Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікола Статкевіч – першыя ўражаньні ад "хіміі"


Юры Дракахруст, Прага Сёньня Мікола Статкевіч, асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі, першы раз выйшаў на працу. Пра ўмовы ягонага ўтрыманьня, а таксама пра тое, як ён шукаў гэтую працу, палітык распавёў у інтэрвію нашаму радыё.

(Статкевіч: ) "Я ўладкаваўся на працу, было некалькі варыянтаў, але ў мяне з самага пачатку было такое ўражаньне, што да мяне паставіліся "неабыякава". Гэта было відно нават па пакоі, дзе мяне пасялілі. Ён побач з прыбіральняй. Якія прыбіральні ў такіх установах можа быць – калі хто памятае аўтавакзалы ў райцэнтры ў савецкія часы.

У пакоі сем чалавек і ўсе з дастаткова "тэмпэрамэнтнымі" характарамі. Заняло пэўны час, каб кантраляваць там сытуацыю. Абстаноўка ў гэтай спэцкамэндатуры ня надта добрая, і кантынгент адпаведны. Увечары ў пятніцу было вельмі шмат людзей на моцным падпітку.

У мяне мабыць у адзінага пры ўваходзе забралі мабільны тэлефон.

У пятніцу, калі я туды прыехаў, я адразу сказаў, што ў мяне ёсьць праца і з намесьнікам начальніка спэцкамэндатуры мы дамовіліся, што я атрымаю накіраваньне на гэтую працу – у газэту "Інтэкс-прэсс", дзе раней працаваў кур''ерам Віктар Івашкевіч, калі адбываў тут пакараньне.

Я зьбіраўся ўладкавацца на тую ж пасаду. Але раніцай у панядзелак той жа намесьнік начальніка прыйшоў і сказаў, што бярэ свае словы назад, і гэтая праца ня можа быць мне дадзеная. Я сказаў, што ў мяне ёсьць яшчэ іншы варыянт – месца ў фірме, якая гандлюе вопраткай.

Ён адказаў, што для мяне немагчымы варыянт працаўладкаваньня ў любой установе недзяржаўнай формы ўласнасьці. Гэтае патрабаваньне супярэчыць наўпроставаму ўказаньню закону.

Мне было дадзена два дні, каб знайсьці працу, мяне кожны дзень выпускалі на пару гадзінаў для гэтых пошукаў. Ва ўмовах калясальнага прыхаванага беспрацоўя, якое існуе ў рэгіёнах, гэта задача няпростая. Але я зьвярнуўся да тых людзей, якія мяне праводзілі каля ўваходу ў спэцкамэндатуру ў пятніцу. Літаральна ў панядзелак мне прапанавалі мейсца ледзь не па спэцыяльнасьці. Заключаны кантракт – мяне бяруць радыётэхнікам на дзяржаўнае прадпрыемства "Рамбыттэхніка".

Сёньня ў мяне першы працоўны дзень. Праца – гэта ключавы момант ва ўсёй гэтай сытуацыі, бо праца дае свабоду. Калі няма працы, то чалавек увесь час знаходзіцца ў гэтай спэцкамэндатуры, фактычна за кратамі, і тады абмежаваньне волі ператвараецца ў зьняволеньне. Я зацікаўлены ў тым, каб мець як мага даўжэйшы працоўны дзень, і буду працаваць, як гэтая ўстанова "Рамбыттэхніка" – ад восьмай раніцы да восьмай вечара.

Я пастаўлены ў няроўныя ўмовы ў параўнаньні зь іншымі зьняволенымі, але я адчуваю і пэўную перавагу дзякуючы падтрымцы і дапамозе, якую я атрымліваю ад людзей дэмакратычных перакананьняў тут у Баранавічах, і дзякуючы ўвазе да маёй асобы ў Беларусі і за межамі. Я вельмі ўдзячны за інфармацыю пра мяне сродкам масавай інфармацыі і ў першую чаргу – Радыё Свабода".

***

31 траўня сёлета Мікола Статкевіч і Павал Севярынец былі асуджаныя на тры гады абмежаваньня волі. Яны былі абвінавачаныя ў арганізацыі 18-19 кастрычніка 2004 году масавых выступаў у Менску супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. У адпаведнасьці з амністыяй тэрміны абмежаваньня волі Статкевічу і Севярынцу былі скарочаныя на год.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG