Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія бізнэсмэны лічаць Беларусь дзівоснай краінай


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня літоўскае аналітычнае выданьне “Атгімімас” (“Адраджэньне”) зьмяшчае вялікі артыкул пра умовы свабоднага прадпрымальніцтва і “дзяржаўны рэкет” у Беларусі. Журналістка дзеліцца уласнымі ўражаньнямі пра “краіну дзівосаў” і распавядае пра тое, што выглядае дзіўным у Беларусі на літоўскі погляд.

Аўтарка аднаго зь вядучых аналітычных выданьняў у Літве “Атгімімас” Гедре Бельскіце адзначае немалую колькасьць сапраўды абсурдных рэчаў у Беларусі. Яна прапаноўвае чытачам уявіць краіну дзівосаў, дзе “не дазваляецца ствараць крамы самаабслугоўваньня, будаваць прыватныя гатэлі, а калі хочаш атрымаць які-небудзь кантракт – мусіш чамусьці фінансаваць пабудову бібліятэкі – монстра будаўніцтва, які ужо цяпер пагражае абрынуцца.”

Беларусь, адзначае аўтарка, здаецца краінай зь мільёнам нявыкарыстаных магчымасьцяў для прадпрымальнікаў. У артыкуле падаецца досьвед тых літоўскіх бізнэсоўцаў, хто спакусіўся гэтай прасторай для магчымасьцяў і ідэяў. Гэта і прыклады “дзяржаўнага рэкету”, і дзіўнай сыстэмай хабараў, – чынавенства вымагае хабары, нічога не абяцаючы узамен, спасылаючыся на тое, што усё роўна “усё вырашае бацька”. Аўтарка прыводзіць прыклады зьняволеньня без тлумачэньняў і доказаў віны.

Журналістка “Атгімімаса” піша не пра тое, што у Беларусі кепска. Яна падкрэсьлівае – “дзіўна”. Што Беларусь – дзіўная, кажа і супрацоўнік адной зь літоўскіх прыватных установаў, які нядаўна езьдзіў па рэгіёнах заходняй Беларусі, наведаў Гародню, Ліду, шмат мястэчкаў.

(Валанчаускас: ) “Апынаесься як бы у Літве 91-92 гадоў, калі быў гэтак званы блякадны пэрыяд. Мястэчкі выглядаюць прыбранымі, але менавіта тут прыгадаліся словы Стрындбэрга “Жабрацтва заўсёды выглядае ня чыстым”. Нам, звыклым да іншых стандартаў, многае там здаецца дзіўным. Як спажывец, працы прыватнага бізнэсу у Беларусі я ня бачыў. Колькі наведвалі крамы, кавярні, – паўсюль напісана “Райспжыўсаюз”, у нас такія былі ў савецкія часы. Нават у такім вялікім месьце як Гародня мы не заўважылі прыватных крамаў – магчыма, яны ёсьць, але, пэўна, знайсьці іх ня лёгка, прынамсі, турыстам. Да і па ўзроўні абслугоўваньня бачна, што крамы дзяржаўныя. Не уяўляю, каб такое было магчыма у прадпрымальніка. Дзіўна, што зусім няма крамаў самаабслугоўваньня. Са мной былі маладзейшыя людзі, якія такога ня бачылі – для іх гэта было вельмі дзіўна”.

Як і большасьць літоўцаў пасьля наведваньня Беларусі, мой суразмоўца адзначае рэчы, якія зьдзіўляюць наведнікаў, але самім беларусам здаюцца нармальнымі зьявамі.

(Валанчаускас: ) “Магчыма, слухачам будзе цікава – вось такая рэч, як тры тыпы коштаў у гатэлях – для грамадзянаў Беларусі – адзін кошт, для грамадзянаў краінаў СНД – разоў у дзесяць болей, і для такіх, як мы – у некалькі дзесяткаў разоў болей. Калі беларусы плацяць якую тысячу рублёў за пару, мы плацілі па 25 эўра за такі ж самы нумар – такое немагчыма тут у гатэлях, каб аднолькавы нумар альбо ложак у пакоі каштаваў для розных людзей па-рознаму. Беларусы думаюць, што гэта нармальна. Падобна, што гэта частка дзяржаўнай прапаганды – падзяліць людзей, ды і па размовах зь людзьмі адчуваецца што ідзе прамываньне мазгоў”.

Аўтарка “Атгімамаса” заканчвае свой досыць падрабязны і вялікі артыкул нечаканым пасьля такога аповеду заклікам: “Хаця умовы бізнэсу у Беларусі зьдзіўляюць, сьмешаць і засмучаюць, кожнаму зычу наведаць гэтую краіну дзівосаў, як называюць яе літоўцы, якія там былі, – хаця б і дзеля таго, каб пабачыць як мы аддалілся ад старту пасьля аднаўленьня незалежнасьці. А разам з тым – не забудзьцеся углядзецца у тыя праявы мінулага, якія яшчэ знойдзеце і ў Літве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG