Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валодзькава


Ягор Маёрчык, Валодзькава, Глыбоцкі раён, Віцебшчына (эфір 1 жніўня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

На сьцяне вісіць “Пагоня” — вялікая. З твару вершнік падобны на Аляксандра Лукашэнку. На закіды з гэтай нагоды гаспадыня хаты Юлія Бука запэўнівае, што дыван гэты яна саткала да 1994 году, калі пра Лукашэнку мала хто ведаў.



(Бука: ) “Я калісьці вярталася дамоў разбагацець. Я пачала з таго, што разьвяла нутрыяў. Мне трэба было пашыць кажух. Кавалачкі, што засталіся, выкідаць было шкада, бо гэта каштоўны матэрыял. І я па кавалачках зьбірала “Пагоню”.

(Карэспандэнт: ) “З чаго яна зробленая?”

(Бука: ) “З кавалачкаў скуркі нутрыяў”.

Слава Валодзькава сягае далёка за межы Глыбоцкага раёну Віцебшчыны. А ўсё празь Юлію Буку — вэтэрынарку з адукацыі, дэпутатку тутэйшага сельскага савету. У роднай вёсцы яна займаецца тым, што цяпер называюць модным словам “агратурызм”.



(Бука: ) “Яшчэ ў дзяцінстве мы ўсе ведалі, што гэта нашае возера, што гэта нашая вёска, што яны самыя прыгожыя. Са мною вярнулася мара, каб гэта бачылі не адны мы. У нас тут прадаваўся дом. Я не хацела, каб нехта прыехаў і жыў у ім. Я яго купіла і трошкі ўпарадчыла. Пасьля набыла яшчэ адзін дом. Я палічыла, што зь цягам часу ўся вёскі пяройдзе да мяне. У мяне ёсьць чатыры хаты”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі людзей у вас бывае за сэзон?”

(Бука: ) “За мінулы год у мяне перабывала тут дваццаць чалавек. Пакуль для нас не рэальныя замежныя госьці, бо патрэбныя ўмовы. А ў нас усё на ўзроўні хутару — тут вельмі шмат свабоды і мінімум цывілізацыі. А ў нас тут самыя лепшыя мясьціны: лес, возера, балота і сьвежае паветра”.



(Карэспандэнт: ) “А адмысловая забаўляльная праграма ёсьць?”

(Бука: ) “Пакуль у нас такой праграмы няма, бо мы гэта ўсё пачынаем. Калі ласка, у нас ёсьць конь — можна на ім пакатацца, можна пайсьці па грыбы ды ягады, а можна проста паляжаць на сьвежым паветры. У возеры ёсьць рыба — пайдзі, налаві і звары юшку. Ёсьць дровы — можна прывезьці мяса і зрабіць шашлыкі. Ёсьць лазьня — калі ласка. Мы плянуем купіць аўто і зрабіць карту нашых гістарычных каштоўнасьцяў. Усё гэта будзе ўваходзіць у праграму. Калі кліент гэтага хоча, чаму б не зрабіць?”

(Карэспандэнт: ) “Як ставяцца да вашых дзеяньняў мясцовыя людзі?”

(Бука: ) “Вы не ўяўляеце, якое зьдзіўленьне ў людзей, калі я кажу, што да мяне прыедуць адпачываць! Яны ня вераць і кажуць, што сюды ніхто не паедзе. Але для некага гэта экзотыка. Людзі баяліся, што пойдуць па хатах і будуць красьці. Натуральна, я не застрахаваная, што ў мяне будзе такі кліент, які вып’е і пойдзе па Валодзькаве галівудзіць. Вяскоўцы абмяркоўваюць, хто прыехаў. Калі ў нас былі мастакі, людзі перасталі сварыцца. Ім стала сорамна, бо ў вёсцы чужыя людзі. Яны сталі лепей апранацца, бо як можна пайсьці ў адным і там жа ў хлеў і на вуліцу?”

Улады да дзеяньняў Юліі Букі паставіліся нэўтральна. Непадкантрольную ініцыятыву яны не вітаюць, але турызм становіцца дзяржаўнай палітыкай. І абласным ды менскім чыноўнікам райвыканкамаўцы паказваюць Валодзькава як прыклад таго, што справы рухаюцца.

Распаўсюджваюць інфармацыю пра сядзібу самі кліенты. Яны раяць сваім сябрам і знаёмым, і такім чынам спадарыня Бука атрымлівае чарговую партыю турыстаў. Усе заробленыя грошы яна ўкладае ў дамы.



Спадарыня Бука прызнаецца, што сёлета кліентаў ня надта. Галоўная перашкода — няпэўнае надвор’е: часам дажджыць, а часам нязвыкла халодна. А летась у Валодзькаве гасьцявалі мастакі. Старая Соф’я Калантай і цяпер пераймаецца ад таго, што тады адмовіла аднаму з майстроў.



(Калантай: ) “Сяджу я на лаўцы. А ён падыходзіць і кажа: “Бабуля, я вашу кватэру адмалюю і вас разам?” Я кажу: “Ня трэба мяне, старую, адмалёўваць”. Ён завярнуўся і пайшоў. Каб мне нехта патлумачыў, я б пагадзілася. Мне няцяжка пасядзець на лаўцы, хай бы маляваў хату і мяне”.



За два гады вяскоўцы звыкліся з тым, што ў вёску наведваюцца незнаёмыя людзі з гораду. Яны маглі б зарабляць на турыстах, але старыя пакуль да гэтага не дайшлі. А дарэмна — нават самая мала капейчына прыйшлася б дарэчы. Прыкладам, пэнсіянэрка баба Лёдзя працуе на два франты: на сябе і на дзяцей.

(Лёдзя: ) “Каб дзецям ня трэба было б дапамагаць, хапала б. А што рабіць, калі дзеткі бедныя? Яны маладыя, заработку ніякага няма. Трэба зь імі дзяліцца. А каб ня трэба было дапамагаць, я б кінула гэтую гаспадарку”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ня думалі перабрацца да каго зь дзяцей? Болей бы зэканомілі...”

(Лёдзя: ) “А як хату кінуць? Ведаеце, як старым цяжка кінуць сваю хату?”

(Карэспандэнт: ) “А вы аддайце спадарыні Юлі. Я вам распавяду, як разбагацець...”

(Лёдзя: ) “Мілы мой, дарагі, ужо няма калі багацець”.



(Карэспандэнт: ) “На гэта час заўсёды ёсьць. Гэта вельмі хутка. Вы едзеце да дзяцей, а ёй аддаяце сваю хату. Яна ў гэтую хату пускае гасьцей ды турыстаў. А грошы дзеліце напалам”.

(Лёдзя: ) “Тая Юля б’ецца і трапечацца. У яе трэба запытацца, колькі яна сьпіць, і ці сьпіць яна наагул. Я ня ведаю, як яна яшчэ трывае. Трое дзетак трэба гадаваць? Трэба. Вось баба і выкручваецца”.

(Карэспандэнт: ) “А я ўсё думаю, як бы вам разбагацець. А вы песьні сьпяваеце?”

(Лёдзя: ) “Ой, я сьпявала!”

(Карэспандэнт: ) “Нарадзілася яшчэ адна ідэя, як вам зарабіць грошы. Зьбіраюцца тры-чатыры такія бабулькі...”

(Лёдзя: ) “А болей у нашай вёсцы няма”.

(Карэспандэнт: ) “Выдатна! Болей і ня трэба. Квартэтам, як некалі “Бітлз”, становіцеся перад гасьцямі, сьпяваеце. А госьці ў капялюш грошай каб насыпалі. Як вам такая ідэя?”

(Лёдзя: ) “Не, я ўжо не запяю. Ужо ў мяне на душы такі камень, што мне не да песьняў. Цяпер усе песьні застылі”.

Што да турыстаў, нешматлікая моладзь Валодзькава зарыентавалася хутчэй. Мікалаю Ляшкевічу васямнаццаць. Палову свайго жыцьця ён марыць стаць лекарам. А ўсё пачалося зь дзіцячай гульні. У закінутай хаце ён абсталяваў аматарскую лякарню.



Час прайшоў, Мікалай пасталеў і цяпер ён як умее дапамагае суседзям. Гульня-гульнёй, а першую дапамогу хлопец аказаць можа: як што, перавяжа рану і дасьць таблетку ад галавы. Вяскоўцам прасьцей зьвярнуцца да хлопца, чым дабірацца да ФАП ці чакаць, пакуль прыедзе з аглядам фэльчарка. Сваіх гасьцей Юля Бука водзіць на экскурсіі ў дзіцячую лякарню. Гэтым турыстычным маршрутам пайшоў і я.

(Ляшкевіч: ) “Тут кабінэт стаматоляга... Тут кабінэт кардыяграмы. Гэта кабінэт кансультацыяў... Рэгістратура... А тут у нас міні-аптэка”.

Знутры гэта звычайная вясковая хата. Шырмамі з прасьцінаў яна разьмежаваная на ўяўныя аддзяленьні.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль зьявілася такое захапленьне?”

(Ляшкевіч: ) “Мне вельмі падабаецца прафэсія лекара. Вельмі падабаецца дапамагаць людзям і ахоўваць іх ад хваробаў”.



(Карэспандэнт: ) “Вы спрабавалі атрымаць мэдычную адукацыю?”

(Ляшкевіч: ) “Так. Ужо другі раз буду паступаць ў Віцебскую мэдвучэльню. Я буду ісьці да апошняга, пакуль не паступлю. Буду спрабаваць і два, і тры, і чатыры разы, але я паступлю, і мая мара зьдзейсьніцца. Можна сказаць, што гэта практыка, бо я тут шмат што спазнаю. Я ведаю, як мераць артэрыяльны ціск, як рабіць прышчэпкі, шмат якія таблеткі ведаю. Усе ведаюць, дзе знаходзіцца мая лякарня, бывае такое, што нават дадому прыходзяць, каб я іх агледзеў”.

Валодзькава — гэта 25 насельнікаў пераважна пэнсійнага ўзросту і процьма пустых хатаў. Нават на самых падрабязных мапах паселішча не пазначанае. Асфальту тут няма. Аўталаўка раз на тыдзень.



Сваімі развагамі пра жыцьцё ў вясковай глушы дзеліцца пэнсіянэрка Рэня Чарная:

(Чарная: ) “Жыцьцё ў нас так сабе... Дарогу ня правяць нам. І ў гэтым Юля вінаватая”.

(Карэспандэнт: ) “Я мяркую, каб у Юлі быў асфальтавы каток і асфальт, яна б даўно паклала”.

(Чарная: ) “Яна ў нас дэпутат. Яна патрабуе, а яе ня слухаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А вышэй зьвярталіся?”

(Чарная: ) “А мы, старыя, ня ведаем куды. Ніхто да нас не прыяжджае, ніхто не пытаецца. А які сэнс ад таго, што мы сустрэнемся зь імі? Летась пісала заяву, каб далі дапамогу, бо печку трэба было паправіць. Нічога не сказалі, нічога не далі”.

Сын спадарыні Юліі Аляксей яшчэ ня так даўно марыў зьехаць у горад. А паглядзеў, як справы на гаспадарцы ідуць, і зьмяніў свае намеры.



(Аляксей: ) “Вучуся ў школе ў 11-й клясе”.

(Карэспандэнт: ) “Куды пасьля? Чым займацца будзеце?”

(Аляксей: ) “Нядаўна адчыніўся факультэт “Гасьцініцы і турызм”. Пайду туды. З часам гэта будзе вельмі раскручаная справа”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я разумею, вы будзеце спадкаемцам у сямейным бізнэсе. Што бы вы тут хацелі бачыць у будучыні?”

(Аляксей: ) “Возера трэба было б пачысьціць. А пасьля прыцягнуць сюды аквалянгі і катамараны”.

(Карэспандэнт: ) “Хочаце стаць пачынальнікам дайвінгу ў Глыбоцкім раёне?”

(Аляксей: ) “А чаму б і не”.

Дайвінг на Глыбоцкіх азёрах — гэта недалёкая будучыня. А пакуль у Валодзькаве можна атрымаць асалоду ад мінімуму цывілізацыі і максымуму свабоды.
XS
SM
MD
LG