Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Латушка: канфлікт паміж Беларусяй і Польшчай будзе адгукацца шмат гадоў


Юры Дркахруст, Прага Нягледзячы на адкліканьне зь Беларусі польскага пасла, пасол Беларусі ў Польшчы Павал Латушка застаецца ў Варшаве. Свой погляд на цяперашні крызыс у двухбаковых адносінах спадар Латушка выклаў у інтэрвію газеце "Rzeczpospolita", апублікаваным у сёньняшнім нумары.

Павал Латушка заявіў, што дзеля дабра Саюзу палякаў Беларусі і польска-беларускіх адносінаў Анжаліцы Борыс і Тадэвушу Кручкоўскаму трэба было б адмовіцца ад удзелу ў выбарах кіраўніцтва Саюзу.

Павал Латушка выказаў нязгоду зь меркаваньнем Эўразьвязу, што ў крызысе СПБ вінаваты Аляксандр Лукашэнка: "Мы ведаем, як фармуецца меркаваньне Эўразьвязу. Да ўвагі бярэцца толькі адзін пункт гледжаньня. Гэты крызыс пачаўся яшчэ летась з прычыны скаргі ў Міністэрства юстыцыі часткі саміх палякаў на ход зьезду Саюзу".

Пасол крытычна ставіцца да ацэнак, што крызыс зьязаны са страхам Аляксандра Лукашэнкі перад “каляровай” рэвалюцыяй. "Каб справа дайшла да рэвалюцыі, патрэбны эканамічны крызыс і незадаволенасьць людзей. А ў нас рост эканомікі летась склаў 11%. Нават паводле звестак Інстытуту Гэлапа, Лукашэнку падтрымліваюць 48 % беларусаў. Ці палякі хочуць пераканаць гэтыя 48 % змяніць свае погляды? Беларусы маюць права самі вырашаць свой лёс", – заявіў Павал Латушка.

Паводле пасла, беларускі бок шукаў прымальнага вырашэньня канфлікту – яшчэ ў сакавіку МЗС Беларусі чатыры разы прапаноўваў кансультацыі на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных справаў, каб вырашыць праблему Саюза палякаў. Але чатыры разы мы атрымлівалі ад польскага боку рашучую адмову", – заявіў Латушка.

Намер Польшчы і Эўразьвязу стварыць незалежнае тэле- і радыёвяшчаньне на Беларусь дыплямат лічыць "марнай тратай грошай". "Памятаю, як "Радыё Рацыя" вяшчала з Польшчы па-беларуску. Яго мала хто ў Беларусі слухаў. У рэшце рэшт перадачы спыніліся. І я хачу запытаць, ці адпавядае міжнароднаму праву стварэнне радыё, якое мае на мэце ўплыў на сытуацыю ў суседняй дзяржаве?"

Ня гледзячы на адкліканьне Польшчай свайго пасла зь Мінску, Павал Латушка застаецца ў Варшаве. "Міністар замежных справаў даручыў мне ў гэтай складанай сытуацыі дзейнічаць у імя пераадоленьня крызысу, наладжваць дыялёг з польскімі ўладамі", – сказаў беларускі дыплямат.

Ён паскардзіўся, што ў амбасаду ўвесь час тэлефануюць невядомыя асобы з пагрозамі. Пасол выказаў перасьцярогу, што цяперашні канфлікт будзе адгукацца шмат гадоў, адзначыў, што паміж маладымі беларусамі і палякамі расьце ўзаемная непрыязнасьць. “І гэта пры тым, што ў гісторыі Беларусь была адзінай суседкай Польшчы, якая ніколі не ўступала зь ёй у спрэчкі. Стагодзьдзямі мы жылі ў адной дзяржаве,” – прыгадаў Павал Латушка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG