Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пра зьбіцьцё Сьвятланы Завадзкай думаюць міліцыянты?


Галіна Абакунчык, Менск Жонцы зьніклага апэратара Дзьмітрыя Завадзкага Сьвятлане адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы паводле факту яе зьбіцьця супрацоўнікам АМОНу. Інцыдэнт здарыўся падчас правядзеньня грамадзкай акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” на Кастрычніцкім пляцы Менску ў гадавіну зьнікненьня журналіста. Што пра гэтае здарэньне думаюць супрацоўнікі міліцыі? Ці траплялі яны ў падобныя сытуацыі і як зь іх выходзілі?

(Карэспандэнтка: ) “Ці траплялі вы ў такія сытуацыі, якая здарылася падчас грамадзкай акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, калі супрацоўнік АМОНу ўдарыў жонку зьніклага апэратара Дзьмітрыя Завадзкага? Якім вы бачыце выйсьце з падобнай сытуацыі?”

(Міліцыянт: ) “Розныя сытуацыі здараюцца. А гэты выпадак кожны трактуе паводле свайго бачаньня, вось і ўсё. Цяжка нешта сказаць дакладна”.

(Міліцыянт: ) “Калі б я быў не супрацоўнікам міліцыі, то я, пэўна, здолеў бы адказаць. А так… Ну, таксама можна адказаць, але такімі сродкамі, каб затым гэта не пацягнула за сабой адказнасьці нейкай”.

(Міліцыянт: ) “Ну, я лічу, што я не прымяніў бы сілу ні ў якім разе. Тым болей, што супраць жанчыны”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы выйшлі б з такой сытуацыі?”

(Міліцыянт: ) “Як трэба дзейнічаць? Па-першае, пэўна, словам. Ну, але сама лепш, як вось нам, людзям у пагонах, то трэба быць спакойным, бо міліцыянт мусіць быць узорам для людзей. Мы ўсё ж такі ў Беларусі жывем і, думаю, што людзі прыслухаліся б”.

(Міліцыянт: ) “Я лічу, што ёсьць правакатары. Яны наўмысна правакуюць супрацоўніка міліцыі, а калі той яму нейкую фізычную шкоду прычыніў падчас затрыманьня, то пішуць на яго заяву, і чалавека звальняюць ды яшчэ штраф прымушаюць плаціць. Таму вось такім дробным правакацыям, я лічу, лепш не паддавацца і проста не зьвяртаць на гэта ніякай увагі. Але калі нейкія грубыя дзеяньні чалавек дазваляе, то нейкія сродкі стрыманьня трэба ўжываць. Паколькі мы носім пагоны, якія б яны ні былі, то мы нясем за свае ўчынкі адказнасьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як бы вы паводзілі сябе ў такой сытуацыі?”

(Міліцыянт: ) “На супрацоўніка міліцыі, па-першае, ніхто не пасьмее проста так падымаць руку — гэта перш за ўсё. Мне падаецца, што форма адпужвае людзей. А дробных абразаў проста стараемся не заўважаць, вось і ўсё. Былі, канечне, выпадкі, калі спрабавалі крыўдзіць менавіта як супрацоўніка міліцыі. Але ў такіх выпадках лепш за ўсё не прымаць ніякіх сур’ёзных мераў, а проста зрабіць выгляд, што не заўважаеш гэтага. Адэкватна адказваць мы ня можам, бо ў нас ёсьць кодэкс міліцыянта, і нам проста забаронена на грубасьць адказваць грубасьцю. Гэта не да твару супрацоўніку міліцыі”.
XS
SM
MD
LG