Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскія праваслаўныя зьбіраюць подпісы супраць касьцёлу


Браніслава Станкевіч, Ворша У Сьвята-Троіцкай царкве Куцеінскага манастыра ўсіх ахвотных запрашаюць падпісацца супраць “рыма-каталіцкае экспансіі на Беларусь” – у прыватнасьці, супраць будаўніцтва другога на ўвесь горад касьцёлу. У ідэалягічным аддзеле гарвыканкаму лічаць, што тутэйшыя каталікі самі справакавалі гэтае абвінавачаньне ў свой бок, бо, маўляў, таксама зьбіралі подпісы – за будаўніцтва новага храму. "Я лічу, што ўсё справакавалі каталікі", лічыць супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу.

Пра тое, як у аршанскай Сьвята-Троіцкай царкве зьбіраюць подпісы, распавёў спадар Сяргей, тутэйшы праваслаўны вернік:

(Спадар Сяргей: ) “Там, дзе зьлева прадаюць абразкі са сьвечкамі, там і ляжыць звычайны школьны сшытак, на якім напісана: “Збор подпісаў супраць будаўніцтва каталіцкага храма ў Задняпроўі". І яшчэ напісана: “Мы ня супраць каталікоў, мы супраць рыма-каталіцкай экспансіі на Беларусі.” Як мы былі там на мінулым тыдні, дык было подпісаў ўжо каля дзевяноста".

Хто прынёс у царкву гэты сшытак, і куды потым пойдуць сабраныя подпісы, ніхто зь вернікаў дакладна адказаць ня можа. Нічога ня ведае пра гэтую ініцыятыву і Благачынны пратаіерэй Айцец Мікалай (Вабішчэвіч), які апякуецца аршанскімі праваслаўнымі храмамі. Паводле ягонага меркаваньня, гэтая ініцыятыва магла быць выкліканая хіба тым, што ў тым самым мікрараёне “Задняпроўе” задумалі пабудаваць новы храм аршанскія каталікі.

У Воршы сёньня працуюць пяць цэркваў і ўсяго адзін касьцёл.

На будаўніцтва другога каталіцкага храму гарадзкія ўлады дазволу пакуль не даюць, спаміж іншых прычынаў адтэрміноўкі называючы і неабходнасьць вывучэньня грамадзкае думкі.

Як распавёў прадстаўнік каталіцкай суполкі Эдвард Асьвяцінскі, вернікі самі скіраваліся па кватэрах, каб правесьці грамадзкае апытаньне і гэтым самым паскорыць вырашэньне гэтага пытаньня.

(Спадар Эдвард: ) “У гарвыканкаме нам сказалі пра неабходнасьць вывучэньня грамадзкае думкі. Я таксама хадзіў па кватэрах, пытаўся: "Ці не пашкодзіць вам тое, што вось тут побач будзе касьцёл?" Людзі казалі: “Не! Даўно ўжо час! Мы толькі “за!” падпішамся! І мы сабралі недзе 600-700 подпісаў”.

Цяпер, калі праваслаўныя вернікі, дачуўшыся пра грамадзкае апытаньне каталікоў, пачалі праводзіць сваё ўласнае, у аршанскім гарвыканкаме кажуць, што і адны, і другія парушылі закон. Але, як кажа супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Інна Хамутоўская, вінаватыя перадусім прадстаўнікі каталіцкае грамады, бо першыя не схацелі чакаць, пакуль адпаведнае апытаньне правядуць дзяржаўныя структуры.

(Хамутоўская: ) “Я лічу, што ўсё справакавалі каталікі, якія ня мелі права праводзіць апытаньні і ўвогуле нешта рабіць. Але гэта вельмі далікатнае пытаньне, і пакуль усё добра. Ня трэба яго акцэнтаваць!”

Супрацоўніца гарвыканкаму лічыць, што да абвінавачаньня ў рэлігійнай экспансіі на адрас мясцовых каталікоў ня варта ставіцца занадта сур''ёзна, пакуль справа не дайшла да адкрытага міжканфэсійнага канфлікту, вартага ўвагі ўладаў. Між тым лёс будаўніцтва новага каталіцкага храма, а значыць, і вырашэньне ўсёй праблемы, залежыць менавіта ад мясцовых уладаў.
XS
SM
MD
LG