Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як 30 тысяч чарнобыльскіх дзяцей страцілі права на аздараўленьне


Казімер Яноўскі, Гомель Звыш 30 тысяч дзяцей, што жывуць у Гомельскай вобласьці, страцілі сёлета права на бясплатнае аздараўленьне. Дзе адпачываць дзецям з чарнобыльскіх раёнаў? З Гомеля перадае наш карэспандэнт.

Страта дзецьмі магчымасьці бясплатна падмацаваць здароўе зьвязана з пастановай беларускага ўраду. Паводле яе, 48 населеных пунктаў, у тым ліку гарады Жлобін і Рагачоў, аб''яўлены чыстымі ад радыяцыі. З гэтай прычыны звыш 30 тысяч дзяцей і згубілі права на бясплатнае аздараўленьне, прадугледжае чарнобыльскім законам.

Да таго ж у рэгіёне цяпер пашыраецца аздараўленьне ў мясцовых летніках. Да 24 стацыянарных сёлета прыбавілася 8 летнікаў, зарганізаваных на базе розных санаторыяў. Такім чынам мяркуецца аздаравіць 55 тысячаў дзяцей.

У эпідэміялягічным аддзеле гарадзкой санстанцыі на вуліцы Палеская, 43 вялікая чарга – тут і дзеці, і бацькі. Апавядае Мікалай Пархоменка, бацька 15-гадовага сына:

(Пархоменка: ) “У цэнтры гігіены стаіць чарга за даведкамі. Дзеці едуць на аздараўленьне ў летнікі. Таму і ўтварылася такая чарга”.

Бацькі не задаволены такою працэдураю афармленьня дзяцей у летнікі.

Усюды трэба выстаяць чаргу – у паліклініцы, у санстанцыі ды яшчэ ў банку, каб заплаціць грошы за даведку. Меркаваньні на гэты конт гараджанак:

(Першая жанчына: ) “Паліклінікі ня могуць на месцы даведкі выдаць, дык сюды вымушаюць ісьці”.

(Другая жанчына: ) “Спачатку ў паліклініку трэба ісьці па мэдычную даведку, што дзіця здаровае. Потым у банк бяжы плаціць грошы – 1770 рублёў за даведку санстанцыі. З квітком ужо прыходзім сюды. Тут і выдаюць канчатковую даведку, што наша дзіця здаровае”.

(Трэцяя жанчына: ) “За даведку дзіцяці ў летнік трэба заплаціць 1770 рублёў. Няправільна гэта”.

Многія бацькі ня ў захапленьні ад пашырэньня аздараўленьня менавіта ў сваім рэгіёне, дзе зямля асабліва моцна заражаная чарнобыльскай радыяцыяй.

Мнагадзетная маці Алена Служэнка зь вёскі Казялужжа Хойніцкага раёну кажа пра неабходнасьць адпраўляць падлеткаў у чыстыя ад радыяцыі вобласьці:

(Служэнка: ) “Хаця б куды-небудзь у іншыя вобласьці адпраўлялі – у Менскую, Віцебскую, Берасьцейскую. Карацей, у больш чыстыя ад радыяцыі вобласьці”.
XS
SM
MD
LG