Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сховішча пэстыцыдаў непадалёку ад Дзьвіны: эколягі б’юць трывогу


Вінцэсь Мудроў, Полацак У ваколіцах Полацку ладзіцца міжнародны экалягічны летнік, які атрымаў назву “Чыстая Дзьвіна – Чыстая Балтыка 2005”, і на які прыехалі актывісты грамадзкіх арганізацыяў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Латвіі ды Грэцыі. Удзельнікі летніку абмяркоўваюць праблему захоўваньня пэстыцыдаў і ўзьдзеяньне гэтых небясьпечных хімікатаў на экалягічную сыстэму дзьвінскага басэйну. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі маецца 7 сховішчаў пэстыцыдаў агульным аб’ёмам 4108 тон.

Канкрэтна эколягаў хвалюе сытуацыя, што склалася вакол сховішча пэстыцыдаў, якое месьціцца на Дрысеншчыне (Верхнядзьвіншчыне). Арганізаванае яно было ў 1982 годзе і там было ўтылізавана прыкладна 450 тон выведзеных з ужытку хімікаліяў, у тым ліку і такога небясьпечнага рэчыва, як ДДТ. Як выявілі эколягі, зроблена гэта было з парушэньнем элемэнтарных тэхнічных і экалягічных нормаў. Гаворыць адзін з арганізатараў летніку, малады біёляг Яўген Лабанаў:

(Лабанаў:) “Пры ўзьвядзеньні сховішча неабходна было збудаваць бэтонны бункер для найбольш небясьпечных пэстыцыдаў. Яго, аднак, не збудавалі. Другі момант: месца для яго абралі вельмі няўдала, бо непадалёку цячэ некалькі ручаін, якія ўпадаюць у раку Сар’янку, а потым у Дзьвіну. Трэці момант: фактычна невядома, якія рэчывы там захоўваюцца і ў якой колькасьці. Рэзюмэ такое: гэтыя пэстыцыды трэба ізаляваць ад акаляючага асяродзьдзя, і зрабіць гэта трэба як мага хутчэй”.

Сам аб’ект месьціцца непадалёку ад Дзьвіны, у васьмёх кілямэтрах ад беларуска-латвійскай мяжы, і гэтая абставіна сур’ёзна хвалюе латыскіх эколягаў. Нездарма дзеля ўдзелу ў летніку прыехала цэлая група адмыслоўцаў з Латвіі. Слова кіраўніку групы Аркадзю Пасевіну:

(Пасевін: ) “У Беларусь мы прыехалі, каб абмеркаваць з калегамі пытаньне аб разьмешчаным непадалёку ад мяжы з Латвіяй сховішчы пэстыцыдаў, якое было ўладкаванае без уліку элемэнтарных нормаў захоўваньня падобнага віда хімічных рэчываў. Напачатку яно наагул не было належным чынам перакрытае, і толькі пасьля таго, як пры канцы 80-х гадоў латыскі бок выявіў у Даўгаве вельмі сур’ёзнае перавышэньне ўзроўню забруджваньня пэстыцыдамі, быў зроблены запыт, і беларускі бок зрабіў сёе-тое для таго, каб дажджавая вада не патрапляла ў сховішча. Праўда, зроблена гэта было, ізноў непрадумана. Два дні таму мы былі на сховішчы і ўвачавідкі ўбачылі, якая там сытуацыя. Апроч таблічкі, што тут знаходзяцца небясьпечныя адкіды, фактычна, ніякіх ахоўных мерапрыемстваў там не праводзіцца”.

Латыскія эколягі, апрача іншага, з трывогаю дачуліся пра пляны беларускага боку збудаваць на Дзьвіне чатыры гідраэлектрастанцыі, што, на іх думку, можа нэгатыўна паўплываць на ўсю экасыстэму галоўнай воднай артэрыі Паўночнай Беларусі і Латвіі. Гаворыць актывістка латыскага руху “зялёных” Алда Озала-Матуле:

(Озала-Матуле: ) “Мы хвалюемся з нагоды плянаў пабудовы каскаду ГЭС на Дзьвіне. І мы прыехалі з надзеяй атрымаць нейкія зьвесткі, таму што ў Латвіі наагул нічога наконт гэтага невядома. На афіцыйным узроўні быў зроблены адпаведны запыт, але, паводле нашых дадзеных, ніякай інфармацыі Латвія так і не атрымала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG