Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі амбасадар наведаў М.Марыніча ў турме


Уладзімер Глод, Менск Амбасадар Вялікабрытаніі й выканаўца абавязкаў кіраўніка офісу АБСЭ ў Беларусі наведалі М.Марыніча і зьбіраюцца наведаць В.Леванеўскага.

3 жніўня Браян Бэнэт, амбасадар Вялікабрытаніі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, і выканаўца абавязкаў кіраўніка офісу АБСЭ Ваграм Абаджан пабывалі ў менскай папраўчай калёніі №1, дзе адбывае пакараньне Міхаіл Марыніч.

Амбасадар Бэнэт пасьля сустрэчы зь Міхаілам Марынічам адзначыў, як паведамляецца ў прэсавым рэлізе брытанскай амбасады, добры настрой палітвязьня і тое, што ён атрымлівае лекаваньне дзеля стабілізацыі стану сардэчна-сасудзістай сыстэмы. Аднак, паводле амбасадара, спадару Марынічу таксама “патрэбна ўвага да хворых сэрца і вока”.

Крыху іншае ўражаньне склалася ад наведаньня вязьня ў выканаўцы абавязкаў кіраўніка офісу АБСЭ ў Беларусі армянскага дыплямата Ваграма Абаджана:

(Абаджан: ) “Выглядае ён не бадзёра, натуральна. Зразумела, што мае праблемы са здароўем. Але фізычна ён выглядае лепш, чым, прыкладам, я чакаў”.

І Эўразьвяз, і АБСЭ назіраюць сытуацыю зь Міхаілам Марынічам з моманту ягонага арышту і выказваюць занепакоенасьць станам здароўя палітвязьня, заклікаючы да неадкладнага яго вызваленьня.

Кіраўнікі дыпляматычных місіяў Чэхіі і Славакіі ў Беларусі два тыдні таму таксама спрабавалі наведаць Міхаіла Марыніча, але не атрымалі адпаведнага дазволу ад беларускіх уладаў. На маё пытаньне, якім чынам брытанская амбасада і менскі офіс АБСЭ дамагліся права наведаньня Міхаіла Марыніча, спадар Абаджан адказаў так:

(Абаджан: ) “Тут ня столькі мая заслуга, колькі заслуга амбасадара Бэнэта”.

5 жніўня Браян Бэнэт і Ваграм Абаджан зьбіраюцца наведаць яшчэ аднаго палітвязьня — Валера Леванеўскага.
XS
SM
MD
LG