Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі бізнэс баіцца страціць беларускія кантракты


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія бізнэсоўцы апасаюцца, што цяперашні палітычны крызыс у двухбаковых стасунках нэгатыўна адаб’ецца на польска-беларускіх эканамічных дачыненьнях. Некаторыя зь іх ужо канстатуюць зьмяншэньне абаротаў у гандлі зь беларускімі партнэрамі.

Напярэдадні польская прэса пісала пра спыненьне беларускім бокам продажу ў Польшчу цэмэнту і зьмяншэньне паставак газу, падаючы гэтыя прыклады як першыя наступствы цяперашняга польска-беларускага палітычнага крызысу. Але, як нам удалося даведацца, апошнія падзеі вакол Саюзу палякаў ня мелі ўплыву на тыя праблемы з цэмэнтам і пастаўкамі газу.

Шэраг бізнэсоўцаў, аднак, апасаюцца, што праблемы могуць пачацца напрыканцы лета, калі скончыцца сэзон вакацыяў. Сярод іх Ежы Навасэльскі, чыя фірма вырабляе тканіны і прадае іх у Беларусь.

(Навасэльскі: ) “У прынцыпе толькі ў другой палове жніўня пачынаецца нармалёвая праца, калі ўсе вяртаюцца з адпачынку. Тады можна будзе ўбачыць, колькі нашыя беларускія партнэры замовяць у нас тканінаў. Шчыра кажучы мы таксама баімся, што палітычны крызыс паўплывае на наш бізнэс, але пакуль што нічога не магу сказаць”.

Вальдэмар Бэрэда з гораду Бяла Падляска, уладальнік фірмы “Скарпіён”, якая пастаўляе клей, плітку ды іншыя будаўнічыя тавары, кажа, што быў вымушаны амаль цалкам спыніць экспарт у Беларусь:

(Бэрэда: ) “Я раней вельмі шмат экспартаваў – цэлымі грузавікамі. Прыяжджалі па 10 грузавых мікрааўтобусаў у дзень зь Беларусі, а цяпер максымальна адзін. Беларусы вымушаныя хаваць мае тавары ад мытнікаў, бо новыя правілы не дазваляюць везьці больш чым 50 кіляграмаў. Праблемы пачаліся яшчэ раней – палітыкі ня могуць паміж сабой дамовіцца, а мы ня можам на гэта паўплываць”.

Вальдэмар Бэрэда лічыць беларускі рынак вельмі пэрспэктыўным, але ў цяперашніх умовах, на ягоную думку, рабіць бізнэс зь Беларусьсю практычна немагчыма.

(Бэрэда: ) “Няма магчымасьцяў. Усё заблякавана. Калісьці мы спрабавалі адкрыць у Беларусі прадстаўніцтва, мелі шмат партнэраў, але гэта былі яшчэ лепшыя часы, беларуска-польскія дачыненьні былі лепшыя. А цяпер няма шанцаў, Лукашэнка ўсё заблякаваў”.

Кандыдат эканамічных навук Валер Кругавы, які раней займаўся бізнэсам ў Беларусі, а цяпер жыве і працуе ў Польшчы, лічыць, што беларускі бок, нягледзячы на палітычны канфлікт з Варшавай, не зацікаўлены ў замарожваньні эканамічных дачыненьняў з Польшчай.

(Кругавы: ) “Палітычны канфлікт, безумоўна, можа мець уплыў на эканамічныя дачыненьні, але толькі калі польскі бок зробіць захады, каб абмежаваць беларускі экспарт. Беларусі бок гэтага рабіць ня будзе, бо Менск кроўна зацікаўлены ў экспарце, у тым, каб атрымліваць валюту. Мяркуючы па цяперашнім захаваньні польскіх уладаў, яны такіх захадаў рабіць ня будуць. Вось прыклад – імпарт беларускіх калійных угнаеньняў у Польшчу. Эўразьвяз забараніў Варшаве рабіць гэта пасьля далучэньня Польшчы да аб’яднанай Эўропы, але польскі бок, менавіта польскі ўрад увесь час даволі пасьпяхова лабіруе, каб беларусам дазволілі і надалей пастаўляць угнаеньні ў Польшчу”.

***

Паводле афіцыйных дадзеных, летась тавараабарот паміж Польшчай і Беларусьсю склаў больш за 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў. Хаця ў Беларусі працуюць каля 300 фірмаў польскіх ці з удзелам польскага капіталу, дык пасьля некалькіх гучных выпадкаў калі польскія фірмы мелі ў Беларусі вялікія праблемы з уладамі, польскія бізнэсоўцы неахвотна інвэстуюць у беларускую эканоміку – летась гэта было 20 мільёнаў даляраў, а за 5 месяцаў гэтага году – каля 6,5 мільёнаў.
XS
SM
MD
LG