Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз занепакоены беларускай сытуацыяй


RFE/RL Эўрапейскі Зьвяз выказвае "глыбокую заклапочанасьць" разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі, якая характарызуецца "ўзмацненьнем рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і незалежных СМІ". Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 2 жніўня Вялікабрытаніяй, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

У дакумэнце асуджаюцца дзеяньні беларускіх уладаў у адносінах да Саюзу палякаў на Беларусі. Гэтыя дзеяньні ўладаў характарызуюцца як "умяшаньне ўраду ў дзейнасьць незалежнай няўрадавай арганізацыі".

"Эўразьвяз упэўнены, што такога кшталту ўмяшаньне парушае правы нацыянальных меншасьцяў і супярэчыць стандартам і нормам, якія зьяўляюцца часткай абавязацельстваў краінаў – сябраў АБСЭ " – гаворыцца ў заяве Эўразьвязу, распаўсюджанай Вялікай Брытаніяй.

Эўразьвяз таксама асуджае прысуды, вынесеныя беларускім палітыкам Міколу Статкевічу, Паўлу Севярынцу і Андрэю Клімаву. У заяве выказваецца ўпэўненасьць, што гэтыя прысуды зьяўляюцца "палітычна матываванымі". Ад імя краінаў – сябраў Эўразьвязу Вялікабрытанія заклікае беларускія ўлады вызваліць гэтых палітыкаў, а таксама ўсіх тых, хто "быў асуджаны па палітычных матывах".

У заяве таксама зазначаецца, што Эўразьвяз "будзе і надалей аказваць падтрымку імкненьням беларускай грамадзянскай супольнасьці і насельніцтва да дэмакратычнай і свабоднай Беларусі".

***

МЗС Украіны паведаміла сёньня, што Ўкраіна далучылася да заявы Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG