Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасаду Польшчы пікетавалі актывісты БРСМ і “Маладога фронту”


Альгерд Невяроўскі, Менск Каля амбасады Польшчы ў Менску сёньня адбыліся два пікеты. Актывісты праўрадавага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі патрабавалі ад афіцыйнай Варшавы спыніць міждзяржаўны крызіс адносінаў, які, на іх думку, ініцыяваны польскім бокам. Прадстаўнікі апазыцыйнага “Маладога фронту выказалі сваю салідарнасьць з законным кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі і з уладамі Польшчы. Актывісты абедзьвюх арганізацыяў перадалі ў амбасаду свае звароты і заявілі, што будуць і надалей ладзіць акцыі перад прадстаўніцтвам Польшчы ў Менску.

Сёньня апоўдні да амбасады Польшчы ў цэнтры Менску зноў прыйшлі больш за 40 актывістаў праўрадавага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Пікетоўцы трымалі афіцыйныя чырвона-зялёныя сьцягі ды транспаранты з надпісамі “Моладзь — за мір і сяброўства”, “Сяброўства і мір — наш арыенцір”. Актывісты БРСМ таксама адпілавалі кавалак ад бервяна з надпісам “дружба” і перадалі ў амбасаду зварот з заклікам да польскіх уладаў спыніць эскаляцыю канфлікту зь Беларусьсю. Бээрсээмаўцы лічаць, што ў польска-беларускім канфлікце вінаватыя ўлады Польшчы і ЗША. Вось што гучала ў звароце, зачытаным актывістам БРСМ Канстанцінам Ізотавым:

(Ізотаў: ) “Мы, прадстаўнікі сучаснай моладзі, асуджаем дзеяньні Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх падхлебнікаў, што абвясьцілі Беларусі халодную вайну і спрабуюць навязаць сваю мадэль дэмакратыі”.

Актывісты БРСМ гавораць, што атрымалі дазвол уладаў на пікеты і будуць іх праводзіць да таго часу, пакуль ня скончыцца польска-беларускі крызіс. Пасьля таго, як пікет актывістаў БРСМ скончыўся, на пляцоўцы каля польскай амбасады зьявіліся 10 актывістаў апазыцыйнага “Маладога фронту”. Яны трымалі ў руках транспаранты з надпісам “Польшча + Беларусь = Салідарнасьць”. Гаворыць сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Сёньня мы прыйшлі падтрымаць законна абранае кіраўніцтва Саюзу палякаў у Беларусі. Падтрымаць польскі народ і растлумачыць, што мы жадаем жыць з палякамі ў добрасуседзкіх адносінах. Жадаем давесьці да польскага кіраўніцтва, да звычайных жыхароў Польшчы, што Лукашэнка прэзэнтуе ня думку беларускага грамадзтва, а думку сваёй аўтарытарнай улады”.

Маладафронтаўцы перадалі ў амбасаду зварот, у якім выказалі сваю падтрымку законна абранаму кіраўніцтву Саюзу палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, уладам Польшчы і яе народу, а таксама арыштаваным актывістам СПБ Тадэвушу Гавіну і Анджэю Пісальніку. “Беларуска-польская салідарнасьць здольная даць адпор апошняй дыктатуры ў сэрцы Эўропы”, — такімі словамі заканчваюць свой зварот актывісты “Маладога фронту”. Гэты пікет ня быў дазволены ўладамі, але ніхто яго праводзіць не перашкаджаў. Паводле Зьмітра Дашкевіча, іх акцыя ў падтрымку Саюзу палякаў у Беларусі і Польшчы, таксама як і бээрсээмаўская, можа стаць бестэрміновай.
XS
SM
MD
LG