Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка старшыні Саюзу палякаў пасадзілі на 15 сутак (абноўлена)


Сяргей Астраўцоў, Горадня На 15 сутак арышту асудзілі ў сераду намесьніка старшыні Саюзу палякаў Веслава Кеўляка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля будынку СПБ 1 жніўня. Міліцыянты не пусьцілі ў будынак суду ні журналістаў, у тым ліку польскіх, ні старшыні СПБ Анжалікі Борыс.

У суд міліцыянты пусьцілі толькі самога Веслава Кеўляка ды ягонага адваката Аляксандра Бірылава. Перад журналістамі зачынілі дзьверы. Старшыні Саюзу палякаў Анжаліцы Борыс таксама не ўдалося трапіць на разгляд справы свайго намесьніка.

(Борыс: ) “Нічога не тлумачылі, сказалі, што не пускаюць, што калі судзьдзя выкажа такое жаданьне, то тады пусьцяць, пакуль судзьдзя не пажадаў мяне пусьціць на пасяджэньне суду”.

Суд быў хуткі, прыблізна праз паўгадзіны на вуліцу выйшаў адвакат Аляксандар Бірылаў, ён сказаў, што судзьдзя Дзьмітры Мацеюк выслухаў у якасьці сьведкаў міліцыянтаў, якія далі паказаньні супраць Веслава Кеўляка. Сам спадар Кеўляк не адмаўляў таго, што выступіў перад людзьмі, якія зьбіраліся каля Саюзу палякаў, зачытваў улётку.

(Бірылаў: ) “Як сказаў судзьдзя пры вынясеньні прысуду, улічваючы ягоны маёмасны стан, а таксама тое, што ён не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці раней, тое, што ў яго, па-сутнасьці, няма працы, і спадар Кеўляк мае трох непаўнагадовых дзяцей, ён абірае меру пакараньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту”.

Міліцыянты адразу забралі Веслава Кеўляка з судовай залі, каб даставіць у спэцпрыёмнік. Вось, дарэчы, урывак зь ягонага выступу перад сябрамі Саюзу палякаў, за які яго пакаралі арыштам. Веслаў Кеўляк гаварыў аб паўторным зьезьдзе СПБ, які 27 жніўня мяркуе правесьці групоўка Тадэвуша Кручкоўскага.

(Кеўляк: ) “Цяпер спрабуюць прымусіць нашых землякоў, каб яны абіралі дэлегатаў на гэты зьезд. Мы ведаем, што шэраг аддзелаў адмаўляюцца. І што найважней: нядаўна управа Саюзу палякаў у Ваўкавыску, дзе мае адбыцца зьезд, прыняла рашэньне не вылучаць дэлегатаў на гэты зьезд”.

Учора на 15 сутак пасадзілі былога кіраўніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна, ён таксама выступіў перад сабранымі на вуліцы сябрамі СПБ 1 жніўня. Пад арыштам у Лідзе знаходзяцца сябры СПБ Андрэй Пачобут, Мечыслаў Яскевіч і намесьнік старшыні Саюзу Юзаф Пажэцкі. Іх пасадзілі таксама нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але — у Шчучыне. Двух апошніх павінны выпусьціць праз два дні, а спадара Пачобута пасьля гэтага пратрымаюць за кратамі яшчэ пяць дзён.

Заўтра будуць судзіць журналіста Анджэя Пісальніка, якога ўтрымліваюць у міліцэйскім ізалятары ў Шчучыне з панядзелка. Суд адбудзецца ў Лідзе.
XS
SM
MD
LG