Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіцца палітыка Саудаўскай Арабіі пасьля сьмерці манарха?


Віталь Цыганкоў, Прага Са сьмерцю караля Саудаўскай Арабіі Фахда скончылася цэлая эра палітыкі на Блізкім Усходзе. Трэба заўважыць, што цяперашні пераемнік Фахда, Абдула фактычна кіраваў краінай апошнія 10 гадоў, пасьля таго як Фахд атрымаў інсульт. Абдула за гэтыя гады праводзіў асьцярожны курс, адначасова пашыраючы сувязі са Злучанымі Штатамі і не парушаючы шчыльныя дачыненьні з кансэрватыўнымі мусульманскімі лідэрамі. Многія аналітыкі зараз задаюць пытаньне, ці пойдзе Абдула на істотную зьмену курсу, пасьля таго, як ён афіцыйна стаў кіраўніком дзяржавы.

Афіцыйная саудаўская вэрсія кажа, што нічога ў палітыцы манархіі не павінна зьмяніцца. Вось што заявіў у Лёндане прынц Туркі Аф-Фасаль, амбасадар Савудаўскай Арабіі ў Вялікабрытаніі.

(Аф-Фасаль: ) "Кароль Абдула даўно і шчыльна працаваў побач з Фахдам ў фармаваньні ўнутранай і зьнешняй палітыкі краіны. Так што я не магу ўявіць, што будуць якія-небудзь значныя зьмены, хутчэй варта чакаць працягу той палітыкі, якую напрыканцы свайго кіраваньня праводзіў Фахд”.

Аналітык Джэймс Філіпс з "Heritage Foundation" у Вашынгтоне ў прынцыпе згодны з такім падыходам. Філіпс адзначае, што новы 82-гадовы кароль Абдула – усяго толькі “першы сярод роўных” ў каралеўскай Саудаўскай сям’і. Таму ён вымушаны быць вельмі асьцярожным і прытрымлівацца кансэнсусу ў сваіх дзеяньнях. Тым, ня менш, лічыць Філіпс, варта чакаць невялікага зруху з стаўленьні Саудаўскай Арабіі да ЗША і суседніх арабскіх краінаў.

(Філіпс: ) "Я думаю, будуць паступовыя зьмены. Абдула на такі празаходні палітык, якім быў Кароль Фахд. Ён больш рэлігійны, мае лепшыя дачыненьні з рэлігійнымі аўтарытэтамі. Ён мае даволі шчыльныя сувязі з кіроўнай сям’ёй Асада ў Сірыі”.

Разам з тым, апошнія тэракты ў Саудаўскай Арабіі прымушаюць каралеўскую сям’ю адмовіцца ад фінансавай падтрымкі экстрэмісцкіх мусульманскіх рухаў, як гэта было раней. Кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі пасьля 11 верасьня адмаўляла, што яно мае нейкія праблемы з ісламскімі радыкаламі. Але пасьля маштабных тэрактаў ў траўні 2003 году на тэрыторыі каралеўская сям’я вымушаная была перагледзець сваё стаўленьне да падтрымкі радыкальных груповак.
XS
SM
MD
LG