Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зрабіў "кадравую чыстку" ў кіраўніцтве справамі


Міхал Стэльмак, Менск Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся прыцягнуць да адказнасьці шэраг адказных асобаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. У прыватнасьці, ад займаемых пасадаў вызвалены намесьнік Кіраўніка справамі прэзыдэнта Васіль Судас, начальнік кантрольна-рэвізійнага упраўленьня Кіраўніцтва справамі Алег Кавалеўскі, начальнік упраўленьня ахоўваемых прыродных тэрыторыяў і прыродакарыстаньня Аляксандр Лучкоў.

Як вынікае з афіцыйнага тлумачэньня, яны нібыта неналежным чынам выконвалі службовыя абавязкі, зьвязаныя з прадухіленьнем правапарушэньняў і злоўжываньняў кіраўнікоў Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, што прывяло да прычыненьня дзяржаве ўрону ў асабліва буйным памеры.

Вось як пракамэнтаваў гэтую “кадравую чыстку” у Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Нэгатыўныя тэндэнцыі былі закладзеныя з самага пачатку, калі кіраўніцтва справамі прэзыдэнта ўзначаліў Іван Ціцянкоў. Калі людзі памятаюць, там яны пачалі займацца стварэньнем нейкіх фірм, накшталт, “Торгэкспо”, якія займаліся кантрабандай праз расейскую мяжу алькаголю, тытуню пад выглядам забесьпячэньня людзей прадуктамі харчаваньня.

Я магу прывесьці такі прыклад: гэтае Кіраўніцтва справамі адабрала ад усялякіх арганізацый, дзяржаўных і недзяржаўных, такіх, напрыклад, як Саюз пісьменьнікаў, самыя лепшыя будынкі па ўсёй краіне ў сваё апэратыўнае кіраваньне. І пачалі яны гэтым кіраваць і плаціць падаткі. Але, прабачце мяне, бо калі гэта дзяржаўная уласнасьць, то ўсе даходы ад яе павінны ісьці ў дзяржаўны бюджэт. А яны паводзілі сябе як абсалютна камэрцыйная структура. І гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка прыватызаваў дзяржаву і цягне зь яе ўсе сокі. У мяне такое меркаваньне, што прыстойныя людзі не ідуць працаваць у каманду Лукашэнкі”.

Гэта было меркаваньне Аляксандра Дабравольскага, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Нагадаем, што кадравыя скандалы карупцыйнага зьместу ў апошнія гады здараліся ў дзяржапараце неаднаразова. Былі прызнаныя вінаватымі ў правапарушэньнях і злоўжываньнях такія асобы як былая Кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова, былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, былы прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Казека ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG