Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Браслаўскіх азёрах” паляваньне для расейцаў і начальства?


Міхал Стэльмак, Менск Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся прыцягнуць да адказнасьці шэраг высокіх асобаў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. У прыватнасьці, ад займаных пасадаў вызваленыя намесьнік кіраўніка справаў прэзыдэнта Васіль Судас, начальнік кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня Кіраўніцтва справаў Алег Кавалеўскі, начальнік упраўленьня падахоўных прыродных тэрыторыяў і прыродакарыстаньня Аляксандар Лучкоў. Як вынікае з афіцыйнага тлумачэньня, яны неналежным чынам выконвалі службовыя абавязкі, зьвязаныя з прадухіленьнем правапарушэньняў і злоўжываньняў кіраўнікоў Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, што прывяло да прычыненьня дзяржаве шкоды ў асабліва буйным памеры.

Варта зазначыць, што ўлады ня так даўно зьмянілі кіраўніцтва парку “Браслаўскія азёры”, таму лічыцца, што злоўжываньнямі займалася былое кіраўніцтва. Дык вось, паводле афіцыйных зьвестак, на былога дырэктара гэтага Нацыянальнага парку заведзена крымінальная справа, а яго дзеяньні расьсьледуюць сьледчыя зь Менску. Вядома таксама, што былое начальства груба парушала прыродаахоўчае заканадаўства. На Браслаўшчыне скандал вакол былых кіраўнікоў Нацыянальнага парку атрымаў шырокі розгалас. Вось што гаворыць кіраўнік мясцовай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Пётар Пчолкін:

(Пчолкін: ) “Было паляваньне толькі для гасьцей Нацыянальнага парку, а менавіта канкрэтнага чалавека. Былі расейцы. А вось мясцовыя паляўнічыя й выйсьці не маглі”.

Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” быў створаны роўна дзесяць гадоў таму – у жніўні 1995 году. Мясцовае насельніцтва мала ведае пра рэальную сытуацыю ў Нацыянальным парку, пра тое, чым займаюцца яго супрацоўнікі. “Браслаўскія азёры” сталі зонай, закрытай для грамадзкага кантролю. Як лічаць жыхары, якраз гэта й прычынілася да падзеяў крымінальнага характару, зьвязаных з парушэньнем прыродаахоўчага заканадаўства.

Назіраньнямі дзеліцца браслаўскі паляўнічы Віктар Міналта:

(Мінолта: ) “Парк рабочаму беларускаму чалавеку нічога не дае. Абсалютна. Вось я старшыня паляўнічага калектыву. І ў мяне ніводзін чалавек – ні пэнсіянэр, ні ўдзельнік вайны – ня можа выйсьці на паляваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Мінолта: ) “Таму што мне трэба заплаціць за дзень, за тое што я выйшаў на паляваньне, прыкладна 15 тысяч рублёў. Вясною ніводзін мясцовы паляўнічы не выехаў на паляваньне. Стварэньне парку – гэта толькі для “вялікіх” людзей, у каго кашалькі вялізныя. У каго грошы ёсьць, той можа прыехаць і паляваць. Мясцовы рабочы чалавек на паляваньне ня выйдзе, нават калі б ён хацеў выйсьці дзеля цікавасьці. Нам нельга ў лес, нікуды нельга. Яны лічаць гэта дзяржаўным, таму за гэта трэба грошы. А дзе браць гэтыя грошы? Хто будзе паляваць? Начальства. Госьці з Расеі, госьці зь Менску, іншаземцы”.

Што да апошняга кадравага рашэньня Аляксандра Лукашэнкі, такое не навіна – беларускі прэзыдэнт час ад часу карыстаецца гэтым прыёмам – звальняе высокапастаўленых чыноўнікаў. Жыхары Браслаўшчыны пакуль што даволі стрымана расцэньваюць гэтую кадравую чыстку. Рэч у тым, што сыгналы адсюль пра шматлікія правапарушэньні, паступалі й раней. Аднак Лукашэнка чамусьці не рэагаваў.

Як лічыць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, цяперашняя кадравая чыстка – усяго толькі элемэнт традыцыйнай кадравай палітыкі Лукашэнкі.

(Дабравольскі: ) “Нэгатыўныя тэндэнцыі былі закладзеныя з самага пачатку, калі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ўзначаліў Іван Ціцянкоў. Калі людзі памятаюць, там яны пачалі ствараць нейкія фірмы накшталт “Торгэкспа”, якія займаліся кантрабандай праз расейскую мяжу алькаголю, тытуню і г.д. – пад выглядам забесьпячэньня людзей прадуктамі харчаваньня. Я магу прывесьці такі прыклад. Гэтае Кіраўніцтва справаў адабрала ад усялякіх арганізацыяў, дзяржаўных і недзяржаўных, такіх, напрыклад, як Саюз пісьменьнікаў, самыя лепшыя будынкі па ўсёй краіне ў сваё апэратыўнае кіраваньне. І пачалі яны гэтым кіраваць і плаціць падаткі. Але, прабачце мне, калі гэта дзяржаўная маёмасьць, то ўсе даходы ад яе павінны ісьці ў дзяржаўны бюджэт. А яны паводзілі сябе як абсалютна камэрцыйная структура. І гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка прыватызаваў дзяржаву і цягне зь яе ўсе сокі. У мяне такое меркаваньне, што прыстойныя людзі не ідуць працаваць у каманду Лукашэнкі”.

Кадравыя скандалы карупцыйнага характару ў апошнія гады здараліся ў дзяржаўным апараце беларускім ня раз. Вінаватымі ў правапарушэньнях і злоўжываньнях былі прызнаныя, у прыватнасьці, ранейшая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, былы прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Казека.
XS
SM
MD
LG