Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пэнсіянэры спадзяюцца толькі на гарод


Іна Студзінская, Менск У Беларусі на кожных 100 працаўнікоў прыпадае 60 пэнсіянэраў. Чвэрць насельніцтва краіны – людзі пэнсійнага веку. І лічбы гэтыя штогод растуць. Але, як заявіў учора Аляксандар Лукашэнка, памеры пэнсіяў беларусаў у паўтара разу вышэйшыя, чым, да прыкладу, у Расейскай Фэдэрацыі, і жывуць беларускія пэнсіянэры значна лепш за суседзяў.

Аляксандар Лукашэнка назваў пэнсіянэраў “самай сьвядомай часткай грамадзтва і асновай стабільнасьці ў краіне”. Чаму? Вось прэзыдэнцкае тлумачэньне: “У Беларусі, у адрозьненьне ад суседніх краінаў, пэнсіянэры не выстаўляюць уладзе вялікіх прэтэнзіяў”, – яны разумеюць, што краіне нялёгка…

Але далёка ня ўсе беларускія пэнсіянэры задаволеныя сваім жыцьцём. Меркаваньне былой сельскай настаўніцы:

(Спадарыня: ) “Што за тыя грошы, за тую пэнсію можна купіць? Асабліва на вёсцы. Трымаць гаспадарку пэнсіянэры ўжо ня могуць, добра ў каго тут побач радня якая ёсьць, ці сыны, ці дочкі. А як адзін жыве? Во каля мяне суседка – 170 тысяч пэнсіі атрымлівае. Унучка ў яе на ўтрыманьні. Той пэнсіі ніколі не хапае. Ніколі! Добра, што яшчэ бульба ёсьць. Я чула, што ён гаварыў. Гэта проста красамоўныя словы, якія ён заўсёды гаворыць. Каб я яшчэ не рабіла, гароду таго не глядзела, дзьвюх кароў не трымала, пакуль сілы ёсьць, дык што б я за гэтыя 200 тысяч купіла? Ну што рабіць, калі такая наша доля?”

(Карэспандэнтка: ) А ці верыце вы, што нешта палепшыцца?

(Спадарыня: ) “Не-не! Я ўжо нікому ня веру. Я асабіста ня веру ні ў якія словы, што ён там гаворыць, Аляксандар наш Рыгоравіч, ні таму, што ён абяцае. Можа, каму ад гэтага й лепш, а я бачу, што нічога ня лепш”.

Пэнсійная сыстэма краіны нясе “велізарныя, калясальныя выдаткі – каля трох мільярдаў даляраў у год”, адзначыў Аляксандар Лукашэнка на ўчорашняй нарадзе і патлумачыў гэта ростам арміі пэнсіянэраў. Эканамісты, аднак, лічаць, што многае залежыць не ад колькасьці непрацаздольнага насельніцтва, а ад прынцыпу ўтварэньня пэнсійнага фонду.

Меркаваньне Міхала Залескага:

(Залескі: ) “Прынцып стварэньня пэнсійнага фонду ў нас салідарны – я цяпер працую на тое, каб старыя атрымлівалі пэнсію. А мае дзеці мусяць працаваць на тое, каб пэнсію атрымліваў я. І ў такім выпадку чым больш пэнсіянэраў у складзе насельніцтва, тым інтэнсіўней павінны працаваць астатнія. Калі пэнсія назапашваецца чалавекам на працягу яго жыцьця рэальна, то ён можа існаваць незалежна ад таго, мае ён працавітых дзяцей ці не. Вось тут самая галоўная праблема”.

Ува ўсіх цывілізаваных краінах, і нават у Расеі, ствараюцца так званыя намнажальныя пэнсійныя фонды, калі працаздольны чалавек сам клапоціцца пра сваю будучыню – празь пералічэньне часткі заробку ў адмысловы фонд. Чаму Беларусь не ідзе на гэта? Спадар Залескі лічыць, што прычына – у адсутнасьці эканамічных умоваў: няма стабільнай валюты, стабільнай эканомікі.

(Залескі: ) “У нас усё трымаецца на адной толькі вэртыкалі, а гарызанталі няма. Прынцып дзяржавы бюракратычны, прынцып эканомікі таксама бюракратычны. І таму ніхто не спадзяецца, што калі, прыкладам, я панясу грошы ў нейкі банк, то праз колькі дзясяткаў гадоў я сабе на пэнсію атрымаю грошы. Гэта самы галоўны паказчык эканомікі, рэйтынгавасьці эканомікі – тое, што людзі не назапашваюць сабе на пэнсію. У нас няма рэальных пэнсійных фондаў, у якія верыла б значная частка грамадзтва”.

Такім чынам, нават калі сьвядомыя людзі, не спадзеючыся на дзяржаву, захацелі б самі забясьпечыць сабе нябедную старасьць, пакуль што гэтага не атрымаецца. Застаецца спадзявацца, як і раней, што выратуе гарод і лецішча.

Кандыдата эканамічных навук Міхала Залескага я таксама адарвала ад працы на гародзе, у сваякоў з Горацкага раёну.

(Залескі: ) “Я якраз быў на гародзе цяпер і бачыў там усіх пэнсіянэраў у адпаведнай пазыцыі. Таму што калі ўзяць прыбыткі пэнсіянэраў, то ў нас пераважная бальшыня пэнсіянэраў, і наагул 54 % насельніцтва, другой крыніцай прыбыткаў, акрамя заробнай платы, маюць гарод. Гэта азначае, што ў нас адбываецца інтэнсіўная дэіндустрыялізацыя краіны. Ні ў бок Эўропы, ні ў бок Кітаю, а ў свой спэцыфічны бок – на гарод”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG