Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераліцэнзаваньня няма, бо "чалавек сышоў у адпачынак"


Ігар Карней, Менск Плянавалася, што ад 1 жніўня Міністэрства спорту і турызму будзе пазбаўляць ліцэнзіі на дзейнасьць тыя фірмы, якія не прайшлі пераліцэнзаваньне. Згодна з новаўвядзеньнямі, усе турфірмы мусілі падпісаць дамоўленасьці з замежнымі юрыдычнымі асобамі, якія будуць адпраўляць у Беларусь турыстаў. Але аказалася, што ў міністэрстве папросту няма каму прааналізаваць вынікі пераліцэнзаваньня.

Паводле ранейшых абяцаньняў Міністэрства спорту і турызму, ад 1 жніўня дзейнасьць турфірмаў, якія не прайшлі пераліцэнзаваньне, аўтаматычна павінна была лічыцца незаконнай. Аднак праз два дні пасьля акрэсьленай даты фірмы, якія нават не падалі дакумэнты на перарэгістрацыю, не атрымалі ніякіх папераджальных лістоў і працуюць у ранейшым рэжыме.

Некаторыя назіральнікі лічаць, што неразьбярыха з пераліцэнзаваньнем палягае ў прызначэньні новым кіраўніком Міністэрства спорту і турызму Аляксандра Грыгарава, які дагэтуль ніяк не перакрыжоўваўся з турыстычнай сфэрай. А цяпер, маўляў, мусіць вывучаць сытуацыю з нуля. Аднак у самім ведамстве патлумачылі, што прычына адтэрміноўкі ў вынясеньні выракаў больш, чым банальная – адказная за пераліцэнзаваньне асоба сышла ў адпачынак.

(Супрацоўніца ўпраўленьня: ) “Пакуль ня можам нічога сказаць, вынікі не падсумаваныя: чалавек, які займаецца пераліцэнзаваньнем, сышоў у адпачынак. Ня зробленыя ні ліцэнзіі, ні дакумэнты не падлічаныя, нічога”.

Маніторынг дзейнасьці турапэратараў засьведчыў: у лепшым выпадку толькі кожная дзесятая ад сямі сотняў зарэгістраваных турфірмаў можа забясьпечыць мінімальныя ўмовы прыёму замежнікаў. Тым ня меней, згодна з патрабаваньнем Саўміну і на падставе Пратаколу даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі, міністэрства пагражала неадкладна ануляваць ліцэнзіі фірмаў, якія не падпарадкаваліся загаду.

Самі прадстаўнікі турфірмаў кажуць, што дзяржава пры гэтым не зрабіла нічога, каб зацікаўленымі ад такой формы працы былі рэгіёны, куды турфірмы, перадусім, і мусяць вывозіць замежных турыстаў.

Гаворыць кіраўніца фірмы “Віаполь” Галіна Патаева:

(Патаева: ) “Калі ў нас не камунізм, а рынкавыя адносіны, то тады грошы маюць не апошняе значэньне. І калі мы гаворым аб тым, што ў краіне павінен разьвівацца ўнутраны турызм, то трэба зрабіць, каб у гэтым былі зацікаўленыя тыя гарады, тыя аб’екты, куды мы едзем. Цяпер такая сытуацыя, што Нясьвіж, Мір, Слонім не зацікаўленыя, каб да іх прыяжджала як мага больш турыстаў.

На разьвіцьці ўнутранага турызму трошкі зарабляе турысцкая фірма, якая арганізуе паездку, аўтобусны парк, які дае аўтобус. Крыху зарабляе экскурсавод. Але абсалютна няма ніякай выгады ад таго, што прыяжджаюць турысты, тым жа Міру, Нясьвіжу, Слоніму. А турыстам там папросту няма чаго рабіць. Экскурсавод паказаў аб’екты, і ўсё. Але людзі хацелі б падсілкавацца, набыць сувэнір (а ня проста прымітыўную паштоўку). Хацелася б чагосьці большага”.

Нават турфірмы, якія не сумняюцца ў станоўчым выніку перарэгістрацыі, паколькі маюць юрыдычныя пагадненьні з замежнымі партнэрамі на дастаўку турыстаў у Беларусь, лічаць падобныя патрабаваньні, збольшага, фікцыяй: гаварыць пра ўязны турызм у адсутнасьць інфраструктуры не выпадае.

(Супрацоўніца турфірмы: ) “Нават вялікія фірмы, якія працуюць на прыём – “Белінтурыст”, “Зьнешінтурыст” – прымаюць пераважна спартоўцаў і селяць іх у гатэлях на час спаборніцтваў. Уся астатняя праца па Беларусі вядзецца праз цэнтар “Курорт” кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, празь які прафсаюзы сваіх людзей уладкоўваюць у розныя “здраўніцы”. Таму, у асноўным, усё “зацыклена” на арганізаваных прыёмах. Дарэчы, вельмі любяць габрэі езьдзіць па знакавых для сябе мясьцінах – у гатэлі начуюць і далей едуць. Вось і ўвесь прыём. Мы гэтак жа будзем рабіць, толькі цяпер яшчэ чырвонай птушачкай будзем пазначаць – прынялі, і яшчэ экскурсію правялі”.

Што да адсутнасьці зацікаўленасьці ў арганізацыі ўязнога турызму на месцах, адмыслоўцы гэта тлумачаць так: цяпер усе прыбыткі ідуць у цэнтралізаваны бюджэт, тады як лягічна было б пакінуць частку сродкаў на разьвіцьцё інфрастуктуры канкрэтнаму рэгіёну.
XS
SM
MD
LG