Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі згортваецца моладзевы валянтэрскі рух


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Крэве на замку ХІІІ стагодзьдзя меў пачаць працу моладзевы валянтэрскі лягер. Паводле інфармацыі стваральнікаў дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”, некалькі дзясяткаў студэнтаў вышэйшых навучальных установаў краіны павінны былі правесьці частковую кансэрвацыю руінаў. Праца валянтэраў, аднак, адкладаецца.

Нямецкія крыжакі, крымскія татары, маскоўскае войска ды іншыя нападнікі цягам больш як шасьці стагодзьдзяў выпрабоўвалі на трываласьць муры Крэўскага замку. Легенды пра тамтэйшыя бітвы не паміраюць. А вось матэрыяльная спадчына гіне. Студэнтам унівэрсытэту культуры і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту ўдалося атрымаць дазвол Міністэрства культуры на частковую кансэрвацыю руінаў Крэўскага замку. Кансэрвацыю меркавалі правесьці за 20 рабочых дзён. Учорашні дзень, аднак, ужо страчаны.

Рэч у тым, што валянтэры разьлічвалі на дапамогу так званых спонсараў. Студэнтам перш за ўсё патрэбны добры будаўнічы матэрыял і адпаведны рыштунак. Але, як кажа кіраўніца дабрачыннага фонду “Крэўскі замак” Вольга Шмігельская, дзяржаўныя ўстановы праігнаравалі нават пісьмовыя звароты аб дапамозе.

(Шмігельская: ) “Простыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь – вось нашыя адзіныя спонсары. Ніводная арганізацыя ці юрыдычная асоба не адгукнулася пакуль што. Прыехалі будучыя краязнаўцы, будучыя гісторыкі, якім сапраўды баліць сэрца за замак, які разбураецца. БРСМ тут ня ўдзельнічае”.

Будаўнічыя атрады БРСМ сёлета працуюць выключна за грошы. На пачатку гэтага лета Аляксандар Лукашэнка прыняў указ аб ільготах для будатрадаў БРСМ. У краіне зноў аб’яўлены моладзевыя ўдарныя будоўлі. У Цэнтральным камітэце арганізацыі-пераемніцы камсамолу паведамілі, што студэнты і навучэнцы рыхтуюць Слуцак да “Дажынак”, ім аплачаны таксама фронт працы ў прапагандаваных аграгарадках.

Валянтэрскі рух дзяржава нібыта ігнаруе. У Лізе добраахвотнай працы моладзі гавораць, што сёлета ў Беларусі паменела колькасьць валянтэрскіх атрадаў для работы як унутры краіны, так і за яе межамі. Там нагадваюць пра загад прэзыдэнта аб дадатковых захадах для абмежаваньня гандлю людзьмі, у выніку дзеяньня якога скараціўся выезд студэнтаў. “Сьпісы валянтэраў зь Беларусі сёлета вельмі кароткія”, – кажа супрацоўніца Лігі Вольга Кастраміна.

(Кастраміна: ) “У нас быў запыт у МУС, як дзейнічаць у сувязі з дэкрэтам прэзыдэнта. Ну, некалькі чалавек выехалі ў Галяндыю, напэўна, нехта яшчэ ў Гішпаніі, у Канаду два чалавекі паехалі”.

Пра тое, у якіх сфэрах грамадзкага жыцьця канцэнтруецца цяпер валянтэрскі рух студэнтаў, я гутарыў з Вольгай Кузьміч. Яна ўзначальвае Задзіночаньне беларускіх студэнтаў. Вольга падкрэсьлівала, што ўдзел у валянтэрскім руху характэрны перадусім для патрыятычна настроенай моладзі.

(Кузьміч: ) “Валянтэрскія рэчы ў нас ёсьць. На гэтым трымаюцца студэнцкія арганізацыі. У побытавым жыцьці такія рэчы шырока прысутнічаюць. Колькі ў інтэрнатах народ робіць!”

(Карэспандэнт: ) “А чаго не хапае, каб арганізаваць валянтэраў летам, скажам, на рэстаўрацыі гістарычных помнікаў?”

(Кузьміч: ) “Мне падаецца, што не хапае пэўнай матывацыі. Мусіць быць нармальна пастаўленая рэкляма. Таму што летам студэнт хоча ўзяць ад жыцьця ўсё. Яму цікава паехаць на вакацыі дзе-небудзь да рэчкі паляжаць. З боку грамадзкіх арганізацыяў трэба нашмат больш якасна матываваць студэнтаў. Каб іх залучыць, трэба шмат пастарацца, але й вынік будзе варты таго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG