Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэсавы сакратар Саюзу палякаў Анджэй Пісальнік галадае за кратамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Прэс-сакратар новага кіраўніцтва Саюзу палякаў Анджэй Пісальнік з аўторка галадае ў міліцэйскім ізалятары ў Шчучыне. Галадоўкаю Пісальнік пратэстуе супраць незаконнага ўтрыманьня яго за кратамі. На сёньня прызначаны суд над Анджэем Пісальнікам у Лідзе.

Учора ў другой палове дня Анджэя Пісальніка наведаў у міліцэйскім ізалятары гарадзенскі адвакат Аляксандар Бірылаў. Анджэя Пісальніка ўжо дастаўлялі ў лідзкі суд, ён падаў хадайніцтва аб адвакацкай дапамозе, судзьдзя хадайніцтва задаволіў і, наколькі вядома, быў гатовы адпусьціць журналіста, але міліцыянты мелі загад завезьці яго назад у шчучынскі ізалятар. Каб падпісаць дамову з кліентам, адвакат сам мусіў прыехаць у Шчучын. Вось пра што даведаўся Аляксандар Бірылаў пасьля сустрэчы з Анджэем Пісальнікам:

(Бірылаў: ) “Ён лічыць, што незаконна знаходзіцца ў цяперашні момант ў вязьніцы. Я таксама лічу, што гэта незаконна. Ён патрабаваў сустрэчы з пракурорам, які назірае за законнасьцю ў месцах агульнага ўтрыманьня, ён падаў сваю скаргу яму аб тым, што ўтрымліваецца незаконна, і цяпер пракуратура шчучынская будзе разьбірацца з гэтым пытаньнем”.

Трэба сказаць, што становішча Анджэя Пісальніка даволі няпростае. Яго затрымалі ў Горадні каля Саюзу палякаў, завезьлі ў іншы горад – за 60 кілямэтраў, пасадзілі за краты. Назаўтра павезьлі ў наступны горад – яшчэ за 50 кілямэтраў, завялі ў суд, а потым даставілі назад у Шчучын і пасадзілі зноў за краты.

Спадара Пісальніка вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі сяброў Саюзу палякаў у Шчучыне 3 ліпеня. Людзі ў Саюзе палякаў з гэтага абвінавачваньня амаль ужо іранізуюць: Анджэй Пісальнік – чацьверты на чарзе, каго хочуць пакараць за сьвята польскай песьні. Сьвята хацелі правесьці ў Доме польскім у Шчучыне, туды прыехалі актывісты Саюзу палякаў з Горадні, прыехаў генэральны консул Польшчы. Але дзьверы былі замкнутыя, нікога ўсярэдзіну не пусьцілі, нават польскага дыплямата, хаця дом пабудаваны на грошы Польшчы. У выніку народныя хоры мусілі сьпяваць на ганку. А трэба сказаць, што там было шмат міліцыі, сьвята фільмаваў міліцэйскі апэратар. Трох удзельнікаў сьвята – Пажэцкага, Пачобута і Яскевіча – пасадзілі раней, на 10 – 15 сутак, сядзяць яны ў Лідзе. А Анджэя Пісальніка не было на месцы, калі іх затрымалі. Таму да яго чарга дайшла пазьней.

Адвакат Аляксандар Бірылаў не выключае, што яго таксама могуць пакараць сёньня арыштам. Атрымаецца тады, што мужчыны-актывісты Саюзу палякаў, якія падтрымліваюць Анжаліку Борыс, у большасьці будуць за кратамі – улучна з Тадэвушам Гавіным і Веславам Кеўлякам, якіх пасадзілі ў Горадні.
XS
SM
MD
LG