавядае прынцып “не забі”, а практычна выкарыстоўвае своеасаблівы генацыд, сапраўднага ўсьведамленьня трагедыі ў Курапатах? Ці можна чакаць актыўных пошукаў зьніклых? (Апроч палітыкаў, свае зьніклыя ёсьць у многіх сем’ях). Пакорлівыя адносіны да маруднага экалягічнага генацыду таксама можна патлумачыць “абортнай культурай” паводзінаў. Тут ужо, наадварот, народжаныя робяцца “ахвярамі нязьдзейсьненага аборту”.
XS
SM
MD
LG