Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму ў Маскве завяршыліся ХХІІ Алімпійскія гульні


Ігар Карней, Менск 3 жніўня 1980 году ў неба над стадыёнам “Лужнікі” пад песьню “До свиданья, наш ласковый Миша” ўзьляцеў галоўны талісман гульняў, і было абвешчана пра закрыцьцё Алімпіяды. Зрэшты, шмат для якіх спартоўцаў маскоўская Алімпіяда аказалася закрытаю яшчэ да стартаў – 56 краінаў байкатавалі Гульні на знак пратэсту супраць ваеннай агрэсіі СССР у Аўганістане.

У зьвязку з маскоўскай Алімпіядай адразу трэба сказаць, што свае тагачасныя дасягненьні беларусы наўрад ці ў агляднай пэрспэктыве палепшаць – там быў найлепшы вынік беларускіх спартоўцаў у гісторыі Алімпійскіх гульняў. З васьмі дзясяткаў залатых узнагародаў савецкіх спартоўцаў 14 – беларускія; усяго ж на рахунку беларусаў 33 мэдалі. Праўда, алімпійскі чэмпіён Рамуальд Клім, які сачыў за ХХІІ гульнямі як заўзятар, лічыць, што відовішчаў тым Гульням вельмі бракавала.

(Клім: ) “Наймацнейшыя ж спартоўцы не прыехалі: амэрыканцы, брытанцы, іншыя. Вось тады Савецкі Саюз і заваяваў ажно 80 залатых мэдалёў”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, гэта была паўнавартасная Алімпіяда?”

(Клім: ) “Калі нешта прыгадваць, то чамусьці асабліва запомніў забег на 3000 мэтраў зь перашкодамі, дзе яма з вадой ёсьць. Нейкі афрыканскі спартовец стаў на бар’ер – і нырца ў гэтую яму. Дык яго граблямі выцягвалі. Ці яшчэ паказьнік Алімпіяды: бяжыць невядома адкуль спартовец 100 мэтраў... за 17 сэкундаў! Але былі й выдатныя вынікі: у кіданьні молата, у скачках у вышыню. Парфяновіч тры залатыя мэдалі ўзяў і, каб паехаў на Алімпіяду ў ЗША ў 1984-м, яшчэ тры меў бы. Але ў Маскве ГДР і СССР рабілі ўсё, што хацелі”.

Трыюмф Савецкага Саюзу быў абсалютны, аднак іншая рэч, у якіх умовах праходзіла Алімпіяда. Перадусім трэба адзначыць, што гэта былі першыя Алімпійскія гульні, што праходзілі ў сацыялістычнай краіне. Па-другое, наўрад ці савецкае кіраўніцтва, пачынаючы аўганскую кампанію, разьлічвала на такі рэзананс у сьвеце.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў быў асуджаны за антысавецкую прапаганду і сачыў за алімпійскімі баталіямі па турэмным радыё. Ён перакананы: Аўганістан быў для Захаду апошняй “кропляй трываньня”.

(Кавалёў: ) “Палітычная эвалюцыя нашага блізкага суседа апынулася ў цэнтры міжнароднай увагі, паколькі Аўганістан стаў тэрыторыяй, якую вырашылі зрабіць падкантрольнай, прыбраць да рук. Такім чынам, Аўганістан стаў плошчай сутыкненьня інтарэсаў, апынуўшыся ў цэнтры ўвагі Крамля і іншых, так бы мовіць, краінаў-канкурэнтаў”.

Дарэчы, такога меркаваньня прытрымліваецца ня толькі вядомы праваабаронца, які й ня мог лічыць іначай. Рамуальд Клім, прадстаўнік сілавой лёгкаатлетычнай дысцыпліны – кіданьня молата, такога ж меркаваньня – спорт стаў у 1980-м ахвярай палітычных гульняў.

(Клім: ) “Вінаватыя былі мы. Дакладней, ня мы, а “вялікі і магутны Савецкі Саюз”. Чаго было лезьці ў Аўганістан? Абаранялі пяцьсот тысяч камуністаў, а “спляжылі” тры мільёны аўганцаў. А пасьля, мала таго, з цалкам надуманых прычын адмовіліся ехаць у Лос-Анджэлес. Тры гады фактычна былі выкінутыя: у 1980 пачалі трэнавацца, каб выступіць у 1984-м у ЗША. І дарэмна. Дарэчы, напружаньне заставалася й падчас Алімпіяды ў Карэі, зь якой не было дыпляматычных адносінаў ці яны толькі пачыналіся”.

Як ужо казаў спадар Клім, СССР і ГДР рабілі на спартовых арэнах маскоўскай Алімпіяды, што хацелі. Вось статыстыка: СССР – 80 залатых мэдалёў, ГДР – 47. Астатнія на гэтым фоне выглядаюць вельмі сьціпла: Баўгарыя і Куба – па 8 залатых узнагародаў, Вугоршчына – 7, Румынія – 6, Польшча – 3. Згадаю, што залаты багаж беларусаў у складзе савецкай каманды нашмат больш важкі, чым цэлых нацыянальных камандаў – 14 залатых, 9 срэбраных і 10 бронзавых.

Залаты мэдаліст маскоўскай Алімпіяды Віктар Сідзяк ня згодны зь меркаваньнем некаторых спэцыялістаў, што, маўляў, у Маскве не было канкурэнтаў. Паводле Сідзяка, па-першае, у кожнага спартоўца былі ўкладзеныя велізарныя грошы; па-другое, гульні адбываліся ў Маскве, што аб’ектыўна прадугледжвала фактар “родных сьценаў”.

(Сідзяк: ) “У 1980 годзе падрыхтоўка аднаго алімпійскага чэмпіёна абышлася Савецкаму Саюзу на 2,5 мільёны даляраў. Калі паглядзець табліцу пераможцаў алімпійскіх гульняў, гэта прадстаўнікі прыблізна 12 – 15 камандаў. А ўнізе сьпісу – дзясяткі краінаў, якія ня толькі мэдалёў не заваявалі, але і ачкоў не набралі. Але яны таксама патрацілі, паверце мне, мільёны даляраў для таго, каб хоць адзін нехта зьявіўся з мэдалём”.

Апроч таго, што маскоўская Алімпіяда адзначылася рэкордна нізкай для найноўшай гісторыі колькасьцю дзяржаваў-удзельніц (усяго 80 краінаў), камэнтатары ўвесь час кажуць пра беспрэцэдэнтныя захады савецкіх уладаў для нагляду за маральнасьцю як удзельнікаў спаборніцтваў, так і гасьцей. Напярэдадні Алімпіяды сталіцу СССР ачысьцілі ад прастытутак і іншадумцаў (дарэчы, Сяргей Кавалёў не выключае, што “пасадка” яго ў канцы 1970-х была “перадалімпійскай зачысткай”). Алімпійскую вёску адгарадзілі ад “сьвету” калючым дротам. І патлумачылі гэта бясьпекай гасьцей, хоць насамрэч улады баяліся кантактаў замежнікаў з савецкімі грамадзянамі. Ня спраўдзіліся й чаканьні вялікага наплыву турыстаў – разам з камандамі маскоўскую Алімпіяду байкатавалі й заўзятары.

* * *

БЕЛАРУСЫ НА МАСКОЎСКАЙ АЛІМПІЯДЗЕ

“Чыстыя” мэдалі:

золата: Сяргей Каплякоў (плаваньне – 200 м вольным стылем), Нэлі Кім (гімнастыка – вольныя практыкаваньні), Аляксандар Партноў (скачкі ў ваду з трампліна), Уладзімер Парфяновіч (веславаньне на байдарках – адзіночка – 500 м), Леанід Тараненка (цяжкая атлетыка);

срэбра: Уладзімер Алейнік (скачкі ў ваду з вышкі), Эльвіра Васількова (плаваньне – 100 м брасам), Барыс Ісачанка (стральба з лука), Ігар Каныгін (грэка-рымскае дужаньне), Пётар Пачынчук (лёгкая атлетыка – спартовая хадзьба на 20 км);

бронза: Аляксандар Газаў (кулявая стральба), Яўген Іўчанка (лёгкая атлетыка – хадзьба на 50 км), Мікалай Кіраў (лёгкая атлетыка – бег на 800 м), Антаніна Мельнікава (веславаньне на байдарках – адзіночка – 500 м), Аляксандар Раманькоў (фэхтаваньне на рапірах), Віктар Угрумаў (конны спорт – выездка).

Камандныя ўзнагароды:

золата: Мікалай Алёхін (фэхтаваньне на шаблях – камандны турнір), Тацяна Белашапка (баскетбол); Сяргей Каплякоў (плаваньне – эстафэта 4х100 м вольным стылем), Нэлі Кім (гімнастыка – камандны турнір), Алег Логвін (роваравы спорт – камандная гонка на шашы), Уладзімер Парфяновіч (веславаньне на байдарках – двойка – 500 і 1000 м), Віктар Сідзяк (фэхтаваньне на шаблях – камандны турнір), Віктар Угрумаў (конны спорт – каманднае першынство ў выездцы), Алена Хлопцава (акадэмічнае веславаньне – двойка парная);

срэбра: Алена Бялова (фэхтаваньне на рапірах – камандны турнір), Сяргей Каплякоў (плаваньне – камбінаваная эстафэта 4х100 м), Аляксандар Каршакевіч (гандбол); Уладзімер Лапіцкі (фэхтаваньне на рапірах – камандны турнір), Аляксандар Раманькоў (фэхтаваньне на рапірах – камандны турнір), Ірына Ўшакова (фэхтаваньне на рапірах – камандны турнір);

бронза: Эльвіра Васількова (плаваньне – камбінаваная эстафэта 4х100 м), Андрэй Лугін і Ігар Майстрэнка (акадэмічнае веславаньне – васьмёрка); Аляксандар Пракапенка (футбол).
XS
SM
MD
LG