Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 3 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 3 жніўня.

“Звязда”, 1935 год:

“Лошыца 1-а ляжыць у 5 кілометрах ад Менска. На 360 гектарах раскінуліся вопытныя палі плодаягаднай і пчалярнай станцый, вопытныя сады і выхаваннікі, плантацыі маліны, смародзіны, агрэсту. У Лошыцы сабрана 2.600 сартоў (амаль сусветная калекцыя), у тым ліку сто сартоў выведзеных В.І.Мічурыным. Над усімі гэтымі сартамі вядуцца навуковыя даследванні ва ўмовах БССР. Вывучаны і правяраюцца 900 сартоў яблыні, 200 — грушы, 400 — вішні і чарэшні, 237 — слівы, 90 — маліны, 90 — смародзіны, 47 — суніцы і клубнікі, 20 — агрэсту, 71 — вінаграду і 20 сартоў іншых раслін (рэвень, акцінія і інш.)”.

“Звязда”, 1955 год:

“У рэстаране “Нёман” гор. Мінска штодзённа гатуюцца і ёсць у вялікім выбары беларускія нацыянальныя стравы: суп грыбны з вушкамі, халаднік “Беларусь”, боршч беларускі, кіслая капуста з грэцкай кашай, рыбная поліўка, каўбаса сялянская з капустай тушанай, смажанка са свініны, мачанка з блінамі, грыбы смажаныя ў смятане і іншыя стравы. Пры рэстаране працуе буфет. Наведвайце рэстаран “Нёман”. Адрас: гор. Мінск, праспект імя Сталіна, 22”.

“Чырвоная змена”, 1985 год:

“Ліванскія патрыёты працягваюць наносіць удары па ізраільскіх захопніках і іх памагатых. Ліванскі юнак Алі Газі Талеб ахвяраваў жыццём, падарваўшы замініраваную машыну ў пункце сканцэнтравання ізраільскага патруля каля вёскі Арнун, на ўсход ад Набаціі. У выніку выбуху забіта і ранена 15 акупантаў, знішчаны бронетранспарцёр і аўтамашына”.
XS
SM
MD
LG