Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне польска-расейскіх стасункаў?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Рэзка абвастрыліся ня толькі польска-беларускія, але і польска-расейскія стасункі. Масква заяўляе, што напад у польскай сталіцы на падлеткаў – дзяцей расейскіх дыпляматаў стаў праявай моцных антырасейскіх настрояў у краіне. Варшава выказвае шкадаваньне з нагоды інцыдэнту, але заяўляе, што ён ня мае ніякага дачыненьня да палітыкі, а ёсьць звычайным крыміналам. Аналітыкі ж бачаць сутнасьць разнагалосьсяў больш глыбокай.

Паводле расейскіх інфармацыйных агенцтваў трох расейскіх падлеткаў, дзяцей дыпляматаў білі ў варшаўскім парку 15 польскіх юнакоў і пры гэтым выкрыквалі антырасейскія лёзунгі. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў напад “недружалюбным актам, які нельга інакш кваліфікаваць як злачынства”. Масква запатрабавала афіцыйных прабачэньняў у Варшавы. Але польскі ўрад заявіў, што ня будзе прасіць прабачэньня, бо разглядае інцыдэнт як звычайную крымінальную справу.

Польская “Газэта Выборча” піша, што дарадца прэзыдэнта Расеі Глеб Паўлоўскі скардзіўся ў часе нядаўняга наведваньня Варшавы, што “палякі гавораць пра расейцаў так, як антысэміты пра габрэяў”.

На гэта міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд адказаў, што расейскія палітычныя дзеячы проста шукаюць ворага і знаходзяць яго ў Польшчы.

Расейскія аналітыкі называюць гэты напад “злачынствам нянавісьці” і зьвязваюць яго з характэрнымі для Польшчы антырасейскімі настроямі. Дырэктар Маскоўскага Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Барыс Макаранка бачыць вытокі антырасейскіх настрояў у гістарычным мінулым.

(Макаранка: ) “Антырасейскія настроі ў Польшчы існуюць ужо болей як 200 гадоў, зразумела, на якой глебе. Я зусім не зьбіраюся апраўдваць Расею і за тры падзелы Польшчы, і за шмат іншае. Але гэтыя антырасейскія настроі нарасталі ў Польшчы і ў апошнія дзесяцігодзьдзі. І гэтаму шмат сьведчаньняў.”

Якуб Баратынскі, дырэктар міжнародных праграмаў польскага Фонду Стэфана Баторы, кажа, што Макаранка не заўважае факту, што антырасейскія пачуцьці істотна зьменшыліся пасьля далучэньня Польшчы да Эўразьвязу і НАТО, бо палякі адчуваюць сябе болей бясьпечна, чым раней.

Зь іншага боку, ён прызнае, што шмат людзей у Польшчы ўсё яшчэ глядзяць падазрона на расейскія крокі ў зьнешняй палітыцы і баяцца, што Расея імкнецца “адрадзіць імпэрыю ў розных формах”.

Аднак, і польскі, і расейскі аналітыкі, бачаць прычыны складанасьцяў у двухбаковых дачыненьнях усё ж пераважна ў сучаснасьці. Макаранка акцэнтуе ўвагу на тым, што Расея і Польшча сутыкнуліся ў пазыцыях адносна падзеяў ва Ўкраіне, і што Польшча часта крытыкуе Расею ў пытаньнях правоў чалавека ці свабоды прэсы.

Баратынскі ж лічыць, што расейскія палітыкі ня могуць зьмірыцца з далучэньнем Польшчы да Эўразьвязу і НАТО і што Крэмль не задаволены зьнешняй польскай палітыкай увогуле. А таму Маскве выгадна праз звычайны крымінальны эпізод паказаць Польшчу як краіну, ахопленую антырасейскімі настроямі. Асабліва гэтымі днямі, калі ўскладніліся польска-беларускія стасункі. І з гэтага можа скарыстаць беларуская ўлада. Цяпер, на думку польскага аналітыка, Аляксандру Лукашэнку лягчэй адхіліць патрабаваньні Варшавы паважаць правы польскай мяншыні ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG