Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз “Салідарнасьць” заклікаў асудзіць “правакацыі супраць Польшчы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Першы ў краінах Усходняй Эўропы незалежны прафсаюз, легендарная “Салідарнасьць”, зьвярнуўся да польскага прэзыдэнта, ураду, польскага і эўрапейскага парлямэнтаў із заклікам зрабіць рашучыя захады і судзіць “правакацыі супраць Польшчы, якія робіць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка”. “Салідарнасьць” дамагаецца таксама, каб Эўразьвяз прыпыніў мытныя прывілеі ў гандлі зь Беларусьсю.

“Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, спрабуючы адцягнуць увагу ад прагрэсуючага грамадзкага і эканамічнага заняпаду, скіраваў вастрыё прапаганды супраць Польшчы, польскага народу і асабліва польскай меншасьці ў Беларусі”, – гаворыцца ў заяве “Салідарнасьці”.

Анджэй Адамчык – кіраўнік міжнародных справаў прафсаюзу кажа, што “Салідарнасьць” падтрымлівае ўсіх жыхароў Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены.

(Адамчык: ) “Мы выступілі ў абарону Саюзу палякаў ня толькі таму, што гэта Саюз палякаў, але перадусім таму, што гэта – недзяржаўная арганізацыя, якую перасьледуе таталітарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. З нашага досьведу супрацоўніцтва зь беларускімі прафсаюзамі мы ведаем, што ў Беларусі парушаюцца таксама і асноўныя правы рабочых”.

Паводле словаў Анджэя Адамчыка, “Салідарнасьць” празь міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі дамагаецца, каб Эўразьвяз прыпыніў мытныя прывілеі ў гандлі зь Беларусьсю.

(Адамчык: ) “Наколькі я ведаю, адпаведная камісія Эўразьвязу ў часе паседжаньня 6 ліпеня вырашыла ўвесьці паўгадовы пэрыяд маніторынгу для Беларусі, каб потым вырашыць, адмяняць мытныя прывілеі ці не. Я мяркую, што апошнія захады беларускага рэжыму наўрад ці дапамогуць Менску гэтыя прывілеі захаваць”.

Заявіў Анджэй Адамчык.

Напрыканцы жніўня “Салідарнасьць” адзначыць 25-я ўгодкі свайго існаваньня. У цырымоніях у Гданьску і Варшаве возьмуць удзел дзясяткі лідэраў краінаў сьвету.
XS
SM
MD
LG