Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску і Жодзіне пахавалі загінулых на Алтаі


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску і Жодзіне хавалі загінулых падчас узыходжаньня на гару Бялуху на Алтаі сябраў Рэспубліканскага турысцка-спартовага саюзу. Зь дзевяці сябраў Рэспубліканскага турысцка-спартовага саюзу, якія тыдзень таму трапілі пад лявіну на гары Бялуха на Алтаі, учора цягніком у Менск вярнуліся двое. Яшчэ двух турыстаў прывезьлі ў трунах. Наш карэспандэнт затэлефанаваў у Рэспубліканскі шпіталь Горна-Алтайску і пацікавіўся, якія пэрспэктывы ў беларусаў, якія дагэтуль праходзяць там курс лекаваньня.

Заўчасна пайшлі з жыцьця Ўладзімер Белановіч, які неаднаразова ўзначальваў паходы вельмі высокай, пятай катэгорыі складанасьці, і аматар экстрэмальнага адпачынку Аляксандар Прохараў. Але, апроч іх, дагэтуль пахаванымі пад лявінай на Бялусе застаюцца яшчэ два беларусы — бадай, самы дасьведчаны беларускі альпініст Георгі Маскалёў, які вадзіў паходы шостай катэгорыі складанасьці, і Кірыл Коршак. З прычыны пастаяннай лявінанебясьпекі іх пошук спынены.

Учора ў сем’і вярнуліся Іван Дашкевіч і Юры Ганчар, якія сёньня хавалі сваіх калегаў. Яшчэ тры спартоўцы-аматары — Алег Болдыраў, Юры Тома і Элеанора Волкава — застаюцца ў Рэспубліканскім шпіталі Горна-Алтайску, куды яны былі дастаўленыя праз суткі пасьля трагедыі. Я затэлефанаваў у аддзяленьне траўматалёгіі згаданага шпіталю. Лекар Міхаіл Буратаеў сказаў, што цяпер шпіталізаваныя абмежаваныя ў руху, але сам згадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў.

(Буратаеў: ) “На наступным тыдні ўсе будуць выпісаныя. Тут, бачыце, яшчэ з квіткамі на транспарт узьнікаюць праблемы. Таму справа ўпіраецца нават ня ў стан здароўя, а ў тэхнічныя моманты. Дый цягнік ходзіць ня кожны дзень, гэта таксама трэба ўлічваць. Але на наступным тыдні ўсе будуць выпісаныя”.

Я запытаўся, ці праўдзівая інфармацыя пра тое, што практычна ўсе пацярпелыя маюць праблемы з хрыбтом, што патрабуе асаблівых умоваў транспартаваньня?

(Буратаеў: ) “Ёсьць такі момант, гэта так. Але нейкіх надта асаблівых умоваў не патрабуецца. Праўда, рэзкіх рухаў ім трэба пазьбягаць. І ўвогуле рэабілітацыя ў гэтым выпадку — гэта толькі пытаньне часу”.

На пытаньне, як часта турысты трапляюць пад лявіны у гарах Алтаю, спадар Буратаеў адказаў: кожны год і неаднаразова.

(Буратаеў: ) “Адзінае, што вашыя хлопцы ня кожны год сюды дабіраюцца — вельмі далёка. Таму больш церпяць, натуральна, расейскія турысты з блізкіх рэгіёнаў. І асабліва летам, калі лявінанебясьпека надзвычай высокая. Гэта ж не зімой, калі леднікі ўстойлівыя і, збольшага, прадказальныя. А цяпер сьнег растае, і невядома, якіх зрухаў чакаць. Да таго ж, гарачыня цяпер пад сорак градусаў стаіць”.

У Рэспубліканскім турысцка-спартовым саюзе, які аб’ядноўвае “самадзейных турыстаў”, кажуць, што рызыка ў падобных справах — рэч аб’ектыўная. Гаворыць супрацоўнік саюзу Ўладзімер Кандрацеў:

(Кандрацеў: ) “Загінулі вартыя з самых вартых людзей, іх душы засталіся ў гарах, там, куды яны імкнуліся, куды яны хадзілі дзеля таго, каб знайсьці незразумелы сэнс жыцьця, дасягнуць духоўных вышыняў... І ніхто тут ні ад чыйго імя не ішоў. У нас тысячы людзей ходзяць у горы штогод, і цяпер знаходзяцца сотні людзей на Каўказе, на Алтаі, на Паміры, на Цянь-Шані, у Хібінах. Яны сплаўляюцца па горных рэках, робяць узыходжаньні на вяршыні, у тым ліку і ў складзе міжнародных экспэдыцыяў”.
XS
SM
MD
LG