Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра беларуска-польскі канфлікт на Падляшшы?


Аляксей Дзікавіцкі, Бяла Падляска Жыхары памежнага зь Беларусьсю гораду Бяла Падляска адказвалі на пытаньне нашага карэспандэнта “Што Вы думаеце пра пагаршэньне польска-беларускіх дачыненьняў і ці адчуваеце Вы яго наступствы ў штодзённым жыцьці?”

(Спадар: ) "Я палітыкай увогуле не займаюся, але вось што скажу – усе тут намяшалі ўсяго, а простыя людзі не вінаватыя. Вось як напрыклад тыя беларускія ліцэісты, у чым іх віна? Міністэрствы, амбасады няхай вырашаюць – яны для гэтага. Калі беларусы прыяжджаюць – гэта добра, я цешуся. Якая розьніца беларус, немец афрыканец, – усе людзі".

(Спадарыня: ) "Наколькі я бачу, адчуваецца занепакоенасьць. Натуральна, што сытуацыя дрэнная – усе гэта разумеюць, але спадзяюся, што ўсё будзе ў парадку".

(Спадар: ) "Ня вельмі ўсё добра. Дрэнныя ў мяне думкі на гэты конт, а ўвогуле, дык ўсе падманваюць усіх".

(Спадарыня: ) "Крыху менш беларусаў стала прыяжджаць да нас. Раней на вуліцах было іх шмат. Я б хацела, каб беларусы да нас ехалі. Чаму ж не? Мы краіна адкрытая".

(Спадарыня: ) "Гэта ўсё адзін вялікі скандал, што беларускія ўлады гавораць пра палякаў. Я рэдка бываю ў цэнтры, раней на базар хадзіла купляць у беларусаў сёе-тое, а цяпер ужо не, хаця яны ёсьць па-мойму".

(Спадарыня: ) "Я скажу пра наш урад – яны кланяюцца Лукашэнку, а гэта сэнсу ніякага ня мае, бо там ня любяць Польшчу і будуць ўсё адно зьдзекавацца з палякаў. Лукашэнка – фальшывы чалавек, у яго няма сэрца і пачуцьця дабраты".

(Спадар: ) "Я нічога ня ведаю".

(Спадар: ) "Дык цяпер жа бізнэсу няма – калісьці быў – беларусы езьдзілі і быў у мяне бізнэс, а цяпер прыйшлося закрыць. Дрэнна, так не павінна быць. Лукашэнка, гэта апошні дыктатар".

(Спадарыня: ) "Кожны народ хоча свабоды. Так павінна быць і ў Беларусі – паляк, беларус, якая розьніца, ўсе хочуць свабоды. Трэба слухаць адно аднаго, а не вінаваціць у нечым увесь час. Такая мая думка".

(Спадар: ) "Менш беларусаў цяпер у нас, перадусім з-за візаў".

(Спадарыня: ) "Не, да беларусаў ніхто тут дрэнна не ставіцца – як да ўсіх іншых".

(Спадарыня: ) "Я не адчуваю, каб нешта зьмянілася, а як іншыя– ня ведаю".

(Спадар: ) "Гэта непрыемная сытуацыя для нас, бо мы ж суседзі. Што да людзей, дык палякі да беларусаў вельмі добра ставяцца і думаю, што тамтэйшыя палякі таксама хацелі б спакойна жыць побач зь беларусамі. Кожная дыктатура – кепская. Павінна існаваць сыстэма, якая дбае пра простага чалавека. А там, дзе вырашае ўсё адзін чалавек, ня можа быць добра".

(Спадар: ) "Тут няма ніякага дыскамфорту ў дачыненьнях зь беларусамі. Я працаваў у Берасьці калісьці прадстаўніком польскай фірмы і маю вельмі добрыя ўражаньні. Што цяпер адбываецца – гэта палітыка. Лукашэнка з Пуціным усё гэта робяць. Я б, калі б быў прэзыдэнтам, дык адкрыў бы межы для беларусаў і гэта дапамагло б наблізіць канец рэжыму Лукашэнкі".

(Спадар: ) "Я асабліва гэтымі справамі не цікаўлюся. Але самакрытычна скажу, што шмат тут і нашай віны. Трэба было больш сур''ёзна ставіцца да падзеяў за нашай усходняй мяжой. А цяпер няма чаго зьдзіўляцца".

(Спадар: ) "Па-мойму, усё яшчэ наперадзе – мы яшчэ пабачым, што беларусаў менш тут будзе. Але ня мы ж гэта справакавалі".

(Спадарыня: ) "Я думаю, усё яшчэ зьменіцца. Прыйдзе час дачакаемся гэтага і мы. І вы таксама дачакаецеся".
XS
SM
MD
LG