Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады заяўляюць, што дзяржава ня мае плянаў ліквідацыі саюзу палякаў


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі беларускага ўраду паабяцалі падтрымку ў арганізацыі паўторнага зьезду Саюзу палякаў Беларусі ў Ваўкавыску і дапамогу новаабранаму кіраўніцтву арганізацыі. Тым часам дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад акругаў, у якіх пражывае польскае насельніцтва, ня бачаць умяшаньня дзяржавы ў справы польскай меншасьці.

Кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусі Станіслаў Буко сёньня заявіў, што не здымае зь сябе асабістай адказнасьці за канфлікт, які ўзьнік вакол Саюзу палякаў Беларусі.

Паводле спадара Буко, дзяржава ня мае ніякіх прэтэнзіяў да дзейнасьці Саюзу, і ён нават асабіста віншаваў Анжаліку Борыс з абраньнем на пасаду кіраўніка СПБ. Але праблема выявілася ва ўнутраным расколе ў гэтай арганізацыі і ў зафіксаваных Мінюстам парушэньнях падчас сакавіцкага зьезду СПБ. Станіслаў Буко таксама заявіў, што дзяржава ня мае плянаў ліквідацыі саюзу, наадварот, улады прапануюць падтрымку ў падрыхтоўцы і правядзеньні паўторнага зьезду СПБ у Ваўкавыску і акажуць дапамогу новаму кіраўніцтву:

(Буко: ) “І камітэт, і ўсе рэспубліканскія органы кіраваньня, і дзяржава вельмі зацікаўленыя ў стабілізацыі сытуацыі ў Саюзе палякаў Беларусі. Зьезд, які пройдзе ў Ваўкавыску 27 жніўня, стане пачаткам аб’яднаньня Саюзу палякаў вакол нанова абранага кіраўніцтва і вакол органаў улады ўсіх узроўняў”.

Кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко аспрэчыў заявы замежных СМІ пра ўціск польскай меншасьці ў Беларусі.

Ня бачаць такіх праблемаў і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад акругаў, дзе пражывае польская меншасьць. Гаворыць дэпутат ад Гарадзенскай-Сельскай акругі Лілея Кашанкова:

(Кашанкова: ) “Ніякага тут вялікага ўмяшаньня дзяржавы няма, усё гэта наладзіцца. Самае галоўнае, што людзі простыя працуюць і займаюцца сваёй справай. Я ня бачу тут ніякай віны дзяржавы”.

Паводле дэпутата Кашанковай, у Гарадзенскім раёне ўсё спакойна, а канфлікт быў разьдзьмуты кіраўніцтвам СПБ. Тое ж, што шасьцёра кіраўнікоў саюзу знаходзяцца пад арыштам, спадарыня Кашанкова ацаніла так:

(Кашанкова: ) “Напэўна, былі парушэньні, калі да іх прад’явілі прэтэнзіі”.

Дэпутат ад Ваўкавыску Тамара Навасад кажа, што не атрымлівала скаргаў ад сваіх выбаршчыкаў польскай нацыянальнасьці:

(Навасад: ) “Некалькі чалавек, можа, і хочуць мець палітычныя дывідэнды з гэтага, разьдзьмуваюць гэты скандал, які нікому не патрэбны, ні беларусам, ні палякам. І наагул, нам няма чаго дзяліць”.

Гаворачы пра спрэчкі паміж дзяржаўнымі структурамі Польшчы і Беларусі. Тамара Навасад зазначыла:

(Навасад: ) “Трэба спыніцца, і трэба камусьці зрабіць гэты першы крок. Або адначасова”.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Гарадзеншчыны Валеры Фралоў мяркуе, што канфлікт інсьпіраваны і разьдзьмуты беларускімі ўладамі:

(Фралоў: ) “Калі б было імкненьне ў нашых уладаў знайсьці нейкае разумнае рашэньне, то выехалі б, сустрэліся, выслухалі ўсе бакі. А так толькі ўскладняюць абстаноўку па тэлебачаньні”.

Валеры Фралоў мяркуе, што беларускія ўлады празь ціск хочуць дабіцца, каб на чале СПБ стаялі ляяльныя ім асобы, якія б выконвалі іхныя загады.

Гл. таксама • Улады “дапамагаюць” абіраць дэлегатаў на новы зьезд Саюзу палякаў • Анжэліку Борыс папярэдзіў пракурор • Віцэ-сьпікер Сэйму прапануе польскае грамадзянства актывістам СПБ • Польскі бізнэс баіцца страціць беларускія кантракты • Машыне польскага тэлебачаньня ў Горадні прабілі колы • Андрэй Пісальнік асуджаны да 10 сутак арышту • Актывісты БРСМ пілуюць “бервяно дружбы з Польшчай” (фота)
XS
SM
MD
LG