Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі не пусьціла беларускіх школьнікаў у ЗША


Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства адукацыі не дало дазволу на выезд у Злучаныя Штаты Амэрыкі, у рамках праграмы абмену FLEX, 60 беларускіх школьнікаў. Чыноўнікі міністэрства адмаўляюцца даваць якую-небудзь інфармацыю ці камэнтары ў гэтай справе. Супрацоўнікі беларускага прадстаўніцтва амэрыканскай карпарацыі “Цэнтар адукацыі і абменаў” спадзяюцца, што дазвол усё ж удасца атрымаць.

Чыноўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі не дазволілі выехаць на гадавую стажыроўку ў ЗША 60 беларускім школьнікам старэйшых клясаў з усіх рэгіёнаў краіны.

Выезд беларускіх дзяцей у Штаты рыхтавала мясцовае прадстаўніцтва амэрыканскай карпарацыі Цэнтар адукацыі і абменаў. Гэтыя 60 падлеткаў, што атрымалі права стажыроўкі ў ЗША, перамаглі ў конкурсе, абвешчаным у мінулым кастрычніку ў органе Міністэрства адукацыі “Настаўніцкай газэце”. Чыноўнікі Міністэрства адукацыі адмаўляюцца казаць, у чым прычына забароны. У беларускім прадстаўніцтве амэрыканскай карпарацыі “Цэнтар адукацыі і абменаў” таксама не падаюць падрабязнасьцяў, але спадзяюцца, што праблема будзе вырашаная. Гаворыць супрацоўніца прадстаўніцтва “Цэнтру адукацыі і абменаў” Аксана:

(Аксана: ) “Мы да гэтага часу прыкладаем намаганьні, каб урэгуляваць гэтае пытаньне. Таму на сёньняшні дзень мы яшчэ не паставілі кропкі. Мы спрабуем працаваць зь Міністэрствам адукацыі і прывесьці пераканаўчыя довады, каб адбыўся выезд 60 школьнікаў, што былі адабраныя па праграме школьных абменаў, на год у ЗША”.

Сёлета ў сакавіку Аляксандар Лукашэнка выдаў дэкрэт “Аб асобных мерах у справе супрацьдзеяньня гандлю людзьмі”. На падставе гэтага дакумэнту Міністэрства адукацыі распрацавала адмысловую інструкцыю. Бацькі беларускіх школьнікаў гавораць, што чыноўнікі міністэрства тлумачаць забарону на выезд дзяцей у ЗША менавіта парушэньнем аднаго з палажэньняў гэтай інструкцыі, а таксама тым, што зь імі не былі ўзгодненыя ўмовы правядзеньня конкурсу. Бацькі школьнікаў таксама спадзяюцца, што Міністэрства адукацыі адменіць сваё рашэньне.

А вось што сказаў з нагоды забароны выезду школьнікаў у Амэрыку дырэктар ліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас:

(Колас: ) “Гэты ўчынак цалкам у рэчышчы апошніх дзеяньняў Міністэрства адукацыі. Кіраўніцтва даўно ўзяло курс на “лінію Сталіна”. Гэта сучасная інтэрпрэтацыя халоднай вайны, жалезнай заслоны і гэтак далей. А мэта адна — усё дзеля захаваньня існуючага рэжыму”.

Амэрыканская праграма абмену для школьнікаў FLEX дзейнічае ў Беларусі 13 гадоў. За гэты час на стажыроўку ў Злучаныя Штаты Амэрыкі выяжджала больш за 600 беларускіх школьнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG