Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя public relations у Беларусі – у зародкавым стане?


Сьвятлана Курс, Менск Улады Беларусі зьвінавацілі дэпутатаў польскага Сэйму, якія прыехалі падтрымаць чальцоў Саюзу палякаў Беларусі, у спробе правесьці перадвыбарчую піяр-акцыю. Наша карэспандэнтка высьвятляла ў палітыкаў і спэцыялістаў у сфэры піяру, ці якасна прэзэнтуюць сябе беларускія палітыкі і беларуская дзяржава.

Палітычныя партыі і лідэры Беларусі карыстаюцца паслугамі PR-спэцыялістаў, аднак, падаецца, ня надта вераць у сілу PR-тэхналёгіяў. Гаворыць адзін з кіраўнікоў АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Public relations (PR) запатрабаваны ў краіне, дзе ёсьць публічная палітыка. У нас жа ўсё робіцца для таго, каб гэтую публічнасьць зьліквідаваць. На жаль, ёсьць спэцыялісты ў сфэры камэрцыйнай рэклямы й піяру, якія пабойваюцца працаваць з палітычнымі партыямі. Але, тым ня менш, мы зьвярталіся да прафэсіяналаў, псыхолягаў і сацыёлягаў, выносілі на абмеркаваньне фокус-групаў. Цяпер важна, каб была рашучая асоба, зь якой зьвязваліся б надзеі на вяртаньне да дэмакратычнага шляху разьвіцьця. Паміж дзеючым і новым прэзыдэнтам павінен быць кантраст”.

(Карэспандэнтка: ) “Беларускія выбарцы галасуюць розумам ці сэрцам?”

(Дабравольскі: ) “І тым, і тым. Розумам, на жаль, яшчэ недастаткова”.

Сучасная навука ў галіне public relations сьцьвярджае, што на 70 % людзі выбіраюць ня розумам, а інтуіцыяй. Выгляд кандыдата – часта адзіная рэч, на якую глядзіць выбаршчык. Таму кандыдаты ведаюць, як сесьці, скласьці рукі, усьміхацца, гаварыць, кім сябе прадстаўляць – бацькам нацыі, капітанам карабля, мудрым аксакалам, стрыманым мэнэджэрам, свойскім хлопцам ці барацьбітом супраць зла. Існуюць сотні палітычных іміджаў. Псыхоляг Ірына Радчанка, спасылаючыся на ўласныя дасьледаваньні і дасьледаваньні амэрыканскіх калегаў, сьцьвердзіла: выбарцы ўва ўсім сьвеце хочуць галасаваць за паважную асобу, трохі нават велічную, добра апранутую, зь нізкім голасам. Палітык павінен быць не эксцэнтрычны, але выразны і рашучы, мець добры перадвыбарчы лёзунг. У палітыка ня можа быць стомленага твару, прыгаслых вачэй. Лепей абысьціся й без акуляраў. Не вітаюць выбарцы дзіцячага твару. Круглы твар, вялікія вочы, малыя нос і вусны ствараюць ўражаньне наіўнасьці, слабасьці і некампэтэнтнасьці.

У маладога дэмакратычнага палітыка Алеся Міхалевіча, дэпутата Мар’інагорскага гарсавету ад БНФ, жонка – спэцыяліст у сфэры PR.

(Міхалевіч: ) “Я выкарыстоўваў некаторыя тэхналёгіі. PR працуе нават у самых таталітарных і дзікіх краінах. Для палітычных кампаніяў 90 % азначае праца і 10% – тэхналёгіі. Я мусіў карэктаваць свой імідж, бо я меў на сабе імідж партыі БНФ. Нашыя кандыдаты мусяць быць чалавечнымі, даступнымі, усьмешлівымі і зразумелымі людзям, таму што нам створаны імідж партыі, якая хоча праводзіць жорсткую палітыку”.

Спэцыялісты ацэньваюць беларускі рынак PR-тэхналёгіяў як недастаткова разьвіты. Гаворыць кіраўнік інстытуту грамадзкіх сувязяў Ігар Сакалоў:

(Сакалоў: ) “Тэхналёгіі палітычных кампаніяў складаюць каля 4 %. Астатнюю частку складае дзяржаўны піяр, бізнэс-камунікацыі і грамадзкія арганізацыі”.

На думку спэцыялістаў, PR-стратэгія ў цяперашняй беларускай дзяржавы адсутнічае. Яе імідж – сума іміджаў дзяржаўных палітыкаў. Таму Беларусь успрымаецца як “музэй сацыялізму, дзе жывуць панурыя пакорлівыя людзі пад кіраўніцтвам неадукаванага дыктатара”. Я цытую выказваньне польскага дасьледчыка PR-тэхналёгіяў”.

У сучасным дыскурсе public relations трактуюцца як тэхналёгіі, закліканыя кіраваць свабоднымі людзьмі. Для кіраваньня людзьмі паднявольнымі існуе іншая тэхналёгія – прымус, рэпрэсіі, хлусьня, шальмаваньне апанэнта. У Беларусі жывуць людзі і свабодныя, і запрыгоненыя. Таму мае сэнс дастасаваньне абедзьвюх тэхналёгіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG