Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

3 жніўня адбылося Кобрынскае паўстаньне


RFE/RL Каляндар Свабоды – 3 жніўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 3 жніўня.

3 жніўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень чыгуначніка. Яшчэ ў царскай Расеі беларусы лічыліся найлепшымі будаўнікамі чыгунак, а сёньня ў самой Беларусі агульная працягласьць чыгуначнага палатна складае каля шасьці тысяч кілямэтраў. Праўда, шырыня каляіны засталася ранейшаю з расейскіх царскіх часоў, і таму на заходніх межах беларускія цягнікі мусяць кожнага разу мяняць колы на эўрапейскія.

3 жніўня 1933 году адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Тады падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі супраць польскае ўлады сяляне Кобрынскага павету лікам 100 чалавек, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

3 жніўня 1923 году прыйшоў на сьвет менскі падпольшчык Мікола Кедышка. Ён нарадзіўся ў Менску, а ў часе вайны разам зь сябрамі стварыў буйную падпольную групу “Андруша”. Яны рабілі дывэрсіі на гарадзкой электрастанцыі і хлебазаводзе. Загінуў Кедышка ў баі з гітлераўцамі, якія напалі на явачную кватэру. У Менску імем падпольшчыка названая вуліца.

Цікава, што акурат у цяперашні Дзень чыгуначніка ў 1943 годзе ў Беларусі пачалася апэрацыя “рэйкавая вайна”. Хоць падрывалі цягнікі мясцовыя партызаны, плянавалася апэрацыя з Масквы, бо была часткаю агульнага наступу Чырвонае арміі. У часе “рэйкавай вайны” былі паралізаваныя перавозкі немцаў на ўсіх беларускіх дарогах. Удзельнічала ў дывэрсіях 240 тысяч партызанаў, а выбухі на чыгунцы прагрымелі больш чым у дзесяці тысячах месцаў.

11 гадоў таму, 3 жніўня 1994 году Аляксандар Лукашэнка ўпершыню ў якасьці прэзыдэнта Беларусі наведаў расейскую сталіцу. Ад прыхільнасьці расейскага кіраўніцтва залежала будучыня ягонага прэзыдэнцтва. Лукашэнка хацеў захаваць эканамічныя льготы, якіх дамогся Вячаслаў Кебіч. Тагачасны расейскі прэм''ер Віктар Чарнамырдзін паабяцаў дапамагчы Беларусі "парадай і грашыма". "Яны гаварылі са мной як з роўным. Я рады, што Расея зразумела і падтрымала мяне", – узрушана дзяліўся Лукашэнка сваімі ўражаньнямі.
XS
SM
MD
LG