Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія палітыкі крытыкуюць Аляксандра Квасьнеўскага, за тое, што ён не выказваецца аб сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Шэраг польскіх палітыкаў, а таксама пераважная большасьць насельніцтва гэтай краіны лічаць, што наконт перасьледу палякаў у Беларусі як мага хутчэй павінен выказацца прэзыдэнт Алякандар Квасьнеўскі, які дагэтуль ніяк не камэнтаваў сытуацыю.

Паводле дазеных апытаньняў грамадзкай думкі, амаль 80% палякаў лічаць, што прэзыдэнт іхнай краіны павінен неадкладна выказацца ў сытуацыі, калі ў іншай краіне перасьледуюць палякаў.

Так лічаць і прадстаўнікі парлямэнцкай апазыцыі.

(Уяздоўскі: ) “Тое, што Аляксандар Квасьнесўкі маўчыць і нічога ня робіць, немагчыма ніяк патлумачыць – гэта непрымальна”, – кажа віцэ-спікэр Сэйму Казімеж Уяздоўскі з партыі “Закон і справядлівасьць”.

Да рашучых дзеяньняў прэзыдэнта Квасьнеўскага заклікаюць і іншыя вядомыя палітыкі – мэр Варшавы Лех Качыньскі, лідэр партыі Ліга польскіх сем’яў Раман Гертых, дэпутат эўрапарлямэнту Міхал Каміньскі і іншыя.

Кіраўніца канцэлярыі прэзыдэнта Квасьнеўскага Яланта Шымонэк-Дэрэш, кажа, што прэзыдэнт, які знаходзіцца цяпер у адпачынку, вядзе актыўныя кансультацыі ў гэтай справе зь іншымі лідэрамі, сярод якіх кіраўнікі Нямеччыны, Літвы, Украіны.

(Шымонэк-Дэрэш: ) “Толькі аналіз сытуацыі і далейшае разьвіцьцё падзеяў могуць прывесьці да таго, што прэзыдэнт выкажэцца ў гэтай справе”.

Між тым некаторыя адмыслоўцы лічаць, што Аляксандар Квасьнеўскі робіць правільна, бо ягонае ўмяшаньне магло б толькі пагоршыць сытуацыю і лепш, калі справай займаюцца дыпляматы зь Міністэрства замежных справаў.
XS
SM
MD
LG