Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самыя элітныя войскі адзначаюць 75-гадовы юбілей


Ігар Карней, Менск Сёньня найбольш элітныя яшчэ за савецкім часам Паветрана-дэсантныя войскі (ПДВ) адзначаюць 75-годзьдзе з дня свайго стварэньня. Традыцыйна ў гэты дзень вуліцы вялікіх гарадоў запаўняюцца не зусім цьвярозымі, але адданымі галоўным атрыбутам ПДВ – цяльняшцы і блакітнаму барэту – мужчынамі розных узростаў. Бо дэсантнае братэрства лічыцца адным з самых моцных – так мяркуе наш карэспандэнт, якому ў свой час давялося гэтаксама служыць у Паветрана-дэсантных войсках.

Любая служба існуе ў двух зрэзах. З аднаго боку, ніхто не ў захапленьні ад вайсковай будзённасьці зь няспыннай муштрой, прыхамацьцю камандзіраў, ня кажучы ўжо пра пазастатутныя адносіны – “дзедаўшчыну”. З другога боку, адношу сябе да людзей, якія праз шмат гадоў пасьля дэмабілізацыі “ідэалізуюць” ня столькі армію, колькі сяброў, якія сапраўды застаюцца аднымі з самых вартых. Магчыма, усё гэта больш тычыцца тых, хто служыў яшчэ за савецкім часам, калі мэты ў арміі былі больш акрэсьленыя.

Цяпер зьдзіўляе, што камплектацыяй арміі займаюцца ня толькі камісарыяты, але й Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Падаецца, нават савецкаму камсамолу не было клопату да таго, каго бяруць у войска. На маё неразуменьне адказная супрацоўніца БРСМ Ірына Каструкова адрэагавала так:

(Каструкова: ) “Вы ад пачатку спрабуеце кагосьці абвінаваціць. Але давайце пачнем з таго, што канкрэтны чалавек, які атрымаў рэкамэндацыю БРСМ на праходжаньне службы, у 2004 годзе атрымаў ордэн “За адвагу” за затрыманьне асабліва небясьпечнага злачынцы. Мы адбіраем найлепшых з найлепшых, якіх рэкамэндуюць і навучальныя ўстановы, і таварышы, зь якімі яны кантактуюць, і першасныя арганізацыі, у якіх яны знаходзяцца, раённы камітэт, абласная арганізацыя... Гэта найлепшыя з найлепшых прадстаўнікоў, якія адчуваюць у сабе сілы, упэўненасьць у тым, што яны гатовыя служыць на карысьць радзіме”.

Але можна сказаць, што сытуацыя зь сьвяткаваньнем увогуле няясная – паветрана-дэсантных войскаў у Беларусі ўжо не існуе! У зьвязку з рэфармаваньнем Узброеных сілаў у канцы 90-х часткі ПДВ былі замененыя на дзьве мабільныя брыгады, якія базуюцца ў Віцебску і Берасьці. Сёньня ўрачыстасьці ў прывязцы да іх будуць падзеленыя. Міністар абароны Леанід Мальцаў і адзін з галоўных беларускіх “аўганцаў” Віктар Шэйман наведаюць 38-ю асобную брыгаду ў Берасьці. А вось віцебскім дэсантнікам пашчасьціла больш: у амфітэатры “Славянскага базару” будзе прэзэнтаваны музычны праект “Дэмбельскі альбом”, складзены з твораў адпаведнай тэматыкі беларускіх гуртоў.

Дарэчы, зь Віцебскам у дэсантнікаў зьвязаныя цалкам рэальныя падзеі. Зноў жа нехта іх цяпер ідэалізуе, але шмат хто лічыць гэта ганебнай старонкай у гісторыі СССР. Я маю на ўвазе аўганскую вайну, на якую вайскоўцы Віцебскай дывізіі трапілі першымі. Маёр Андрэй Івонін быў сярод дэсантнікаў, якія бралі палац тагачаснага кіраўніка Аўганістану Аміна. Кажа, што нічога звыш загадаў ягоныя сябры не рабілі, а таму размовы пра акупацыю краіны перабольшаныя.

(Івонін: ) “Мы выходзілі, нам ставілі задачу: у такім і такім кішлаку базы душманаў. Калі адтуль вёўся агонь, пад прыкрыцьцём БТРаў мы падыходзілі, авіяцыя наносіла ўдар. Звычайна гэта былі закінутыя кішлакі. Там, дзе былі мірныя людзі, мы спакойна заходзілі, праводзілі “падчысткі”, праглядалі, калі нічога не знаходзілі, сыходзілі. Там, дзе натыкаліся на супраціў, натуральна, з бандытамі ваявалі. Сапраўдная вайна была. Але звычайна духі адыходзілі ў горы, мы ішлі за імі, шукалі складоў, выграбалі зброю – міны, боепрыпасы. Вось асноўная задача была і мэта гэтых мерапрыемстваў”.

Цяпер “аўганцаў” усё часьцей можна ўбачыць на ваенізаваных мэмарыялах, дзе яны згадваюць пра свае подзьвігі. Самы яскравы прыклад – нядаўна адчынены гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна” пад Заслаўем. Гэта таксама вынік зацятасьці дэсантнікаў з фонду “Памяць Аўгану”. Кіраўнік комплексу Аляксандар Базарнаў тлумачыць, навошта яму гэта трэба:

(Базарнаў: ) “Чаму мы ўсе да гэтага прыйшлі? Бо, дапусьцім, з гісторыі тэхнікі, гісторыі ўзбраеньняў вядома амаль усё. Што да авіяцыі, танкаў, то вядомы нават колер апазнавальных знакаў – ажно да заканцоўкі крылаў і заклёпак. Людзі ў гэтым кірунку правялі калясальную працу. Але атрымалася, што гіганцкі пласт гісторыі проста выпаў, яго як быццам не было, і ён не пазначаны. Любыя даведнікі разгарнуць – пра ўмацавальныя раёны ўвогуле нічога ня сказана. Выходзіць карціна: яны ўсё ж былі ці не? Калі былі, то чаму не такія, як францускія, фінскія, польскія?”

Нарэшце, варта зазначыць, што жаданьне маладых людзей вызначыцца перад сябрамі, каханай дзяўчынай – маўляў, вось які я герой: у барэце, цяльняшцы, з парашутам скакаў, – мае і адваротны бок. Тыя ж скачкі з парашутам не заўсёды канчаюцца мяккім прызямленьнем, і траўматызм у ПДВ найбольш высокі ва Ўзброеных сілах. Падчас маёй службы ўвогуле было некалькі сьмяротных выпадкаў. Хто ад гэтага пакутуе? Натуральна, што бацькі. Адна знаёмая, сын-дэсантнік якой загінуў у Аўганістане, у роспачы кідае: чамусьці сярод няшчасных жанчын, дзеці якіх гінуць у войску, амаль усе адзінокія.

(Спадарыня: ) “Гэта ўсё адзінокія, як мы, такія жанчыны адзінокія. Вось мой сын, вакол вісіць на сьценах у рамках, дэсантнікам быў. Але тым самым усё й скончылася: прывезьлі радасьць дадому, нашых хлопцаў. Якія зь іх абаронцы? Яны толькі адвучыліся вучэбку ды ў школе быў урок вайсковай падрыхтоўкі. Дзе яны яшчэ маглі навучыцца трымаць зброю? Ну, у цір яшчэ хадзілі пастраляць – вось і ўся “адукацыя”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў кажуць, што беларуская міліцыя сёньня ня будзе пераводзіцца на ўзмоцнены рэжым патруляваньня вуліц беларускіх гарадоў, паколькі паразуменьне з кіраўнікамі аўганскіх арганізацыяў, у якія ў асноўным уваходзяць якраз-такі дэсантнікі, дасягнута поўнае. Між тым практычна штогод міліцэйскія зводкі сьведчаць пра сутычкі дэсантнікаў менавіта з супрацоўнікамі міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG