Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка ўнутры краіны працуе са стратамі


Юлія Шарова, Менск Унутраныя пасажырскія перавозкі па-ранейшаму прыносяць страты беларускай чыгунцы. На даволі высокую агульную рэнтабэльнасьць сваёй працы чыгуначнікі выходзяць пераважна за кошт замежных перавозак ды некаторых іншых відаў дзейнасьці. Пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі заявіў начальнік Беларускай чыгункі Ўладзімер Жэрэло. Ён адзначае таксама, што беларусы наагул сталі меней езьдзіць цягнікамі.

Аб’ём пасажыраабарачэньня ў першым паўгодзьдзі сёлета агулам падвысіўся ўсяго на 0,1%, канстатуе начальнік Беларускай чыгункі. І хоць адкрываліся новыя чыгуначныя маршруты і рабіліся іншыя захады, каб завабіць падарожнікаў, болей цягнікамі беларусы езьдзіць ня сталі.

Кошт квіткоў на цягнікі ў Беларусі параўнальна невысокі. За 10-12 тысячаў рублёў чыгункай можна, напрыклад, дабрацца ад Менску да любога з абласных цэнтраў – у агульным вагоне.

За тыя ж грошы ў сталіцы можна ўзяць таксоўку й даехаць ад вакзала да мікрараёнаў Сухарава ці Ўручча. Адпаведна, больш прыбытковымі пасажыраперавозкі на чыгунцы ўнутры Беларусі ня сталі.

Са словаў Уладзімер Жэрэло, пасажыры аплачваюць толькі 39% ад рэальнага кошту квітка. Тарыфы ж на праезд у цягніках вызначае Міністэрства эканомікі, ня самі транспартнікі. Таму, кажа начальнік Беларускай чыгункі, падтрымліваць гаспадарку ў належным стане выпадае за кошт іншых прыбыткаў.

(Жэрэло: ) "Стратныя перавозкі, на жаль, пакрываюцца за кошт перакрыжаванага субсідаваньня. Міжнародныя перавозкі маюць рэнтабэльнасьць, як пасажырскія, гэтак і грузавыя. І плюс грузавыя перавозкі на ўвоз і вываз. Гэтая цана пакрывае стратнасьць унутраных нашых перавозак".

Агульная рэнтабэльнасьць Беларускай чыгункі, са словаў спадара Жэрэло, складае на сёньня 18,5%.

Людзі, зь якімі я пагутарыла на менскім чыгуначным вакзале, лічаць кошты на квіткі ў цягніках нармальнымі. Калі б іх падвысілі дзеля эканамічнай справядлівасьці, пасажыраў гэта не задаволіла б.

(Спадарыня: ) "Абурыліся б, канечне ж. Квіткі на аўтобусы-тралейбусы падаражэлі, людзі ўсе абураюцца".

(Дзяўчына: ) "Я б не сказала, што цэны такія ўжо нізкія. Канечне, яны невысокія, але цалкам дастаткова".

(Хлопец: ) "Калі падвысяць заробак, то няхай падвышаюць і цэны".

(Іншая дзяўчына: ) "З аднаго боку прыймальныя, але для нас гэта задорага".

(Іншы хлопец: ) "Цэны падвышаць ня варта".

(Жанчына: ) "Праязны білет на месяц, нават трэцяя зона, я на Пціч ежджу, каштуе 23 тысячы. У адносінах да майго заробку гэта практычна 10 працэнтаў, гэта вельмі шмат".

(Дзяўчына: ) "Шмат моладзі, калі паглядзець, езьдзяць зайцам. Для некаторых гэта можа й дорага нават".
XS
SM
MD
LG