Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Упершыню ў гісторыі чалавецтва клянавалі сабаку


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Паўдзённай Карэі ўпершыню ў сьвеце клянавалі сабаку. “Лепшы сябра чалавека” цяпер далучыўся да доўгага сьпісу жывёл, якія былі “дубляваныя”. Клянаваньне сабакі стала асабліва важным навуковым дасягненьнем, бо, адрозна ад авечак, казлоў, мышэй, сьвіней ці нават катоў, сабакі маюць больш складаную рэпрадуктыўную біялёгію, і клянаваньне іх, як думалі раней, было амаль немагчымым. Цяпер, калі справіліся з сабакам, наступнымі будуць людзі?

Навукоўцы назвалі шчаня Снупі. Мянушка адпавядае абрэвіятуры СНУ – Сэўльскі нацыянальны ўнівэрсытэт, дзе ён зьявіўся на сьвет. Гэтая мянушка таксама адпавядае ангельскаму слову snoopy, што азначае "занадта цікаўны".

Шчаня было вырашчанае з адной клеткі, узятай з вуха трохгадовага самца аўганскага ганчака. Навукоўцы злучылі гэты генэтычны матэрыял зь яйцаклеткай саміцы і стымулявалі яе падзел. Далей яйцаклетка была перасаджаная сучцы лябрадора, якая і вынасіла шчаня. Яно зьявілася на сьвет у выніку Кесарава сячэньня пасьля поўных 60 дзён цяжарнасьці. Шчаня зьяўляецца клёнам самца, ад якога навукоўцы ўзялі клетку ад вуха. Працэс клянаваньня быў такім жа, як і пры клянаваньні авечкі, мышы, сьвіньні. Але на клянаваньне сабакі навукоўцам запатрабавалася значна болей часу і высілкаў з-за складанасьцяў у атрыманьні сабачых яйцаклетак у лябараторных умовах.

Кіраўнік дасьледаваньня, прафэсар Ву Сук Хван на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што клёны сабак дапамогуць лепей зразумець прыроду шэрагу хваробаў чалавека, бо некаторыя зь іх такія ж, як у сабак. І ў сабак, і ў людзей аналягічныя гены выклікаюць пэўныя хваробы. Доктар Лоўл-Бадж з Брытанскага нацыянальнага інстытута мэдычных дасьледаваньняў тлумачыць:

(Лоўл-Бадж: ) “Гэта ўжо добра вядома, што некаторыя пароды сабак маюць тэндэнцыю мець спэцыфічныя тыпы хваробаў, кшталту паталёгіі сеткавіцы вока ці артрыту. Так, на гэта хварэюць лябрадоры. Асобныя гены, якія ёсьць носьбітамі гэтых хваробаў у сабак, вельмі падобныя на чалавечыя. Таму на сабаках і раней мадэляваліся гэтыя хваробы людзей.”

Мэдыкі вітаюць клянаваньне розных пародаў сабак, бо спадзяюцца на іх вывучаць генэтычную прыроду самых розных захворваньняў. З гэтай лёгікай ніхто не спрачаецца. Аднак посьпех у клянаваньні сабакі выклікаў і пытаньне: ці не стане наступным чалавек. Тая ж каманда прафэсара Хванга ўжо пацьвердзіла, што працуе і з чалавечымі эмбрыёнамі. Аднак яны заяўляюць, што ставяць досьледы толькі ў прабірцы, каб вырасьціць стваловыя клеткі ў мэдычных мэтах. І заяўляюць, што не зьбіраюцца перасяляць эмбрыёны ў чалавека.

Доктар Лоўл-Брыдж гаворыць, што гэта правільна, бо нават у выпадку з сабакам, навукоўцам запатрабавалася дзеля посьпеху ўзяць болей як тысячу яйцаклетак з 123 сабак. Затым былі тры цяжарнасьці, адна зь якіх на самым пачатку завяршылася няўдала, другая прынесла шчаня, якое здохла празь некалькі тыдняў, і толькі трэцяя завяршылася ўдала.

Акрамя вялікай рызыкі для жыцьця магчымых удзельнікаў экспэрымэнту, навукоўцы гавораць, што, магчыма, клён нараджаецца адразу ў тым жа ўзросьце, у якім была істота, ад якой бралі клетку. А значыць, што шчаня Снупі магло нарадзіцца адразу ў трохгадовым узросьце і было пазбаўленае дзяцінства. Клянаваньне выклікае і шэраг іншых этычных праблемаў.
XS
SM
MD
LG