Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатамі – апошні дзень на пасадзе іранскага прэзыдэнта


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня заканчваецца другі тэрмін Мухамада Хатамі на пасадзе прэзыдэнта Ірану. Ён быў абраны ў 1997 годзе, дзякуючы шырокай падтрымцы з боку жанчын і моладзі, якім ён абяцаў больш правоў. У 1991 годзе ён быў пераабраны, набраўшы 70% галасоў.

Ацэнка ягонага кіраваньня даволі неадназначная. Адны лічаць, што ён не выканаў свае абяцаньні, а іншыя ўсё ж мяркуюць, што цягам 8 гадоў ягонага прэзыдэнцтва ў краіне адбыліся станоўчыя зьмены, а іранскае грамадзтва атрымала некаторыя правы і свабоды.

Выступаючы на мінулым тыдні, Мухамад Хатамі назваў сваім галоўным дасягненьнем тое, што іранскі народ атрымаў права на пратэсты. Ён сказаў, што незважаючы на ўсю крытыку, ягоны ўрад пасьпяхова ажыцьцяўляў ідэю дэмакратыі ў краіне, і што сам народ найлепш ацэніць ягоную дзейнасьць.

(Хатамі: ) “Канчатковую ацэнку ў справе посьпеху майго ўраду, які прасоўваўся па цяжкім і даўгім шляху да дэмакратыі, дасьць народ”.

Аднак многія пляны рэформаў Хатамі былі блякаваныя кансэрватарамі. Кантраляваныя ісламскімі клірыкамі судовыя органы закрылі каля 100 газэтаў, зьняволілі шэраг інтэлектуалаў і студэнтаў. Прыхільнікі Хатамі крытыкавалі яго за недастатковую рашучасьць, аднак той адказваў, што “супрацьстаяньне і хаос не ў інтарэсах ісламскай рэспублікі. Паводле рэфарматараў, якія ўскладалі на Хатамі вялікія спадзяваньні, прэзыдэнту, якія карыстаўся ў сьвеце рэпутацыяй памяркоўнага палітыка, не ўдалося ажыцьцявіць ягонай ідэі “ісламскай дэмакратыі”.

Большасьць аглядальнікаў згодныя ў тым, што цягам апошніх 8 гадоў кіраваньня Хатамі, у краіне ўсё ж былі праведзеныя некаторыя рэформы, людзі атрымалі пэўныя свабоды, а палітычнае жыцьцё стала больш адкрытым. У часе кіраваньня Хатамі Іран адкрыўся на сьвет, палепшыў свае адносіны з Эўропай і зьмякчыў напружанасьць ў адносінах з ЗША.

Былы сябра парлямэнту Джавадзі Гэсар лічыць, што Хатамі зьмяніў адносіны паміж грамадзянамі і ўладамі, даў людзям пэўную магчымасьць кантраляваць урад і крытыкаваць яго. На думку сябра Цэнтру абароны правоў чалавека ў Тэгеране Мухамада Алі Дадкаха, іранцы ўсьведамілі свае грамадзянскія правы і сталі больш самаўпэўненымі. На ягоную думку, станоўчая зьмена палітычнай атмасфэры знайшла сваё адлюстраваньне ў літаратуры, культуры і мастацтве. На думку Дадкаха, гэтыя зьмены, якія адбыліся ў Іране і ў сьвядомасьці іранцаў у часе кіраваньня Хатамі – ужо незваротныя пры любым новым кіраўніцтве дзяржавы.

Мухамад Хатамі, якому споўніліся 62 гады заяўляе, што ён ня хоча болей займаць ніякай дзяржаўнай пасады. Ён кажа, што хоча працаваць у няўрадавых арганізацыях і працаваць над ажыцьцяўленьнем сваёй ідэі “дыялёгу паміж цывілізацыямі”.
XS
SM
MD
LG