Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП вінаваціць БРСМ у фальшываманэцтве


Ганна Соусь, Менск Аб’яднаная грамадзянская партыя абвінаваціла Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ў фальшываманэцтве і выкарыстаньні савецкіх ідэалягічных прыёмаў. Гэта адбылося пасьля таго, як прадстаўнікі БРСМ ля польскай амбасады ў Менску памылі ў пральнай машыне амэрыканскія даляры. Назіральнікі адзначаюць, што беларускія ўлады “раскручваюць” крызісную сытуацыю ў беларуска-польскіх дачыненьнях паводле схемаў, якія засталіся ад часу КПСС.

Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, “ідэолягі БРСМ чарговым разам прадэманстравалі, што не гатовыя несьці адказнасьць ані за палітыку сваёй краіны, ані за выраб фальшывых грошай”.

Нагадаю, у нядзелю сябры Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі пікетавалі амбасаду Польшчы ў Менску. Пікетоўцы прыйшлі зь лёзунгамі ў падтрымку міралюбнай палітыкі беларускай дзяржавы і перадалі ў дыпляматычную місію зварот ад беларускай моладзі да народу і ўладаў Польшчы з заклікам захаваць сяброўства і добрасуседзкія стасункі ў беларуска-польскім канфлікце вакол Саюзу палякаў. І як намёк на адмываньне Польшчай амэрыканскай фінансава-палітычнай грашовай дапамогі ўдзельнікі акцыі паставілі насупраць амбасады пральную машыну і разьвесілі “вымытыя даляры”. Як распавяла мне выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавай службы АГП Кацярына Ткачэнка, паводле зьвестак партыі, амэрыканскія даляры былі надрукаваныя напярэдадні акцыі на ксэраксе.

(Ткачэнка: ) “Гэта нам паведамілі сябры, сваякі людзей, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці БРСМ. Неяк так крыўдна, балюча, што цяпер найлепшыя дасягненьні савецкай ідэалягізаванай машыны паўтараюцца, і на нашу моладзь ліецца зноў тое ж самае, што лілося на нашых бацькоў. Калі згадваеш тое, што рабіў Дын Рыд, дык ён меў права праць амэрыканскі сьцяг, бо ён быў амэрыканскім грамадзянінам. Ён падзяляў адказнасьць за палітыку сваёй краіны, хаця быў ня згодны зь ёй. На што намякала тая моладзь, што прыйшла да польскай амбасады? Яны паказалі, што мы самі правакуем гэты канфлікт, уцягваючы ў яго трэцюю краіну”.

Што да іншых ідэалягічных мэтадаў савецкай пары, выкарыстоўваных у беларуска-польскім канфлікце, то тут даволі паглядзець беларускія тэлевізійныя каналы, якія падаюць выключна адзіны пункт гледжаньня на канфлікт – гэта тычыцца меркаваньняў як экспэртаў, так і простых людзей. Вельмі паказальныя й вынікі сацыялягічнага экспрэс-апытаньня, праведзенага аналітычным цэнтрам “Экаом”, у адпаведнасьці зь якімі 95 адсоткаў жыхароў Беларусі лічыць, што ў канфлікце дзяржаваў вінаваты польскі бок. Паводле “Экаому”, 75 адсоткаў апытаных выказалі меркаваньне, што ў цяперашніх умовах Беларусь павінна прыняць самыя жорсткія меры супраць Польшчы – аж да разрыву дыпляматычных стасункаў.

Публіцыст Аляксандар Фядута, які ў 1994 годзе ўзначальваў Галоўнае ўпраўленьне грамадзка-палітычнай інфармацыі ў адміністрацыі Лукашэнкі, у інтэрвію “Свабодзе” назваў бруднымі тыя мэтады, якія выкарыстоўваюць у беларуска-польскім канфлікце беларускія ўлады.

(Фядута: ) “Што тычыцца наагул ідэалягічнай і прапагандысцкай мітусьні вакол праблемы, то сорамна за беларускую дзяржаву. Яна магла гуляць па зусім іншых правілах, не выступаючы на баку таго ж самага спадара Кручкоўскага, а кажучы аб тых парушэньнях, якія былі падчас арганізацыі і правядзеньня зьезду. І цяпер атрымліваецца дастаткова складаная сытуацыя, таму што Польшча да гэтага канфлікту была супраць поўнай ізаляцыі Беларусі. І тое, што пачала рабіць беларуская дзяржава, гэта як тая унтэр-афіцэрская ўдава ў Гогаля, якая сама сябе вылупцавала”.
XS
SM
MD
LG