Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: Мы ня супраць беларускай мовы, гэта праблема фінансаў


Алена Струвэ, Менск Нямецкая радыёстанцыя "Deutsche Welle", якая мелася адкрыць сваё вяшчаньне на Беларусь напрыканцы кастрычніка штодзённымі 15-хвіліннымі праграмамі, праўдападобна, пачне рабіць гэта раней і штодзённы аб’ём вяшчаньня павялічыцца да паўгадзіны. Гэтыя зьмены выкліканыя тым, што нямецкая тэлерадыёкарпарацыя стала пераможцам тэндэру Эўракамісіі на адкрыцьцё замежнага вяшчаньня на Беларусь. Як паведамілі ў прэсавай службе Эўракамісіі, дадатковае фінансаваньне Брусэлю будучых перадачаў “Deutsche Welle” складзе каля 138 тысячаў эўра ў год.

Разам зь “Deutsche Welle” заяўкі на конкурс Эўракамісіі падавалі таксама такія буйныя мэдыйныя карпарацыі як “Euronews” і “BBC World Service”.

Раней Брусэль, як паведамлялася, разглядаў варыянты аднаўленьня беларускага вяшчаньня зь Літвы ці Польшчы, кшталту колішніх станцыяў “Балтыйскія хвалі” і “Радыё Рацыя”. Аднак перамагла расейская службы "Deutsche Welle".

Перамога гэтага праекту расейскай службы “Нямецкай хвалі” ў самой Беларусі выклікае нямала дыскусіяў. Падставай для спрэчак ёсьць расейская мова будучага вяшчаньня ды яе інтэрнэт-старонкі. Многія ўбачылі ў гэтым прарасейкую накіраванасьць новага альтэрнатыўнага вяшчаньня і непаважлівае стаўленьне да беларускай мовы і яе носьбітаў.

Вядомы нямецкі палітык і дыплямат Ганс-Георг Вік, які год таму выставіў на абмеркаваньне брусэльскім і бэрлінскім палітыкам ідэю альтэрнатыўнага вяшчаньня на Беларусь заклікае тут ня быць катэгарычнымі:

(Вік: ) “Такое стаўленьне да праекту на расейскай мове для мяне зразумелае. Але гэтае рашэньне ня ёсьць рашэньнем супраць беларускай мовы. Гэта ёсьць пытаньнем фінансаваньня. Справа ня ў тым, што на Deutsche Welle ня хочуць вяшчаньня на беларускай мове. Справа ў тым, што гэтага пакуль нельга рабіць на абедзьвюх мовах. Гэта пытаньне сродкаў. Цяпер па-расейску, потым па-беларуску”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму з вашага гледзішча, менавіта Deutsche Welle перамагла ў конкурсе? ”

(Вік: ) “Гэта зьвязана з тым, што заяўка гэтага радыё найбольш адпавядала ўмовам конкурсу, напрыклад, такому моманту, колькі якая станцыя можа вылучыць сродкаў на той ці іншы праект, акрамя тых сродкаў, якія выдаткуе Брусэль. Ізноў жа гэта не было нейкім палітычным рашэньнем”.

(Карэспандэнтка: ) “У сваёй апошняй рэзалюцыі па Беларусі эўрапарямэнтары патрабавалі ад кіраўніцтва Эўрапейскага зьвязу шырокай падтрымкі розных мэдыйных праектаў. Эўракамісія прыняла рашэньне адносна 30-хвіліннага вяшчаньня. Вы лічыце гэта дастаткова?”

(Вік: ) “Гэтага недастаткова. Але гэта пачатак. Мы ўсе бачым, наколькі цяжка Эўразьвязу супрацоўнічаць з грамадзянскім супольніцтвам у Беларусі, наколькі цяжкі доступ насельніцтва краіны да незалежнай інфармацыі. Новы праект – гэта толькі пачатак”.

На самой “Нямецкай хвалі” ад нейкіх камэнтароў адносна будучага вяшчаньня ўстрымаліся да таго часу, пакуль ня будуць падпісаныя ўсе неабходныя дакумэнты.

Гл. таксама • Што думаюць у Беларусі пра вяшчаньне “Нямецкай хвалі”?
XS
SM
MD
LG