Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк камэнтуе рашэньне Эўракамісіі і "Нямецкай хвалі"


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Рашэньне Эўракамісіі аб пачатку вяшчаньня на радыёстанцыі "Deutsche Welle" на Беларусь па-расейску, а таксама інтэрвію “Свабодзе” нямецкага дыплямата Ганса-Герога Віка, які прывёў сваё аргумэнты на карысьць адкрыцьця такога вяшчаньня, камэнтуе лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) "Мне ужо даводзілася выказвацца адносна ідэі вяшчаньня на Беларусь па-расейску, у артыкуле “Пад блудам чужой палітыкі”, надрукаваным у газэце “Беларус”.

Тое, што немцы хочуць пераняць справу русыфікацыі і маюць намер на базе расейскай рэдакцыі "Deutsche Welle" пачаць вяшчаньне па-расейску, – гэта праява нямецка-маскоўскай палітыкі па зьнішчэньні дзяржаўнасьці Беларусі, якую яны праводзяць вось ужо хутка дзесяць гадоў.

Выразьнікам гэтай палітыкі быў у Беларусі Ганс-Георг Вік. Таму гэта нас не зьдзіўляе, і адказ наш будзе толькі такі: нам ня трэба ніякай “дапамогі” з боку Нямеччыны і Расеі. Нам ня трэба ні іхняга вяшчаньні, ні іхных радыёстанцыяў. Ні іхнай антыбеларускай палітыкі, закамуфляванай пад дэмакратыю і правы чалавека. Свае нацыянальныя праблемы і сваю дэмакратычную будучыню мы, беларусы, вырашым самі.

Гісторыя апошніх 200 гадоў паказала, што ненавісьнікамі беларускай нацыі і дзяржаўнасьці была якраз маскоўска-бэрлінская палітыка, пачынаючы ад разьдзелу Рэчы Паспалітай, разьвязваньня Першай і Другой усясьветнай вайны, заключэньня антыбеларускага берасьцейскага міру і скончваючы апошняй акцыяй Ганса-Георга Віка па разьбіцьці БНФ".

Гл. таксама • Ганс-Георг Вік: Мы ня супраць беларускай мовы, гэта праблема фінансаў • Што думаюць у Беларусі пра вяшчаньне “Нямецкай хвалі”?
XS
SM
MD
LG