Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка старшыні СПБ асудзяць за тое, што ён сьпяваў беларускія песьні?


Міхал Карневіч, Горадня Веслава Кеўляка могуць асудзіць за тое, што ён прапанаваў сябрам Саюза палякаў засьпяваць беларускую народную песьню “Касіў Ясь канюшыну”. Суд над намесьнікам старшыні Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Веславам Кеўлякам адбудзецца заўтра, 3 жніўня. Згодна зь міліцэйскім пратаколам ён абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі побач зь сядзібай Саюза палякаў у Горадні, у панядзелак, 1 жніўня.

Веслава Кеўляка затрымалі ў Горадні пасьля таго, як ён адвёў да цёшчы сваё дзіця на вуліцу Урублеўскага. Міліцыянты зь Ленінскага райадзьдзелу прапанавалі яму праехаць у пастарунак з мэтай паразмаўляць. Там на яго склалі пратакол, згодна зь якім Веслаў Кеўляк абвінавачваўся ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі, якая быццам учора адбылася побач з галоўнай сядзібай Саюза палякаў.

З пратаколам Кеўляк не пагадзіўся і патлумачыў, што сябры Саюза палякаў самі сабраліся на сустрэчу зь віцэ-маршалкам Сэйму Польшчы спадаром Дональдам Тускам. Больш таго, ён заявіў, што прыйшоў на сваё рабочае месца, куды яго ўжо некалькі дзён, як і іншых сябраў СПБ, не пускае міліцыя.

Адзінае, што прызнаў Кеўляк, гэта тое, што ён прапанаваў засьпяваць сабраўшымся беларускую народную песьню “Касіў Ясь канюшыну”. Ягоную прапанову, дарэчы, падтрымалі.

У судзе спадар Кеўляк запатрабаваў адваката. Слуханьне справы перанесена на 3 жніўня, а 9.30 гадзіны раніцы.
XS
SM
MD
LG