Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў пэнсіянэраў "самай сьвядомай" клясай грамадзтва


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі будуць прынятыя ўсе захады для абароны інтарэсаў пэнсіянэраў. Пра гэта 3 жніўня на нарадзе, прысьвечанай абмеркаваньню зьменаў пэнсійнага заканадаўства, заявіў Аляксандр Лукашэнка, паводле якога пэнсіянэры ёсьць “самай сьвядомай” часткай грамадзтва. Чым выклікана павышаная ўвага цяперашняй улады да гэтай катэгорыі насельніцтва? Ці маюць пэнсійныя пляны беларускага кіраўніцтва пэрспэктыву на доўгатэрміновы пэрыяд? Адказы на гэтыя пытаньні высьвятляў наш карэспандэнт.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, пэнсіянэры забясьпечваюць стабільнасьць цяперашняй беларускай дзяржавы. У адрозьненьні ад пэнсіянэраў суседніх краінаў яны не прад’яўляюць вялікіх прэтэнзіяў.

Як лічаць назіральнікі, менавіта палітычны разьлік вымушае беларускага лідэра трымаць пад кантролем настроі ў асяродзьдзі гэтай катэгорыі насельніцтва. Гаворыць намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Людзі, якія атрымліваюць грошы ад дзяржавы, заўсёды будуць падтрымліваць гэтую дзяржаву. І таму Лукашэнка, ведаючы, што будуць выбары, робіць ўсё для таго, каб яго электарат яго падтрымліваў і далей. Вось зараз сыстэма пабудавана такім чынам, што яна падабаецца такім як Лукашэнка. Бо вялікіх пэнсіяў зараз ніхто не атрымлівае, апроч вайскоўцаў ці тых, хто атрымлівае пэнсіі “за асаблівыя заслугі”, ці пэнсіяў, якія атрымліваюць па асобых указах ці дэкрэтах прэзыдэнта. Там названы пэрсаналіі. А тыя, хто не падабаецца, напрыклад, Грыб, Шушкевіч, Шарэцкі, то гэтыя не ўвайшлі ў сьпіс. Ён сам вырашыў, як і каму”.

Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся, каб ў верасьні быў ажыцьцёўлены пераразьлік пэнсіяў у бок павелічэньня. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, гэта будзе пазаплянавы пераразьлік. Між тым, паводле дасьведчаных асобаў, насамрэч, гэтая “шчодрасьць” штучная. Гаворыць аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Недзе два гады таму спадар Лукашэнка прыняў дэкрэт, у якім зьмяніў умовы пераразьліку пэнсіяў. Калі раней пэнсіі павялічваліся ў тым выпадку, калі сярэдні заробак па краіне павялічваўся на 10 працэнтаў, то ў адпаведнасьці з дэкрэтам спадара Лукашэнкі павелічэньне пэнісіяў адбываецца толькі тады, калі сярэдні заробак па краіне павялічваецца на 15 працэнтаў. Гэта азначае толькі тое, што пэнсіі сталі павышаць радзей”.

Дарэчы, Лукашэнка паскардзіўся, што на ўтрыманьне беларускай пэнісійнай сыстэмы выдаткоўваюцца вялізныя сродкі – 3 мільярды даляраў штогод. Аляксандр Сасноў мяркуе, што яна пабудавана нерацыянальным чынам:

(Сасноў: ) “Яна забірае аж 35 працэнтаў налічанай заработнай платы ад кожнага вытворцы, ад кожнага прадпрымальніка. Гэта зашмат. І зь цягам часу, так складваецца ў краіне дэмаграфічная сытуацыя, трэба будзе гэты працэнт падвышаць”.

Як лічыць Сяргей Балыкін, каб стварыць больш дасканалую і справядлівую пэнсійную сыстэму, у Беларусі павінны адбыцца эканамічныя рэформы. І наагул, на яго думку, пэнсійная сыстэма мусіць быць назапашвальнай:

(Балыкін: ) “Нам неабходна мець разьвітую рынкавую эканоміку. Бо грошы, што назапашваюцца, неабходна кудысьці ўкладваць. Таму трэба, каб існавалі рынкавыя інстытуты, інвэстыцыйныя інстытуты, каб яны прыносілі нейкія працэнты, прыбытак, зь якога і плацілі б пэнсіі пэнсіянэрам па выхадзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG