Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзінага кандыдата будуць абіраць па-за межамі Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня стала дзейная нарада дэмакратычных сілаў зацьвердзіла праект парадку дня Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў. Галоўным пытаньнем парадку дня кангрэсу будзе абраньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Арганізатары тчым часам шукаюць памяшканьне, якое можа ўмясьціць каля 800 дэлегатаў. У Беларусі – пакуль усе адмаўляюцца арэндаваць памяшканьне.

Галоўнае пытаньне парадку дня кангрэсу – абраньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Таксама на парадак дня выносяцца зацьвярджэньне палажэньня аб палітычнай радзе і нацыянальным камітэце, прыняцьцё зваротаў і рэзалюцый, а таксама пытаньне аб арганізацыйнай форме супольнай кааліцыйнай дзейнасьці і супольнай палітычнай кампаніі. Сярод важных пытаньняў парадку дня кангрэсу таксама прыняцьцё адзінай праграмы дзейнасьці дэмакратычных сілаў, канцэпцыя бачаньня будучай Беларусі.

Дакладная дата правядзеньня кангрэсу аднак пакуль ня вызначаная і залежыць ад таго, ці дазволяць улады правесьці яго ў Беларусі. Арганізатары зьвярнуліся ва ўладныя структуры, а таксама да адміністрацыяў шэрагу будынкаў, якія могуць прыняць каля 800 дэлегатаў. Пакуль – адусюль адмовы, нават са Слуцку і Асіповічаў прыйшлі адмоўныя адказы. Тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Пакуль што мы атрымоўваем адмоўныя адказы, іх больш за дзесяць. Яшчэ тры дні, і заканчваецца тэрмін, калі згодна зь дзейным заканадаўствам нам павінны даць адказ. Мы давалі права выбару, расьцягнута гэта ў часе і мажлівасьць розных варыянтаў. Мы сёньня абмяркоўвалі магчымасьць правядзеньня кангрэсу за межамі Беларусі, і амаль усе ўдзельнікі не выключаюць такую магчымасьць, калі ў Беларусі нам улада проста ня дасьць правесьці кангрэс. Ёсьць і такі пункт гледжаньня, што нам трэба правесьці толькі галасаваньне па адзіным кандыдаце. Але фармат кангрэсу значна шырэйшы”.

Найбольш верагодным месцам правядзеньня кангрэсу па-за межамі краіны разглядаецца Ўкраіна. Арганізатары мяркуюць, што дата правядзеньня кангрэсу можа быць перасунутая на другую палову верасьня альбо нават на пачатак кастрычніка. Мяркуецца паўторна правесьці сходы, на якія раней не ўдалося мець кворуму.

На паседжаньні сталай нарады дэмакратычных сілаў падсумаваныя вынікі правядзеньня сходаў па вылучэньні дэлегатаў на кангрэс. Яны ўжо адбыліся ў 75 рэгіёнах, абрана 150 дэлегатаў і яшчэ 71 сход неабходна правесьці.

Вось як ацэньвае падрыхтоўку да кангрэсу сябра аргкамітэту Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “У цэлым увесь гэты працэс ідзе нармальна, і мне вельмі прыемна, што ў рэгіёнах людзі ўсё больш і больш зацікаўленыя гэтым працэсам. Я зараз еду па дарозе ў горад Круглае, дзе таксама будзе сход, а да гэтага быў на сходах у розных гарадох. Гэта вельмі добра, што мы падключылі да гэтага працэсу многа людзей. Ужо больш за тры тысячы ўдзельнікаў сходаў, яны вылучаюць сваіх дэлегатаў. Усё ідзе правільна.”

Аргкамітэт у правядзеньні кангрэсу прапанаваў сьпіс VIP-пэрсонаў, якія будуць запрошаныя на кангрэс у якасьці дэлегатаў. Сярод іх Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Старавойтаў, Міхаіл Чыгір, Аляксандар Казулін, Васіль Лявонаў і іншыя вядомыя асобы. Таксама на кангрэс атрымаюць запрашэньні кіраўнікі беларускіх мэдыяў і прадстаўнікі самых буйных нацыянальных меншасьцяў: украінскага, польскага, габрэйскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG