Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынёўства Эўразьвязу і Латвія выказалі падтрымку палякам Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Брытанскае старшынёўства Эўразьвязу сёньня выступіла з дэклярацыяй адносна падзеяў у Беларусі, у якой асуджаюцца апошнія дзеяньні ўладаў супраць Саюзу палякаў, рост рэпрэсіяў і ціску на палітычную апазыцыю, грамадзянскую супольнасьць і незалежныя СМІ. Тым часам міністар замежных справаў Латвіі Артыс Пабрыкс паабяцаў судзеяньне сваёй краіны ў барацьбе за правы польскай меншасьці ў Беларусі.

Заява старшынёўства Эўразьвязу па Беларусі падтрыманая 25 краінамі-сябрамі арганізацыі, а таксама краінамі-кандыдатамі ды патэнцыйнымі кандыдатамі ў яе склад: Баўгарыяй, Румыніяй, Турэччынай, Харватыяй, Альбаніяй, Сэрбіяй, Украінай, Малдовай і іншымі дзяржавамі. У заяве зазначаецца, што ўмяшаньне беларускіх уладаў у дзейнасьць Саюзу палякаў парушае правы нацыянальных меншасьцяў, і гэта супярэчыць абавязацельствам Беларусі як сябра АБСЭ. Эўразьвяз заклікае беларускія ўлады “перагледзець рэпрэсіўную палітыку супраць сваіх грамадзян і забясьпечыць яе поўную адпаведнасьць з абавязкамі ў галіне правоў чалавека, уключна з правамі меншасьцяў”.

Эўразьвяз асуджае нядаўнія прысуды Міколу Статкевічу, Паўлу Севярынцу, Андрэю Клімаву як палітычна матываваныя, патрабуе вызваленьня палітвязьняў, павагі свабоды слова і дэманстрацыяў. Эўразьвяз таксама расчараваны дзеяньнямі беларускага ўраду, які стрымлівае разьвіцьцё больш шчыльных адносінаў з ЭЗ і перашкаджае беларусам карыстацца выгодамі Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Эўрапейскі зьвяз абяцае пільна сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі і ў адказ перагледзець сваю палітыку адносна краіны, адначасова ЭЗ абяцае працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці і беларускага народу, у іх намаганьнях разьвіваць дэмакратычнае і плюралістычнае грамадзтва ў Беларусі.

Тым часам міністар замежных справаў Латвіі Артыс Пабрыкс, сустракаючыся надоечы з кіраўніцай Саюзу палякаў гэтай краіны Вандай Крукоўскай, заявіў, што ягоная краіна ў межах сваіх магчымасьцяў зробіць усё, каб дапамагчы польскай меншасьці ў Беларусі. Латвія вельмі занепакоеная ціскам уладаў на беларускіх палякаў, зазначыў прэсавы сакратар МЗС Латвіі Аціс Лотс.

(Лотс: ) “У дэмакратычным грамадзтве непрымальна вырашаць сілавымі мэтадамі адносіны паміж дзяржавай і няўрадавымі арганізацыямі, і ў прыватнасьці, аб’яднаньнямі нацыянальных меншасьцяў”.

Аціс Лотс паведаміў, што Латвія будзе ініцыяваць дыскусію і каардынаваць свае дзеяньні адносна канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі ў рамках Эўразьвязу. Прэсавы сакратар МЗС Латвіі нагадаў, што беларускія ўлады часта крытыкуюць ягоную краіну за праблемы яе нацыянальных меншасьцяў, але афіцыйны Менск мусіць прызнаць, што да такіх захадаў, якія робяцца супраць Саюзу палякаў Беларусі, у Латвіі не дайшлі.

Спадар Аціс Лотс для параўнаньня нагадаў, што ў Беларусі, дзе існуе 400-тысячная польская грамада, дзейнічаюць ўсяго дзьве польскамоўныя школы, а ў Латвіі, дзе палякаў у дзесяць разоў меней, — пяць школ. І тым часам міністар замежных справаў Латвіі Артыс Пабрыкс даручыў вывучыць пытаньне аб адкрыцьці ў Рызе яшчэ адной польскай школы. Акрамя сталіцы Латвіі польскія школы дзейнічаюць у Даўгаўпілсе, Рэзэкнэ, Краславе.

Тым часам у Саюзе палякаў Латвіі рыхтуюць сваю адозву адносна падзеяў вакол іх беларускіх суродзічаў, паведаміла кіраўніца гэтай арганізацыі Ванда Крукоўская. Дзеяньні беларускіх уладаў супраць палякаў яна назвала “рэпрэсіямі”.

Старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс высока ацаніла пазыцыю Латвіі, а таксама Францыі, Літвы і многіх іншых краінаў Эўропы.

(Борыс: ) “Шмат краінаў Эўропы падтрымала нас, палякаў, падтрымала грамадзянаў Беларусі. Таму што тое, што сёньня адбываецца з палякамі, заўтра можа адбыцца зь літоўцамі, іншымі нацыянальнымі меншасьцямі, з самімі беларусамі. Гэта не міжнацыянальны канфлікт, цэлая машына беларускай дзяржавы скіраваная ў гэты момант супраць сваіх грамадзянаў польскага паходжаньня”.

Тым часам старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў, што канфлікт вакол Саюзу палякаў быў справакаваны польскімі ўладамі, каб адцягнуць увагу свайго насельніцтва ад праблемаў у самой Польшчы ў сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG