Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кінатэатры Рагачова – “месцы для пацалункаў”


Іна Студзінская, Менск Кінапракатчыкі – у роспачы: як вярнуць гледачоў у кінатэатры? Істотна перашкаджаюць відэапіраты: новыя фільмы зьяўляюцца на касэтах раней за ўсясьветныя кінапрэм’еры. Як аказалася, добры спосаб вымысьлілі ў Рагачове. Там у нядаўна адчыненым пасьля рэканструкцыі кінатэатры “Прамень” зьявіліся адмысловыя “месцы для пацалункаў”. І наведнікаў стала ўдвая больш!

Рагачоў стаў першым зь беларускіх райцэнтраў, дзе ў кінатэатры ўсталявалі гукавую сыстэму “долбі-стэрэа”. А яшчэ адноўленая кіназаля прапанавала “месцы для пацалункаў”.

Гаворыць намесьнік дырэктара рагачоўскага кінатэатру “Прамень” Іван Захаранка:

(Захаранка: ) “Усе крэслы ў кінатэатры – па адным. А ў трох апошніх радах мы злучылі крэслы і зрабілі па два побач, як невялікія канапы. Моладзь займае галёрку, хлопец зь дзяўчынай сядзяць побач, не разьдзяляе іх планка паміж крэсламі. Горад у нас невялікі, 60 месцаў на тры рады, і моладзь займае гэтыя месцы. З устанаўленьнем сыстэмы “долбі” наведнікаў прыбавілася адсоткаў на 200. Так што народ, так бы мовіць, паваліў у кіно. Што будзе далей, сказаць цяжка, але спадзяемся, што людзі будуць хадзіць у кіно, бо сыстэма “долбі” – гэта незвычайны гук”.

Злыя языкі ўпікаюць кінапракатчыкаў у патураньні залішняй свабодзе маралі, але кіраўнік рагачоўскага кінатэатру Іван Захаранка сьцьвярджае, што на канапах для пацалункаў усё ў межах прыстойнасьці.

(Захаранка: ) Усё нармальна. Дарма кажуць, што моладзь у нас разбэшчаная, насамрэч не настолькі яна разбэшчаная. Калі ўсё па-новаму зроблена, прыгожа, акуратна, чалавек хоча, каб так і заставалася. Таму пакуль у нас усё прыстойна: ніхто нічога не сапсаваў, нічога не пашкодзіў, праблем няма”.

У сталіцы да ініцыятывы правінцыі паставіліся з насьцярогаю. Ува ўсякім разе, адмыслоўцы. Дырэктар Менскага кінавідэапракату Васіль Коктыш гаворыць:

(Коктыш: ) “Гэта рэклямны ход. У Менску будуць ня месцы для пацалункаў. У кінатэатры “Салют” будзе VIP-зона. У Доме кіно (былым “Партызане”) таксама VIP-зона, але там яна будзе для працы журы на фэстывалях і для журналістаў. А ў “Салюце” паставім мяккія крэслы, столікі, можна будзе замаўляць кактэйлі, напоі, свабодна выходзіць, не перашкаджаючы іншым гледачам у бар зайсьці. Вось гэта, я разумею, месцы для пацалункаў”.

Напэўна, адны абывацелі думаюць, што ў кінатэатры людзі ходзяць толькі фільмы глядзець. Спэцыялісты ведаюць: для акупнасьці трэба мець побач з заляю бар, більярд, відэасалён, кампутарны клюб. Праўда, часам і гэта не ратуе.

Апавядае дырэктар Менскага кінавідэапракату Васіль Коктыш:

(Коктыш: ) “Вось калі ішла “Вайна сьветаў”, 4 дні былі проста шалёныя зборы. А 3 ліпеня – сьвята гораду, Дзень Рэспублікі, і ўся моладзь пайшла на канцэрт, які быў на Кастрычніцкім пляцы, на іншыя пляцоўкі, дыскатэкі. Карацей, моладзь выйшла на вуліцы, піць піва, глядзець канцэрты, у кінатэатрах – нікога. У панядзелак надвор’е было цудоўнае, але людзі не вярнуліся ў кіно. Улічваючы гэтую сытуацыю, што фільм не дабраў гледачоў, падоўжылі тэрмін пракату, дамовіліся з дыстрыбутарамі. Фільмаў павінна быць шмат і розных. Трэба ствараць умовы, каб глядач адчуваў сябе камфортна, утульна, ня толькі ў кіназалі, але і ў фае, на падыходах да кінатэатраў”.

Ну а што да пацалункаў у апошніх радах, дык яны бываюць і ў зусім не абсталяваных для гэтага кіназалях, пры дэманстрацыі нават самых сур’ёзных кінастужак. Бо пачуцьці, як кажуць, не плянуюцца...
XS
SM
MD
LG