Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім мэтро мяняюць указальнікі выхадаў – апытаньне на станцыі мэтро


Ганна Соусь, Менск Гэтымі днямі ў сувязі зь перайменаваньнем шэрагу сталічных вуліц і праспэктаў у мэтро мяняюць указальнікі выхадаў. Наша карэспандэнтка пабывала ўчора ўвечары на станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў” і спыталася ў людзей, як яны ставяцца да зьмены назваў вуліц, а таксама, ці чулі яны пра ініцыятыву апазыцыйных сілаў правесьці рэфэрэндум аб перайменаваньні вуліц.

(Карэспандэнтка: ) “Я знаходжуся цяпер побач з новым указальнікам. Сёньня ў мэтро памянялі шыльды. Раней была “Выхад да праспекта Францыска Скарыны”, цяпер – “Выхад да праспекта Незалежнасьці”.

Скажэце, калі ласка, як Вы ставіцеся да перайменаваньня вуліц?”

(Спадар: ) “Незалежнасьць... У нас плошча Незалежнасьці не да канца. Унізе Леніна. Хай гэтую зробяць спачатку Незалежнай цалкам. Тым больш Скарына – гонар народу. А незалежнасьць яшчэ трэба заваяваць. У нас няма яе”.

(Спадар: ) “Гэта вельмі дрэнныя выдумкі вэтэранаў. Калі быў праспэкт Скарыны, гэта было патрыятычна. Гэта было, на маю думку, лепей. І калі памянялі Машэрава на Пераможцаў, таксама вельмі дрэнна”.

(Спадарыня: ) “Дрэнна, таму што людзі больш прызвычаіліся да гэтай назвы. Лепш бы заставалася, як было раней”.

(Спадарыня: ) “Нармальна да гэтага стаўлюся. Быў Леніна, стаў Скарыны, потым Незалежнасьці – якая розьніца. Незалежнасьці, бо нашая рэспубліка незалежная, і прэзыдэнт наш стараецца, каб усё было незалежнае”.

(Спадарыня: ) “А я супраць, бо цяпер блытаніна кругом”.

(Спадарыня: ) “Я прызвычаілася да гэтай блытаніны. Са Скарынам таксама была блытаніна, потым нармальна стала”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажэце, калі ласка, ці чулі Вы пра ініцыятыву правесьці рэфэрэндум аб перайменаваньні вуліц?”

(Спадарыня: ) “Я супраць рэфэрэндуму, таму што на рэфэрэндум пойдзе болей грошай, чым пячаткі людзям у пашпарты паставіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы ставіцеся да перайменаваньня вуліц?”

(Спадарыня: ) “Дрэнна, бо гэта лішнія грошы. Лепш бы на што іншае выдаткоўвалі”.

(Спадарыня: ) “Ня трэба было мяняць. Але гэта рашэньне нашага кіраўніцтва”.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна. Лічу, што Францыск Скарына – гэта асоба па-за палітычнай каньюнктурай, і яго маглі б пакінуць”.

(Спадар: ) “Дрэнна. Нашто было мяняць? Колькі грошай на гэта пойдзе. І ў людзей не запыталіся...”

(Спадарыня: ) “Я цяпер блытаю, калі дамаўляюся, дзе сустракацца. Магу не зарыентавацца адразу”.

(Спадар: ) “Я супраць. Лічу, што гэта вельмі непрадуманае рашэньне. Гэты чалавек ня мае права прымаць такое рашэньне”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажэце, калі ласка, ці чулі Вы пра ініцыятыву правесьці рэфэрэндум, каб людзі выказаліся, ці хочуць яны перайменаваньня вуліц?”

(Спадар: ) “Так, чуў. Я вельмі хацеў бы, каб правялі рэфэрэндум”.

(Спадарыня: ) “Людзі маглі б сказаць, што яны пра гэта думаюць”.

(Спадарыня: ) “Ня чула, але калі б быў, я выказала б сваю думку”.

(Спадар: ) “Так, чуў, я падтрымліваю гэта”.

(Спадар: ) “Я ня чуў, але было б добра, каб яны прыслухаліся да меркаваньняў людзей”.
XS
SM
MD
LG