Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машыніст будзе судзіцца з адміністрацыяй мэтрапалітэну


Вячаслаў Кулік, Менск Работнік менскага мэтро Алег Шчэрба накіраваў пазоўную заяву ў суд Маскоўскага раёну сталіцы. У якасьці адказьніка называецца адміністрацыя Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства (КУП) “Менскі мэтрапалітэн”. Заяўнік лічыць, што яго перасьледуюць за тое, што ён даў сьведчаньні камісіі ў пытаньнях дазнаньня Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Алег Шчэрба працуе на менскім мэтро 22 гады – ад 1983-га. Сёлета ён быў вызвалены з пасады кваліфікаванага машыніста. Па словах начальніка аддзелу кадраў Менскага мэтрапалітэну Анатоля Сарокіна, 18 сакавіка гэтага году ў 21 гадзіну 25 хвілін на станцыі “Пралетарская” машыніст Шчэрба адчыніў дзьверы электрацягніка на правы бок, чым парушыў службовую дысцыпліну.

(Сарокін: ) “У Працоўным кодэксе няма такога дысцыплінарнага пакараньня, як перавод на працу зь ніжэйшым заробкам. Але ёсьць “Палажэньне аб дысцыпліне работнікаў чыгуначнага транспарту” – такі лякальны прававы акт. Паводле яго, Шчэрбу зьнялі зь цягніковай працы і адправілі ў сьлесары”.

Сам Алег Шчэрба правіны не прызнае. Ён кажа, што бясьпеку цягніка кантралюе электроніка, а яго нібыта “падставілі” дзяжурныя міліцыянты. Тыя, па словах спадара Шчэрбы, і зьяўляюцца адзінымі сьведкамі здарэньня. У заяве ў суд машыніст цьвердзіць аб прафсаюзнай дыскрымінацыі. У 2000 годзе ён стварыў суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу, а ў 2004 годзе сьведчыў пра парушэньні на Менскім мэтрапалітэне камісіі ў пытаньнях дазнаньня Міжнароднай арганізацыі працы, прадстаўнікі якой наведвалі тады Беларусь.

(Шчэрба: ) “Калі мяне выклікаў начальнік мэтрапалітэну Андрэеў, то ён мне сказаў: “У цябе будуць непрыемнасьці з-за гэтага прафсаюзу”. Я, аднак, не даў увагі гэтым словам. Але яны хутка спраўдзіліся. Літаральна цягам месяца – двух апынуўся сьлесарам”.

Мы будзем далей сачыць за разьвіцьцём гэтага судовага канфлікту. І ў сувязі зь ім варта нагадаць, што 17 жніўня будзе роўна 10 гадоў, як у Менску пачаўся шматдзённы страйк мэтрапалітэнаўцаў. Улады тады прызналі яго незаконным, адміністрацыя звольніла вялікую групу актыўных удзельнікаў. Якія лёсы гэтых людзей?

У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў мне паведамілі, што адзін былы машыніст памёр, яшчэ адзін моцна хворы, астатнія працаўладкаваныя, вядома, не па сваім профілі. Як кажа юрыст кангрэсу Ўладзімер Адынец, прафсаюзы не пакінулі былых страйкоўцаў без дапамогі.

(Адынец: ) “У 1995 годзе былі звольненыя больш як 50 чалавек. Яны не адноўленыя ў сваіх правох. Гэта дрэнны прэцэдэнт. Беларускі бок ратыфікаваў канвэнцыі МАП і павінен выконваць свае абавязкі. Бо тое, што не вырашаецца, дазваляе нашаму кіраўніцтву працягваць дрэнныя справы. Беларусь унесеная ў сьпіс – параграф МАП. Гэта “чорны сьпіс”. У мінулым годзе працавала камісія ў пытаньнях дазнаньня. І паколькі выкарысталі крайнюю меру, то, калі ня будуць выконвацца рэкамэндацыі беларускаму ўраду цяпер, трэба чакаць санкцыяў эканамічнага характару”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG