Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2004 годзе ў Беларусі памерла на 51 тысячу людзей болей, чым нарадзілася


Галіна Абакунчык, Менск Агляд незалежнага друку за 4 жніўня.

У сёньняшнім нумары “Народнай волі” сябра апазыцыйнай фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня Сяргей Навумчык аспрэчвае словы лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, што “на пачатку 1990-х гадоў Лукашэнка быў апантаным прыхільнікам свабоды слова, незалежнасьці суду і праўдзівых выбараў”, а таксама “ледзь ня стаў намесьнікам Зянона Пазьняка”. “Лукашэнка ніколі не выступаў за незалежнасьць Беларусі і ўжо толькі з гэтай прычыны ня мог быць нават шараговым сябрам БНФ, ня кажучы пра пасаду намесьніка лідэра БНФ”, – заявіў газэце Сяргей Навумчык.

Яшчэ ў адным артыкуле ў “Народнай волі” гаворыцца, што “нягледзячы на абвешчаны з афіцыйных трыбунаў эканамічны рост і дабрабыт, насельніцтва Беларусі зьмяншаецца”. Так, летась у нашай краіне памерла на 51 тысячу чалавек болей, чым нарадзілася. Гэта колькасьць жыхарства некаторых раёнаў Беларусі, зазначае газэта.

“Хто стаў крыніцай глускага мэнінгіту?” – такое пытаньне ставіць загалоўкам аднаго з артыкулаў газэта “Вечерний Бобруйск”. Размова ідзе пра выбух захворваньня, які здарыўся ў горадзе на мінулым тыдні. Тады на мэнінгіт захварэлі 17 дзяцей, некалькі зь іх і цяпер знаходзяцца ў бабруйскім шпіталі. Паводле галоўнага доктара гораду, узбуджальнікам інфэкцыі стаў адзін з супрацоўнікаў дзіцячага садка.

Газэта “Курьер из Борисова” сёньня друкуе артыкул пад назваю-пытаньнем “Гульні маладых ці шэсьце?” Гаворка вядзецца пра тое, што мясцовы моладзевы цэнтар “Волат” пры Таварыстве беларускай мовы праводзіць спаборніцтвы дваровых футбольных камандаў “Кубак Незалежнасьці”. Кожны год у спартовай імпрэзе прымаюць удзел па некалькі камандаў з розных гарадоў Беларусі. Турнір праходзіць пяты год запар, аднак сёлета спаборніцтвы сапсавалі мясцовыя міліцыянты. Акрамя мячоў і сетак, юныя футбалісты несьлі на стадыён кутнія бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Міліцыянты затрымалі ўсіх, хто нёс гэтыя сьцяжкі, і склалі на іх пратаколы паводле артыкулу аб несанкцыянаваным шэсьці, паведамляе “Курьер из Борисова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG