Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны?


Галіна Абакунчык, Менск Беларуска-польскае дыпляматычнае супрацьстаяньне працягваецца. Краіны Эўразьвязу і ЗША выказаліся супраць эскаляцыі канфлікту і заклікалі ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў. "Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны і чаму?" -- апытаньне Свабоды на менскіх вуліцах.

(Юнак: ) “Найгоршыя? Здаецца, з Амэрыкай. А чаму? Таму што Амэрыка ёсьць дзяржавай усясьветнага капіталізму, здаецца. А Беларусь больш на сацыяльныя аспэкты арыентуецца”.

(Спадар: ) “Ну, афіцыйная прапаганда падае так, што ў нас ёсьць кепскія адносіны, да прыкладу, з ЗША. Калі б мы напачатку 1990-х пайшлі тым шляхам, якім і мусілі ісьці, то ў нас былі б добрыя адносіны і з ЗША, і зь іншымі краінамі. А так сталі на іншы шлях разьвіцьця — назад у сацыялізм”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны і чаму?”

(Спадар: ) “З усімі. Бо дурныя”.

(Спадарыня: ) “Няма ў нас краінаў, зь якімі ў нас кепскія адносіны. Гэта яны будуюць з намі кепскія адносіны. Вось адносіны з Польшчай, калі ласка. Здарылася, на жаль, але ня з нашай віны. Чаму, зь якой прычыны — цяжка зразумець”.

(Юнак: ) “Я лічу, што і з Украінай у нас ня вельмі долбрыя стасункі, з Польшчай, зь Літвой. Усё гэта, пэўна, з эканамічных і палітычных матываў”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якой краінай у Беларусі найгоршыя адносіны і чаму?”

(Юначка: ) “Ды тая ж самая Польшча. Бо тая палітыка, якую праводзіць нашая дзяржава, яна ня вельмі добрая”.

(Юнак: ) “Кепскія адносіны? З ЗША, эўрапейскімі краінамі, бо мы вядзем няправільную палітыку адносна іх. Таксама і з Расеяй. Расея, канечне, нібыта, намагаецца быць нашым сябрам. Але насамрэч у нас адносіны ніякія”.

(Спадарыня: ) “У Беларусі наагул вельмі кепскія адносіны з усімі: з Польшчай мы не сябруем, Літва — гэта брыда, Украіна — гэта брыда, а Расею трэба паважаць, бо Расея вялікая і магутная. Але калі б там не было Пуціна, дык, пэўна, і там не было б ніякіх ужо адносінаў. Страх, толькі страх перад Расеяй. А астатніх ён не паважае, не сябруе. Звадлівы, ня ўмее сябраваць зь людзьмі — і суседзямі таксама. Вось таму такія ў нас справы. Вельмі дрэнныя, я лічу. Вельмі дрэнныя”.
XS
SM
MD
LG