Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падземныя пераходы Менску "ачысьцяць" ад музыкаў і гандляроў


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Менгарвыканкаму распарадзілася вызваліць падземныя пераходы сталіцы ад несанкцыянавага гандлю і стыхійных канцэртаў. Падставай для гэтага сталася нездавальняючая ацэнка пераходаў санітарнымі службамі гораду. Чыноўнікі распачынаюць адмысловыя праверкі пераходаў у суправаджэньні міліцыянтаў.

Асаблівую незадаволенасьць мэдыкаў выклікае тое, што ў тунэлях часта знаходзяць прытулак асобы бяз пэўнага месца жыхарства, а таксама вядуць свой нелегальны гандаль некаторыя прадпрымальныя грамадзяне, кажа інжынэр управы “Гораўтамост” Яраслаў Паўлоўскі.

(Паўлоўскі: ) “Прадаюць кветкі, семачкі, нейкія нават рэчы, а затым пасьля гэтага несанкцыянаванага гандлю застаецца сьмецьце, бруд, і зьнешні выгляд пераходу становіцца такім, што горш не бывае. Распараджэньне нам дадзенае. Будзем неяк выконваць”.

Паводле спадара Паўлоўскага, цяпер чыноўнікі распачынаюць супольныя рэйды з супрацоўнікамі міліцыі, каб выдаліць зь пераходаў музыкаў, бамжоў і гандляроў. Аднак стыхійных гандлярак кветкамі, семкамі і дробнымі пабытовымі таварамі выганялі зь пераходаў і раней. Пераважную бальшыню іх складаюць пэнсіянэркі. Кажа адна зь іх:

(Гандлярка: ) “Міліцыя ўсіх паразганяла, не даюць нідзе месца: сыходзіць і ўсё, ня стой. Старых гэтых жанчын як сабак ганяюць. І на базары месца няма, і тут няма месца старым, няма нідзе”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму гандлюеце?”

(Гандлярка: ) “Дык грошай жа не хапае: пэнсіянэрка, інвалід, а газ дарагі, сьвятло дарагое. Каб хоць не ганялі, дык пастаяў бы ды нешта прадаў, дык не — то паламаюць гэтыя кветкі, то яшчэ што зробяць. Дзе хочаш, там і прадавай. А жыць жа трэба”.

Паводле кіраўніцтва гарадзкой адміністрацыі, музыкі з падземных пераходаў мусяць браць ліцэнзіі на сваю дзейнасьць і выступаць на сцэнічных пляцоўках. А гандлярам хапае месца на гарадзкіх рынках. Аднак многія стыхійныя гандляркі з гэтым ня згодныя і кажуць, што вымушаныя ісьці ў людныя месцы пераходаў.

(Гандлярка: ) “А на рынку таксама ганяюць. Акрамя таго, мы стаім у тых месцах, дзе можна нешта прадаць, бо там, дзе дазваляюць, там нічога не прадасі. А сярод міліцыі ўсялякія ёсьць, ня скажаш, што ўсе добрыя: нехта зробіць выгляд, што нічога не заўважае, а нехта сумку з рук вырве”.

(Гандлярка: ) “Водзяць у суды, я плачу перад судзьдзёй, а яна кажа: бабуля, я ня ведаю, што рабіць, бо ў мяне ж таксама сям’я і дзеці. Мне падаецца, мы вялікага парушэньня ня робім, а грошы гэтыя ўсё роўна дзяржаве аддаем. Дык няхай бы нас пацярпелі, пакуль мы жывыя”.

Паводле інфармацыі санітарных службаў гораду, ніводзін падземны пераход у Менску не адпавядае санітарным нормам, але ня толькі з прычынаў стыхійнага гандлю. Больш за палову пераходаў патрабуюць капітальнага рамонту, траціна зь іх кепска асьветленая, астатнія маюць іншыя хібы.
XS
SM
MD
LG