Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо Лукашэнка павінен быў цярпець варожыя падкопы з боку Польшчы?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Хто вінаваты ў пагаршэньні беларуска-польскіх дачыненьняў? Ці не адаб’ецца канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі на стаўленьні беларусаў да польскай меншасьці? На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”. Сёньняшні агляд пошты пачну зь ліста Леаніда Давыдзюка зь Берасьця. Ён піша:

“Нездарма Польшча так цікавіцца нашымі справамі. Паглядзіце, колькі грошай яны давалі на будаўніцтва польскіх школаў. А колькі моладзі завабілі ў свае ўнівэрсытэты! І ўсё гэта рабілася праз Саюз палякаў, актывісты якога толькі тое і рабілі, што швэндаліся ў Варшаву ды прасілі грошай. А грошай проста так ніхто нікому не дае. Дзеля чаго гэта патрэбна Польшчы? Зразумела, дзеля таго, каб падтрымліваць тут дух “польскасьці”, а пры зручным выпадку ўзьняць пытаньне пра далучэньне “Ўсходніх крэсаў” да Рэчы Паспалітай. Яны ж дагэтуль лічаць, што ў 1939 годзе Савецкі Саюз іх акупаваў, а таму, маўляў, трэба вызваляць ад акупацыі свае тэрыторыі. Дык ці павінен быў Лукашэнка цярпець усе гэтыя варожыя падкопы з боку Польшчы? Ён жалезнай рукой паклаў гэтаму канец — і зрабіў гэта правільна і своечасова”.

Падтрымка сваіх нацыянальных дыяспараў за межамі краіны — звычайная і распаўсюджаная практыка, спадар Давыдзюк. Для прыкладу, Масква падтрымлівае расейскія школы ў Латвіі і Эстоніі, дае грошы на фэстывалі расейскай культуры ў Францыі і Нямеччыне. Гэта ж у дачыненьні да сваіх суайчыньнікаў за мяжой робяць урады Літвы, Фінляндыі, Нямеччыны, Вугоршчыны — амаль кожнай эўрапейскай краіны. Дарэчы, беларусы ў Польшчы таксама маюць патрэбу ў фінансавай і матэрыяльнай дапамозе беларускай дзяржавы — каб утрымліваць свае школы і культурныя асяродкі. І дапамогу гэтую яны часам атрымліваюць, хоць яна і не такая маштабная, як у іншых нацыянальных меншасьцяў Польшчы.

Што да тэрытарыяльных прэтэнзіяў, то ўрад Польшчы даўно прызнаў пасьляваенныя дзяржаўныя межы. Гэтае прызнаньне замацаванае ў шэрагу міжнародных пагадненьняў і дамоваў. Гэтак жа пасьляваенны падзел кантынэнту прызналі амаль усе эўрапейскія краіны. На гэтай згодзе ў многім і грунтуецца цяперашняя эўрапейская інтэграцыя. Любыя прэтэнзіі на перадзел межаў у сёньняшніх умовах былі б згубнымі найперш для той краіны, якая такія прэтэнзіі адважылася б прад’явіць.

Ліст ад Алеся Станкевіча з Горадні. Слухач занепакоены праблемай алькагалізацыі насельніцтва. Ён піша:

“Аб гэтай праблеме толькі гавораць, і нічога ня робіцца. А тым часам п’янства і самагонаварэньне сталі масавымі. Як вынік, вялікі рост злачынстваў, хваробаў, траўмаў, самагубстваў. Кожны год насельніцтва Беларусі скарачаецца на 30—40 тысяч чалавек. Вельмі нізкая нараджальнасьць і высокая сьмяротнасьць. А вось па колькасьці выпітага, нават паводле афіцыйных зьвестак (без уліку самагону), мы ўжо перасягнулі мяжу, за якой пачынаецца выміраньне нацыі. чаму ўлада нічога ня робіць? Ды таму, што ад продажу гэтых напояў бюджэт напаўняецца на 15—20 працэнтаў. А яшчэ п’яны чалавек больш паслухмяны, бязвольны. Вось такія людзі і патрэбныя дыктатарам.

Тут можна ўспомніць вядомую антыалькагольную пастанову ЦК КПСС і савецкага Саўміну часоў Гарбачова, якая прынесла шмат станоўчых вынікаў. Але савецкі бюджэт тады не атрымаў мільярдаў рублёў — і ўся барацьба з п’янствам заглухла. Гэтак сама і з тытунём. Ва ўсім сьвеце кошты на цыгарэты паступова падвышаюць — і гэта дае вынікі. У нас жа цэны растуць на ўсё, толькі не на алькаголь і тытунь, якія застаюцца ледзь ня самымі нізкімі ў сьвеце”.

Даражэюць, спадар Станкевіч, і цыгарэты, і гарэлка: інфляцыя закранае ўсе групы тавараў. Іншая справа, як суадносяцца кошты на сьпіртовыя напоі і тытунь з коштамі на харчаваньне, адзеньне, з камунальнымі тарыфамі. У гэтым якраз і выяўляецца тое, як дзяржава супрацьстаіць п’янству, і ці супрацьстаіць навогул. Давайце параўнаем: у сярэдзіне 1980-х гадоў беларус на свой сярэдні месячны заробак мог набыць 18 бутэлек гарэлкі альбо 60 кіляграмаў мяса. Цяпер жа гэтыя суадносіны карэнным чынам памяняліся. На сярэдні заробак у 2005 годзе жыхар Беларусі можа купіць ажно 80 бутэлек гарэлкі, а мяса — толькі 50 кіляграмаў. Чарка стала значна больш даступнай, чаго ня скажаш пра шкварку.

Наш слухач Анастас Семяновіч з пасёлку Бараўляны Менскага раёну выказвае ўласны пункт гледжаньня на спробы рэабілітацыі сталінізму, якія робяцца апошнім часам у Беларусі:

“Тым бальшавікам, якія так сумуюць па мінулым, трэба ўвесь час нагадваць, што нарабілі іхныя папярэднікі. Напрыканцы 1930-х гадоў зь некалькіх соцень беларускіх творцаў на волі заставаліся ўсяго чатырнаццаць чалавек. Сталінскі люджэрскі хапун не абмінуў і такога значнага майстра, як Кузьма Чорны. І хоць яго ня зьнішчылі, як іншых, але зламалі, укарацілі ягоны век. У 1938 годзе яго восем месяцаў трымалі ў камэры-адзіночцы. Як зьдзекаваліся — пісьменьнік згадвае ў сваім дзённіку ў кастрычніку 1944 году, незадоўга перад заўчаснай сьмерцю. У яжоўскай турме саджалі на кол, білі жалязякай па галаве, саджалі ў камэру з пацукамі. Кузьма Чорны мужна вытрымліваў усе катаваньні, не прызнаў абсурдных абвінавачаньняў, якія яму прад’яўлялі садысты (а яны хацелі абвясьціць яго нацыянал-фашыстам ды польскім шпіёнам). Што добрага дала людзям бальшавіцкая ўлада? Народ яна зрабіла нічым.

Абураюся, калі чую цяперашніх начальнікаў, якія хваляцца, што народу добра жывецца. Гэта нахабная хлусьня. Бяз рынкавай эканомікі і дэмакратыі Беларусь застанецца ля разьбітага карыта. А дзяржаву ўрэшце прададуць бальшавіцкай Расеі”.

Здавалася, пасьля ўсіх шматлікіх дакумэнтальных сьведчаньняў пра сталінскія злачынствы, што сталі вядомыя напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, грамадзтва назаўсёды будзе застрахаванае ад зьяўленьня пасьлядоўнікаў і абаронцаў Сталіна. Але атрымалася па-іншаму. І вось зноў, нібы ў 1950-я гады, над калёнамі дэманстрантаў падчас палітычных сьвятаў у Менску ды іншых беларускіх гарадах пачалі зьяўляцца партрэты “генэралісымуса”. Пад Менскам нядаўна зь вялікімі ўрачыстасьцямі адкрылі так званую “лінію Сталіна” — комплекс абарончых умацаваньняў, якія ў сапраўднасьці не выконвалі ніякай значнай ролі ў мінулай вайне. А ў Курапатах тым часам дагэтуль няма годнага помніка.

Чаму так атрымліваецца? Ці не таму, што мільёны ахвяраў сталінскіх злачынстваў даўно знайшлі спачын на тысячах безыменных лягерных могілак? А многія з тых, хто іх судзіў і катаваў, хто пісаў даносы і даваў хлусьлівыя сьведчаньні, і па сёньня атрымліваюць пэрсанальныя пэнсіі ды карыстаюцца шматлікімі сацыяльнымі льготамі — нібыта за вялікія заслугі перад дзяржавай.

Сумны і цёплы ліст атрымалі мы ад пляменьнікаў нядаўна спачылай у Нью-Ёрку найстарэйшай прадстаўніцы беларускай дыяспары Яніны Каханоўскай. Маргарыта Пярова з Санкт-Пецярбургу напісала на “Свабоду” ад імя Алесі і Яся Луцкевічаў і Эміліі Шабуні-Карповіч. Вытрымка зь ліста:

“Мая маці Марыя Шабуня (родная сястра Яніны Каханоўскай) заўсёды казала: “Янечку з маленства ўсе вельмі любілі. Калі яна заходзіла ў хату — быццам сонейка зьяўлялася”. А якія былі шчасьлівыя сёстры, калі знайшлі адна адну праз дваццаць год пасьля вайны. Марыі пасьля лягеру не дазволілі вярнуцца ў родны Менск, і яна 35 год пражыла на поўначы, працавала лекарам. Там жа разам зь ёй некалькі гадоў працаваў Стэфан Луцкевіч, малодшы з братоў. (Там жа, у Манчагорску, ён і пахаваны.)

Розны лёс у Яніны і Марыі, але яны вельмі падобныя сваім добразычлівым стаўленьнем да людзей, а таксама тым, што захавалі да сталага ўзросту ясны розум і добрую памяць. Гэта Марыя выступала на перапаховінах Івана Луцкевіча ў Вільні з успамінамі аб тых далёкіх сакавіцкіх падзеях 1918 году. Гэта яе ўспаміны пра Антона Луцкевіча ня так даўно надрукавала “Рунь” пад назвай “Малахітавы пярсьцёнак”. Так што не канчаткова перарвана сувязь з тымі, хто асабіста ведаў братоў Луцкевічаў і памятае тыя далёкія часы. Я вельмі спадзяюся, дасьць Бог, у студзені 2006 году мы сьвяточна адзначым 95-годзьдзе жанчыны, якую так любіла Яніна Каханоўская”.

Дзякуй вам за цёплыя словы, спадарыня Пярова. Кажуць, чалавек жывы, пакуль жыве памяць аб ім. У гэтым сэнсе справам такіх людзей, як Яніна Каханоўская, наканавана доўгае жыцьцё нават пасьля таго, як скончыўся іхны зямны шлях.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG